Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забытыя героі. У менскім музэі пройдзе вечарына памяці вэтэранаў Арміі Андэрса


Ілюстрацыйнае фота. Старонка з кнігі «Адысэя палешука»
Ілюстрацыйнае фота. Старонка з кнігі «Адысэя палешука»

17 траўня адбудзецца вечарына памяці жаўнераў Другога польскага корпусу (Арміі Андэрса) зь Беларусі, якія ўдзельнічалі ў вызваленьні Італіі ад нацыстаў.

Мерапрыемства арганізавана сумесна амбасадай Польшчы ў Менску, Дзяржаўным музэем гісторыі Вялікай айчыннай вайны і гісторыкам Ігарам Мельнікавым. Падчас імпрэзы адбудзецца прэзэнтацыя кніг «Забытыя героі» і «Адысэя палешука».

Як удакладняе аўтар дасьледаваньняў Ігар Мельнікаў, першая зь іх расказвае пра лёсы беларускіх андэрсаўцаў, а таксама жаўнераў Першай польскай незалежнай паветрана-дэсантнай брыгады, якія ўвосень 1944 году вызвалялі Галяндыю ад нацыстаў.

Другая — гэта аўтабіяграфічныя ўспаміны беларуса, жаўнера 3-й карпацкай стралковай дывізіі Паўла Нічыпарука, які быў сасланы бальшавікамі ў ГУЛАГ, а потым у Арміі генэрала Андэрса змагаўся супраць нацыстаў пад Монтэ-Касына, ля Балоньні і Анконы. Пра ўнікальны лёс гэтага чалавека Свабода нядаўна пісала.

Ігар Мельнікаў
Ігар Мельнікаў

«На долю майго героя выпалі жорсткія выпрабаваньні, — кажа Ігар Мельнікаў. — Ён гэта апісвае ў сваіх успамінах: ня самае простае жыцьцё ў 1930-я гады, потым ГУЛАГ, вайна. Але самая галоўная нагода, зь якой мы яшчэ неаднаразова сустрэнемся, — гэта Армія Андэрса. Так, ёсьць 9 Траўня, вялікае сьвята для ўсіх, якое мы будзем адзначаць. Тым ня менш у гэты дзень варта прыгадваць ня выбарных, а ўсіх жаўнераў свабоды, якія падчас Другой усясьветнай вайны змагаліся з нацызмам. Уласна кажучы, менавіта дзеля гэтага такія дасьледаваньні і робяцца, і менавіта пад гэтую дату я рыхтаваў апошнюю кніжку. Хоць, праўда, было зразумела, што 9 Траўня ня будзе ніякіх прэзэнтацый, але яны ў тым ці іншым выглядзе ўсё роўна адбудуцца».

У рамках вечарыны памяці таксама будзе паказаны дакумэнтальны фільм «Доўгі шлях дадому» вытворчасьці «Майстэрні Ўладзімера Бокуна». Стужка расказвае пра лёс беларускага андэрсаўца Якуба Конана.

Летась у музэі гісторыі Вялікай айчыннай вайны ўжо прыходзіла выстава, прысьвечаная гісторыі службы беларусаў у Другім польскім корпусе. І вось чарговая выдатная магчымасьць згадаць гэтых жаўнераў свабоды.

Сярод іншага наведнікі пабачаць аўтэнтычную ўніформу і рыштунак байцоў 5-й крэсавай пяхотнай дывізіі, жаўнеры якой вызначыліся асаблівым гераізмам падчас бітвы пад Монтэ-Касына. Акрамя гэтага, будуць прадэманстраваныя артэфакты, зьвязаныя са службай беларусаў у Арміі Андэрса. Нарэшце, кожны ахвотны зможа папоўніць сваю хатнюю бібліятэку кнігамі «Забытыя героі» і «Адысэя палешука».

Вечарына памяці пачнецца 17 траўня а 17.30 у кіназалі Дзяржаўнага музэя гісторыі Вялікай айчыннай вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG