Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыдумай праект для сучаснага Скарыны і паедзь у Прагу


Belarus - Francisak Skaryna monument in Prague

Асьветніцкая суполка беларусаў Чэхіі абвясьціла конкурс «Скарына, мой герой». Пра яго ўмовы нам расказала старшыня суполкі Алена Ціхановіч.

— Калі браць за адлік меркаваную дату нараджэньня Скарыны 1490 год, то ў часе, калі ён выдаў сваю першую Біблію ў Празе, яму магло быць усяго 27! Таму мы вырашылі абвясьціць конкурс для тых, каму да 27 гадоў і хто жыве ў сучаснай Беларусі, цікавіцца яе гісторыяй і шукае натхненьне для службы Айчыне.

— Чаго вы чакаеце ад патэнцыйных удзельнікаў?

— Па-першае, што яны захочуць пацікавіцца, як выглядалі кнігі Скарыны, як гучала тады беларуская мова, якія прыгоды чакалі гэтага неверагоднага чалавека ў сярэднявечнай Эўропе — ад паходу ў сьвет па веды, службы каралям да турэмнага зьняволеньня. Пра гэтага чалавека вядома шмат, але і шмат застаецца загадак, уключна з тымі — дзе ж ён пахаваны, што магло стаць зь яго дзецьмі. Або - ці па каханьні ён жаніўся, зь кім з вядомых сучасьнікаў мог сустракацца, ці ведаў раней за Каперніка, што зямля круглая? Мы прапануем два варыянты, як увасобіць сваё пазнаньне гэтага героя — або ўзяць Скарыну ў сёньня, прыдумаць праект для цяперашняй Беларусі, які мог бы быць роўны выданьню Бібліі. Або вярнуцца гадоў на 500 назад, да Скарыны, і расказаць сучасьнікам пра адзін з эпізодаў яго прыгодніцкага жыцьця.

— Значыць гэта павінна быць свайго роду эсэ, апавяданьне?

— Можа быць эсэ да 5000 знакоў, але ня толькі. Мы вітаем і мультымэдыйныя формы — напрыклад відэа да 3 хвілін.
Аўтар найбольш арыгінальнага эсэ або відэа атрымае ўзнагароду — пяцідзённую паездку ў Прагу.

— Як будзе адзначацца ў Празе 500-годзьдзе выданьня першай беларускай Бібліі?

— Акрамя таго, што плянуюцца навуковая канфэрэцыя і выстава ў чэскай Нацыянальнай бібліятэцы, будуць і іншыя падзеі. Беларусы Чэхіі хацелі б адзначыць 6 жніўня такім хэпэнінгам — тэатралізаваным паходам па скарынаўскіх мясьцінах, з кнігамі, з наведваньнем яго помніка і заходам у карчму, якая існуе ад часоў Скарыны. Беларускі гід у Празе Галіна Навумчык распрацавала і тэматычную турыстычную экскурсію. Калі ўсё складзецца добра, то пераможца конкурсу зможа наведаць Прагу менавіта ў пачатку жніўня і паўдзельнічаць у гэтых падзеях.

— Куды трэба пасылаць творы?

— Конкурсныя творы прымаем на электронную пошту skaryna@email.cz. Апошні дзень — 15 чэрвеня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG