Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Горадні каўбасных вітрын усё менш. Сёлета ліквідуюцца ў крамах папросту на вачах.

Масква некалі называлася вітрынай сацыялізму менавіта таму, што ў крамах можна было набыць каўбасу. Уся навакольная Расея езьдзіла па каўбасу ў сталіцу. І беларусы наведваліся. Менск быў вітрынай сацыялізму таксама. Зь перабоямі, канечне, але быў. Дзякуючы каўбасным вітрынам. Напрыклад, з вакзалу выходзіш, і адразу за левай вежай з гадзіньнікам існаваў невялікі гастраном. Там часта «выкідалі» так званую хлебную каўбасу. Спэцгатунак, зьлеплены ў выглядзе хлебнай цаглінкі. Смачная была!

У шкляным унівэрмагу гарадзенскім вельмі бойкім месцам была прадуктовая крама. Чатыры каўбасныя вітрыны! Памяшканьне здалі ў арэнду, краму зьменшылі, перасунулі, пацярпелі каўбасныя вітрыны. Пазьней перавялі ў падвальнае памяшканьне. Вітрына з каўбаснымі вырабамі засталася адна. Сёньня краму ліквідуюць, будзе новы гаспадар. Прадукты прадаюць з 25-адсоткавай зьніжкай, сумныя прадаўцы кажуць, што ўсіх звальняюць.

Побач — напачатку вуліцы Ажэшкі быў знакаміты гарадзенскі каўбасны падвальчык. Увесь горад некалі марыў туды трапіць, дастаяцца ў чарзе і атаварыцца. Хвост чаргі мог тырчаць на вуліцы. Мінулі слаўныя часы. Каўбасных вітрын стала менш, пакуль крама не збанкрутавала зусім. Паявіўся новы гаспадар. Цяпер некалькі палак каўбасы ў шафе з малаком ляжаць. Вітрыны няма.

За рогам была страшэнна папулярная крамка аднаго раённага мясакамбінату. Дзьве вітрыны з каўбасамі, вяндлінамі, сардэлькамі, адна зь мясам. Уявіце, што навокал мноства ўстаноў, сотні клеркаў, пераважна жанчын. Увесь час было жвава ўнутры. Краму зачынілі. Спачатку пуставала, цяпер там кветкі прадаюцца. Кветкі замест каўбасы! Ніколі такога не было раней.

Два вялікія гастраномы савецкіх часоў мянялі гаспадароў, адзін час называліся «Родная сторона». Усё: зьніклі нядаўна каўбасныя вітрыны. У адной было чатыры, у другой пару. Не бяруць мясныя вырабы. Паклалі па некалькі палак побач з малаком. І ня дзіва. Часам зойдзеш: нікога. Дзе пакупнікі? Прадаўшчыца мэлянхалічна адказвае: у людзей грошы скончыліся. Другая апантана пералічвае пачкі масла. Спраўджвае ў сшытку. Ды чаго так шчыруе, зьдзіўляецца тая, што на касе. Дзе гэтае масла можа быць? Скралі яго.

Нарэшце ў невялікім гастраноме блізка ад мяне замест дзьвюх стандартных вітрынаў з каўбасамі-шынкамі пасьля перастаноўкі пакінулі адну невялікую. Няма попыту.

Сьмех ці жарты, але адной з галоўных прычын таго, што электарат масава галасаваў за Лукашэнку ў 1994-м была боязь застацца без каўбасы. І ён надзеі апраўдаў. Заваліў рэспубліку каўбасой.

Не хацелі свабоды, не хацелі дэмакратыі, хацелі каўбасы. Што цяпер? Калі галоўная мэта жыцьця разьвеялася як дым? Куды ісьці? Калі ў галаве адна каўбаса, і тая страціла смак? Хто вінаваты і што рабіць? Як жыць бяз мэты?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG