Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве партрэт Сталіна павесілі на станцыі мэтро «Сакольнікі»


Партрэты савецкага дыктатара Ёсіфа Сталіна, а таксама ягонага паплечніка Лазара Кагановіча былі прымацаваныя на станцыі маскоўскага мэтро падчас урачыстасьцяў з нагоды 82-й гадавіны адкрыцьця падземнай транспартнай сеткі расейскай сталіцы.

Партрэт вісеў ля ўваходу на станцыі мэтро «Сакольнікі» на паўночным усходзе Масквы 14 траўня ў рамках гістарычнай экспазыцыі аб адкрыцьці Маскоўскага мэтрапалітэну 15 траўня 1935 году. Далей у вэстыбюлі пасажыраў сустракае сьцяг з усхваленьнем «вялікага, дарагога Сталіна» як «ініцыятара і натхняльніка будаўніцтва мэтрапалітэну».

Такое рашэньне выклікала крытыку шматлікіх расейскіх карыстальнікаў сацыяльных мэдыя, якія лічаць гэты крок часткай кампаніі апраўданьня крывавага дыктатара. Вядомы гумарыст і крытык рэжыму Пуціна Віктар Шэндэровіч у адказ прапанаваў у будучыні адзначыць партрэтам савецкага сэрыйнага забойцу Андрэя Чыкацілу. «Ён быў сэрыйным забойцам, вы кажаце? Ну так, вядома, але гэта дробязі. Прынамсі на фоне Сталіна», — напісаў Шэндэровіч ў Facebook.

Сталін застаецца для шмат каго з расейцаў узорам дзяржаўнага кіраўніка. Прыхільнікі паказваюць, што пад ягоным кіраўніцтвам СССР перамог нацысцкую Нямеччыну ў Другой усясьветнай вайне, была праведзена індустрыялізацыя Савецкага Саюзу.

Крытыкі паказваюць на рэпрэсіі, ахвярамі якіх сталі мільёны савецкіх грамадзянаў. Яны таксама сьцьвярджаюць, што перамога над нацыстамі было атрыманая, нягледзячы на сур’ёзныя памылкі з боку Сталіна.

Новыя помнікі Сталіну зьявіліся ў гарадах Расеі за апошнія гады, крытыкі гэтага трэнду абвінавачваюць уладу Пуціна ў рэабілітацыі вобразу дыктатара.

Дасьледаваньні, праведзеныя незалежным «Левада-Цэнтрам» у студзені 2017 году, паказалі, што амаль 50% расейцаў успрымаюць Сталіна станоўча (гэта самы высокі паказьнік за апошнія 16 гадоў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG