Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы скандал вакол Белага дома. Трамп мог выдаць Лаўрову засакрэчаную інфармацыю


Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, амбасадар Расеі ў ЗША Сяргей Кісьляк.
Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, амбасадар Расеі ў ЗША Сяргей Кісьляк.

Амэрыканская прэса паведамляе, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выдаў сакрэтную інфармацыю на сустрэчы зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым на мінулым тыдні, і гэта патэнцыяльна ставіць пад пагрозу крыніцу выведвальнай інфармацыі аб групоўцы «ісламская дзяржава».

Белы дом абверг абвінавачваньні, апублікаваныя газетай Washington Post, агенцтвам Reuters і іншымі СМІ ўвечары 15 траўня, а дарадца Трампа ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі генэрал Гербэрт Макмастэр назваў гэтыя паведамленьні ілжывымі. Аднак кангрэсмэны — дэмакраты і некаторыя рэспубліканцы — лічаць магчымае разгалашэньне сакрэтнай інфармацыі «небясьпечным» і «неразумным».

Прэса, спасылаючыся на неназваныя крыніцы, сьцьвярджае, што інфармацыя, разгалошаная Трампам міністру замежных справаў Расеі Сяргею Лаўрову і амбасадару Расеі ў ЗША Сяргею Кісьляку на сустрэчы 10 траўня, была пададзеная адной з краінаў-саюзьніц ЗША па сакрэтнай дамове аб абмене выведвальнай інфармацыяй. Сьцьвярджаецца, што гэтая краіна не давала Вашынгтону дазволу дзяліцца зьвесткамі выведкі з Масквой, і калі Трамп вырашыў перадаць іх, то гэта ставіць пад пагрозу супрацоўніцтва з саюзьнікам, які мае доступ ва ўнутранае кола групоўкі «ісламская дзяржава».

Дарадца Трампа Гербэрт Макмастер адхіліў абвінавачаньні ў адрас прэзыдэнта
Дарадца Трампа Гербэрт Макмастер адхіліў абвінавачаньні ў адрас прэзыдэнта

У час сустрэчы з Лаўровым і Кісьляком ў Авальным кабінэце Трамп, як сьцьвярджаецца ў публікацыях, пачаў апісваць дэталі пагрозы з боку «ісламскай дзяржавы», зьвязанай з выкарыстаньнем ноўтбукаў у самалётах. Трамп на сустрэчы, як гэта апісваюць крыніцы СМІ, распавядаў пра тое, як яго інфармуюць пра небясьпекі, сказаўшы, што атрымлівае «цудоўныя выведвальныя дадзеныя кожны дзень».

Абмеркаваньне засакрэчанай урадам інфармацыі з замежнымі прадстаўнікамі незаконна, але прэзыдэнт валодае правам рассакрэціць яе. Гэта азначае, што Трамп наўрад ці парушыў закон, піша Washington Post.

Пасьля зьяўленьня публікацый на гэтую тэму дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан і генэрал Гербэрт Макмастер выступілі з заявамі, адмаўляючы, што адбылося нешта недазволенае. «Прэзыдэнт і міністар замежных справаў абмяркоўвалі агульныя пагрозы з боку тэрарыстычных арганізацый, уключаючы пагрозы авіязносінам, — сказаў Макмастер, які браў удзел у сустрэчы. — Ні ў які момант не абмяркоўваліся крыніцы выведвальных дадзеных або мэтады іх збору, не выдаваліся зьвесткі аб вайсковых апэрацыях, якія ўжо ня былі раней разгалошаныя».

«На сустрэчы прэзыдэнта Трампа зь міністрам замежных справаў Лаўровым абмяркоўвалася шырокае кола пытаньняў, сярод якіх — сумесныя намаганьні, якія тычацца барацьбы з тэрарызмам. У ходзе гутаркі закраналіся канкрэтныя пагрозы, але не абмяркоўваліся крыніцы, мэтады і вайсковыя апэрацыі», — заявіў Рэкс Тылерсан.

Ні МакМастэр, ні Тылерсан не закранулі наўпрост абвінавачаньня ў разгалашэньні сакрэтнай інфармацыі.

Сэнатар Марк Ўорэн, вядучы дэмакрат ў сэнацкім камітэце па выведцы, заявіў, што калі зьвесткі прэсы — праўда, то гэта будзе аплявухай амэрыканскай выведвальнай супольнасьці: «Рызыкаваць крыніцамі і мэтадамі — гэта ня мае апраўданьня, асабліва пры зносінах з расейцамі», — напісаў ён у твітэры.

Рычард Дэрбін занепакоены інфармацыяй пра гаварлівасьць прэзыдэнта Трампа
Рычард Дэрбін занепакоены інфармацыяй пра гаварлівасьць прэзыдэнта Трампа

Адзін зь вядучых дэмакратаў у Сэнаце Рычард Дэрбін назваў тое, што адбылося, «небясьпечным і неразумным».

Старшыня сэнацкага камітэта па міжнародных адносінах Боб Крокер, рэспубліканец, назваў паведамленьні прэсы зьвесткамі, якія выклікаюць трывогу, і сказаў журналістам, што Белы дом «павінен тэрмінова зрабіць нешта, каб навесьці ў сябе парадак». На яго думку, «каманда, якая адказвае за нацыянальную бясьпеку, вельмі добрая, але недахоп дысцыпліны прыводзіць да хаосу… і гэта стварае трывожную абстаноўку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG