Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Туняядзкае» алібі замежных беларусаў


Сяргей Астраўцоў

Я не аматар шукаць заўсёды падвойнае дно альбо падводных камянёў. Але штосьці, мне здаецца, ёсьць у тым дэкрэце аб дармаедах ці не агучанае, ці не ўсьвядомленае.

Словам, не асэнсаванае. Магчыма, ні самімі незадаволенымі, ні начальствам. Якое, як вядома, пораху хутчэй ня вымысьліць, у трох соснах заблукала. А прыцягнуць навукоўцаў да свайго дэкрэту толькі цяпер дадумалася.

Штосьці яўна закуліснае прысутнічае ў праблеме «дэкрэт і туняядцы».

Чаму заплацілі падатак на дармаедзтва толькі крыху больш за дзесяць адсоткаў? Усяго. Астатнія вырашылі ўпарта не плаціць, свой пратэст начальству выказаць рашучы? Гэта ў РБ, дзе, як вядома, жарты з начальствам дрэнныя і лепей заплаціць, чым абвастраць. Альбо, нагадаю іншы прыклад: лепей здаць адбіткі пальцаў, чым супраціўляцца. Хоць нязгодных, абураных было мабыць нямала.

«Дармаедзкія» лісты, як вядома, разносілі паштары па кватэрах пад подпіс. Калі не ўдалося ўручыць, пакідалі квіток: зьявіцца на пошту, на ваша імя атрыманы заказны ліст. Я пацікавіўся на пошце: мноства людзей адмаўляліся атрымліваць ліст, калі даведваліся ў чым справа. Ад іх тады патрабавалі подпіс — што адмаўляюцца. Для справаздачы. Часьцей, магчыма, у гэтым разе прыходзілі сваякі адрасата.

І вось тут мы намацалі корань пытаньня. Чаму людзі не прыходзілі па лісты з падатковай? А калі прысылалі сваякоў, то тыя нярэдка падпісвалі адмову? Фармальна начальству здаецца — гэта таму, што яны нехарошыя і ня хочуць плаціць. Ясна, што ня хочуць. А чаму лісты не забіралі? Начальства не здагадваецца? А вы думаеце, гэта харашо — прымушаць чалавека зь Лёндану забіраць ліст з падатковай у Горадні? Пад страхам кары. Толькі таму, што яму, начальству, раптам уздумалася?

Яно, як можна меркаваць, верагодна адстала ад жыцьця, існуе ў сваім сьвеце. Прыкладам, яно нам кажа, што прагне прымусіць працаваць 350-400 тысяч чалавек, якія «ня хочуць нічым займацца». А адкуль такая інфармацыя? Дайце спасылку на крыніцу. Няма крыніцы? Дык навошта тады гаварыць?

Тысячы з гэтых людзей, якія згодна начальству «ня хочуць нічым займацца», вучацца і працуюць у суседняй Польшчы ды ў іншых месцах. Нярэдка ў прэстыжных унівэрсытэтах, у прэстыжных установах, у някепскіх фірмах. Гэта называецца «ня хочуць нічым займацца»?

Канечне, мне невядомыя гэтыя тысячы, я проста раблю «выбарку». Я ведаю некалькі чалавек, хто даўно жыве і працуе ў Варшаве і не зьбіраецца назад. Усе яны для начальства «туняядцы», усе атрымалі лісты з падатковай. Хто проста праігнараваў, хто дазвоньваўся да інспэктара, які выпісаў ліст, дамаўляўся, што той возьме зьвесткі зь мяжы, якія змогуць пацьвердзіць «алібі» чалавека. Што ён не жыве ў Беларусі!

Разумееце, не падатковая ад пачатку брала зьвесткі сама, а чалавек быў пастаўлены ў прыніжанае становішча, вымушаны быў шукаць інспэктара, тлумачыць, прасіць. Хаця ён не жыве больш у «савецкай Беларусі», ён жыхар Эўразьвязу, знаходзіцца зусім у іншым сьвеце.

А чаму гэтыя тысячы, хто стаў замежнікам, аднак атрымалі лісты і «сапсавалі» статыстыку начальству? Сакрэт просты: яны маюць беларускі пашпарт, не адмовіліся ад яго, хаця нямала такіх, хто мае ўжо замежнае грамадзянства. Дык можа трэба цаніць, што яны патрыёты, што яны езьдзяць дахаты, да бацькоў, не разрываюць сувязі з радзімай? Ясна, што прысутнічае і іншы чыньнік: чалавек тады прыяжджае без фармальнасьцяў, не зьвяртаецца па візу. Беларусу ў Беларусь па візе? Гэта было б ужо занадта.

Але што з гэтага можа вынікаць? Што калі так будзе працягвацца, гэта можа раздражняць, злаваць і людзі пачнуць адмаўляцца ад беларускага пашпарта. Чым гэта абернецца? Лічба насельніцтва можа зьмяніцца. Стане больш адпаведнай. Нас стане менш, таму што беларусы, якія зьехалі жыць за мяжу, больш ня будуць у сьпісах. Ну й каму ад гэтага лепей стане? Ці задумвалася начальства над такімі рэчамі? Сумняваюся. Яму ўсё здаецца, што хтосьці дзесьці ў нас «чэсна жыць ня можа» і «нічым не займаецца».

У начальства ўсё як у «ГПУ» было: улік і кантроль. Але грошы, яны зарабляюцца інакш. Зрабілі «бязьвіз» і Горадню наведалі чатырнаццаць тысяч замежнікаў. Былі выходныя нядаўна, што амаль тры тысячы адразу. Вось дзе грошыкі закапаныя. І ня трэба марна турбаваць кабету, зь якой нядаўна ехаў у цягніку «Горадня-Кракаў». Яна жыве ў Польшчы каля дваццаці год, мае польскае грамадзянства, добрую працу. А начальства ёй шле ліст як «туняядцу». І яна вымушаная была апраўдвацца. Ну дык ці не абсурд гэта, дарагія таварышы?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG