Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Human Rights Watch крыткуе Парашэнку за забарону расейскіх сайтаў


Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch лічыць, што прэзыдэнту Ўкраіны Пятру Парашэнку варта адмяніць забарону, якая ўплывае на працу такіх інтэрнэт-плятформаў, як «ВКонтакте», «Одноклассники», РБК і «Яндекс», а таксама прыняць захады ў абароне свабоды слова і інфармацыі ва Ўкраіне.

«За адзін ход Пятро Парашэнка нанёс страшны ўдар па свабодзе слова ва Ўкраіне. Гэта недаравальнае парушэньне права ўкраінцаў на атрыманьне інфармацыі на іх выбар, Эўразьвяз ды іншыя міжнародныя партнэры Ўкраіны павінны неадкладна заклікаць Украіну адмяніць яго», — заявіла дасьледчыца Human Rights Watch украінскіх пытаньняў Таня Купэр.

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу, што сацыяльныя сеткі «ВКонтакте» і «Одноклассники» належаць Mail.Ru Group, частку акцый якой кантралюе цесна зьвязаны з Крамлём алігарх Алішэр Усманаў. Таксама Human Rights Watch адзначае, што паводле стану на красавік 78% усіх інтэрнэт-карыстальнікаў ва Ўкраіне, або каля 20 мільёнаў, мелі рахунак на «ВКонтакте» (гэтая статыстыка не вылучае актыўных карыстальнікаў і тых, хто ніколі ці амаль ніколі не выкарыстоўвае гэтую сацыяльную сетку. — Рэд.).

У адрозьненьне ад праваабаронцаў, у NАТО пагадзіліся з пазыцыяй Кіева, што рашэньне блякаваць ва Ўкраіне расейскія інтэрнэт-рэсурсы зьяўляецца пытаньнем бясьпекі, а не свабоды слова.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўказам ад 15 мая увёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны пра абноўленыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі, якія тычацца амаль 500 кампаній і 1228 фізычных асобаў. Пад санкцыі, у прыватнасьці, трапілі расейскія сацыяльныя сеткі «ВКонтакте» і «Одноклассники», а таксама сэрвісы «Яндекса» і Mail.Ru Group.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG