Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атамбаеў раіць Генпракуратуры адклікаць пазоў супраць кіргізкай службы «Свабоды»


Прэзыдэнт RFE/RL Томаc Кент і прэзыдэнт Кіргізстану Алмазбек Атамбаеў.
Прэзыдэнт RFE/RL Томаc Кент і прэзыдэнт Кіргізстану Алмазбек Атамбаеў.

Прэзыдэнт Кіргізстану Алмазбек Атамбаеў прапанаваў генпракурору адклікаць пазовы супраць радыё «Азатык» (кіргіскай службы Радыё Свабода), якое абвінавацілі ў «распаўсюдзе ілжывай інфармацыі» пра кіраўніка дзяржавы.

Адміністрацыя прэзыдэнта заявіла, што пазовы супраць журналістаў прывялі да "удасканаленьня нацыянальнай інфармацыйнай прасторы", — паведамляе інфармацыйны партал Kloop.

Прэзыдэнт растлумачыў сваю прапанову адклікаць пазовы супраць радыё «Азатык» тым, што апошнім часам яно робіць «збалянсаваныя і ўзважаныя» матэрыялы.

«Пасьля сустрэчы [з прэзыдэнтам Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Томасам Кентам —​ РС ​] у дзейнасьці радыё „Азатык“ намецілася пазытыўная тэндэнцыя, якая забясьпечыла вялікую збалянсаванасьць і ўзважанасьць матэрыялаў дадзенага СМІ», — гаворыцца ў заяве прэзыдэнта.

Адміністрацыя прэзыдэнта Кіргізстану заявіла, што шматмільённыя пазовы супраць журналістаў дапамаглі мэдыя-супольнасьці актывізавацца і пачаць дыскусіі аб якасьці іх працы.

«Усе гэтыя працэсы ўнутры мэдыя-супольнасьці, на думку прэзыдэнта Алмазбека Атамбаева, вядуць да ўдасканаленьня і аздараўленьня нацыянальнай інфармацыйнай прасторы», — лічаць у апараце кіраўніка дзяржавы.

Прапанова Атамбаева адклікаць пазоў зьявілася праз паўтара месяца пасьля таго, як у Кіргізстан прыехаў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Томас Кент і сустрэўся з прэзыдэнтам.

Але тады ніводзін з бакоў не раскрыў, да чаго прыйшлі Атамбаеў і Кент па выніках сустрэчы.

Генэральны пракурор Індзіра Джалдубаева падала два пазовы супраць «Азатык» у пачатку сакавіка 2017 году ў абарону гонару і годнасьці Атамбаева.

Радыё «Азатык» абвінавацілі ў распаўсюдзе інфармацыі, якая абражае гонар прэзыдэнта.

Артыкул, пасьля якога генпракуратура падала пазоў, утрымліваў заявы адвакатаў апазыцыянэра і галоўнага крытыка Атамбаева Амурбека Тэкебаева.

Яны сьцьвярджалі, што каштоўныя камяні, электратэхніка і грошы, якія былі ў турэцкім грузавым «Боінгу-747», які пацярпеў крушэньне блізу Бішкека, належаць сямʼі прэзыдэнта. На што пазьней Турцыя афіцыйна заявіла, што дакумэнт, пра які гаварылі адвакаты Тэкебаева — падробка.

Другі матэрыял, з прычыны якога падалі пазоў — інтэрвію з апазыцыянэрам Тэкебаевым пра бізнэс-інтарэсы Атамбаева на Кіпры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG