Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачакаліся гарадзенцы: на вуліцу вярнулася прозьвішча амэрыканскага прэзыдэнта! Толькі вярнулася нейк цішком, напалову, быццам баіцца начальства, што абвінавацяць у «амэрыкафільстве». На вуліцы Тэльмана прыбілі шыльду: «Гістарычныя назвы вуліцы. Іванаўская (ХІХ-ХХ стст.), Гувэра (ХХ ст.)». Усё.

Ульянаўская, Іванаўская, Дзям’янаўская, Пятроўская… Можна сказаць, назва безназоўная. Якога Івана, якога Пятра? Невядома. Ніякага. Чаго ня скажаш пра канкрэтнага чалавека. Пра Гербэрта Гувэра. Ён быў прэзыдэнтам самай магутнай краіны — Злучаных Штатаў Амэрыкі. Аднак калі чалавеку адукаванаму гэтае прозьвішча вядомае так ці інакш, то большасьці слова «Гувэра» на шыльдзе незразумелае, нічога не гаворыць. Гэта азначае павесіць шыльду, каб не праясьніць пытаньне, а толькі зацямніць. Вельмі ў стылі нашага часу. Я б нават сказаў, у стылі Рэспублікі Беларусь.

Вуліца Тэльмана, былая Гувэра, у Горадні
Вуліца Тэльмана, былая Гувэра, у Горадні

Можа прычына ў тым, што на вуліцы Тэльмана ўсё КДБ, два будынкі? Таму амэрыканскі прэзыдэнт нібы пэрсона нон грата? Магчыма. Аднак кароткая вуліца Тэльмана, мэтраў сто пяцьдзясят, тым ня менш, унікальная для Горадні і Беларусі наогул. Пачынаецца яна з вуліцы Савецкай і ўпіраецца ў былы гатэль «Раяль», дзе начаваў у 1919 годзе маёр Дуайт Эйзэнхаўэр, будучы прэзыдэнт ЗША. Так што гэтая Тэльмана (які тут ніколі не начаваў) насамрэч вуліца двух амэрыканскіх прэзыдэнтаў. Фантастыка! Унікальны выпадак. Начальства, выкарыстоўвай! Зрабі шыльду мэмарыяльную, замацуй зорна-паласаты сьцяжок. Дзейнічай!

Насамрэч, напісалі і спалохаліся. Пісалі і баяліся. А раптам? Што раптам? Раптам у ФСБ даведаюцца, раптам старшы брат паківае строга пальцам? Вы там што, беляны аб’еліся? Я з Амэрыкай у рожкі, а вы Гувэраў праслаўляеце?

Чытач неабазнаны запытаецца: а пры чым тут наогул той Гувэр? Адкажу. Ён узначальваў ARA — дабрачынную арганізацыю, якая пасьля заканчэньня Першай сусьветнай, а затым грамадзянскай вайны на былых расейскіх абшарах уратавала ад галоднай сьмерці мільёны людзей. У савецкай Расеі, у БССР, у Польшчы ды іншых краінах Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы.

Вокладка кнігі А. Лукашука «Прыгоды АРА ў Беларусі»
Вокладка кнігі А. Лукашука «Прыгоды АРА ў Беларусі»

Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук напісаў дакумэнтальную кнігу «Прыгоды АРА ў Беларусі». Чытаем: «У 1931 годзе ў гонар Гувэра была названая вуліца ў Горадні. Але ў 1939-м, як толькі саветы прыйшлі ў Заходнюю Беларусь, шыльду зь імем амэрыканскага прэзыдэнта зьнялі». Аўтар прыводзіць словы мясцовага гісторыка Ігара Трусава, які ў абласной газэце напачатку 1990-х пісаў: «Жывуць людзі, якіх не было б на сьвеце, калі б гэты высакародны чалавек не намагаўся накарміць і апрануць галодных людзей у незнаёмай, далёкай, разбуранай вайной краіне. Глыбока прыстойна зрабілі б гарадзенцы, каб вярнулі маленькай вуліцы імя Гербэрта Гувэра».

Прайшло з чвэрць стагодзьдзя і голас гісторыка архітэктуры Трусава быў нібы пачуты. Менавіта нібы. Бо што ўрэшце для начальства тое, што Гербэрт Гувэр карміў некалі амэрыканскай ежай жыхароў Горадні? Што не даваў пухнуць з голаду? Нішто. І што Эрнэст Тэльман нічога падобнага для нашых продкаў не зрабіў — тым больш ня важна. Важна толькі, што адзін быў камуніст, другі капіталіст. Таму пад націскам грамадзкасьці павесілі шыльду, у якой фігуруе незразумелае вулічнаму натоўпу слова «Гувэра». Нібы ўспомнілі, але не ўшанавалі, як было зроблена ў 1931 годзе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG