Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Далёка не сыходзь», — Лукашэнка аддзячыў сэрбскаму прэзыдэнту Нікалічу ордэнам


Аляксандар Лукашэнка

Томіслаў Нікаліч, прэзыдэнт Сэрбіі, 18 траўня падчас афіцыйнага візыту ў Беларусь сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і атрымаў зь ягоных рук ордэн Дружбы народаў.

«Томіслаў Нікаліч яшчэ да свайго выбраньня прэзыдэнтам ня проста прыяжджаў у Беларусь, а адкрыта, шчыра і прынцыпова падтрымліваў, займаў жорсткую пазыцыю ў абароне інтарэсаў беларускага народу, — сказаў Аляксандар Лукашэнка. — Гэта галоўнае. Таму што з прэзыдэнтамі мы абавязаныя супрацоўнічаць. Падабаемся мы адзін аднаму, не падабаемся — мы мусім успрымаць рэаліі. А проста як чалавек — да абраньня — Томіслаў Нікаліч быў асаблівым у стаўленьні да нашай краіны».

Нікаліч ня раз публічна падтрымліваў кіраўніка Беларусі. Падчас апошняга візыту ў 2015 годзе ён рэзка крытыкаваў палітыку санкцый у дачыненьні беларускіх уладаў.

Гэта адзін з апошніх афіцыйных візытаў Томіслава Нікаліча ў якасьці прэзыдэнта краіны. Тэрмін выкананьня ягоных абавязкаў заканчваецца 31 траўня 2017-га. У выніку выбараў у красавіку 2017 году прэзыдэнтам Сэрбіі выбраны Аляксандар Вучыч, які раней быў прэм’ер-міністрам краіны.

Сымпатыя Аляксандра Лукашэнкі да Сэрбіі вядомая даўно. Ён двойчы наведваў гэтую краіну яшчэ на пачатку свайго кіраваньня ў 1998 і 1999 гадах. Ён неаднаразова выказваў падтрымку тагачаснаму кіраўніку краіны Слабадану Мілошавічу і прапаноўваў яму ракетныя комплексы С-300. Мілошавіч ад такой прапановы адмовіўся сам. Пасьля сьмерці Мілошавіча, які знаходзіўся пад Міжнародным трыбуналам за ваенныя злачынствы, генацыд і злачынствы супраць чалавечнасьці, Аляксандр Лукашэнка назваў яго выдатным дзеячом.

З канца 90-х у стасунках паміж Сэрбіяй і Беларусьсю наступіла зацішша, якое перарвалася з прыходам да ўлады Томіслава Нікаліча.

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА паведамляе, што пасьля падпісаньня міжурадавага пагадненьня пра свабодны гандаль паміж Беларусьсю і Сэрбіяй у 2009 годзе гандлёвы абарот вырас амаль у 5 разоў. Цяпер ён складае больш за 250 мільёнаў даляраў.

У студзені 2017-га стала вядома, што Беларусь перадасьць Сэрбіі два дывізіёны (12 самаходных установак) зэнітна-ракетных комплексаў «Бук» і два зьвяны (восем самалётаў) шматмэтавых зьнішчальнікаў чацьвёртага пакаленьня МіГ-29 з умовай, што Бялград аплаціць іх рамонт і мадэрнізацыю. Як паведаміў у ноч зь пятніцы на суботу міністар абароны Сэрбіі Зоран Джорджавіч, вярнуўшыся з паездкі ў Менск, пастаўка тэхнікі адбудзецца ў 2018 годзе.

Актывізаваліся і ўзаемныя візіты. Аляксандр Лукашэнка наведаў Сэрбію ў 2014 годзе. А Нікаліч афіцыйна быў у Беларусі ў 2013-м і 2015-м.

Падчас цяперашняга візыту Аляксандра Лукашэнка папрасіў Томіслава Нікаліча «далёка не сыходзіць» і стаць «паслом добрай волі сэрбскага і беларускага народаў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG