Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы заклікаюць улады Расеі адмяніць прысуд «лаўцу пакемонаў» Сакалоўскаму


Відэаблогер Руслан Сакалоўскі

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch заклікала расейскія ўлады адмяніць абвінаваўчы прысуд відэаблогеру зь Екацярынбургу Руслану Сакалоўскаму, які быў асуджаны на 3,5 года ўмоўна за «лоўлю пакемонаў» у праваслаўным храме. Праваабаронцы адзначаюць, што ролікі Сакалоўскага маглі абразіць асобных грамадзян Расеі, але дзеяньні чалавека не ўяўляюць грамадзкай небясьпекі, а таму яго крымінальны перасьлед — «гэта неабгрунтаванае абмежаваньне права на свабоду слова».

У Human Rights Watch дадалі, што ў апошнія гады сярод фігурантаў спраў аб «экстрэмісцкай дзейнасьці» ў Расеі ўсё часьцей аказваюцца блогеры, журналісты, апазыцыйныя актывісты, барацьбіты за правы этнічных меншасьцяў, а таксама тыя, хто крытыкуе Рускую праваслаўную царкву. Гэта і, у прыватнасьці, прысуд Сакалоўскаму зьяўляецца «наглядным прыкладам таго, як расейскія ўлады выкарыстоўваюць размытыя нормы антыэкстрэмісцкага заканадаўства для задушэньня свабоды слова і культывацыі самацэнзуры», сьцьвярджаюць праваабаронцы.

Руслан Сакалоўскі быў затрыманы ў верасьні 2016 году. Гэтага чалавека абвінавацілі ў абразе пачуцьцяў вернікаў за тое, што ён гуляў у мабільную гульню Pokemon Go у праваслаўным храме. На мінулым тыдні суд у Екацярынбургу прысудзіў відэаблогеру тры з паловай гады ўмоўнага пазбаўленьня волі і абавязковыя работы. Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» раней прызнаў Руслана Сакалоўскага палітычным зьняволеным.

XS
SM
MD
LG