Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я проста еду ў цягніку-пляцкарце ў доўгім вандраваньні», — абвінавачаны па справе «Белага легіёну» гісторык Уладзімер Фёдараў


Уладзімер Фёдараў

Гісторык Уладзімер Фёдараў даслаў ліст знаёмай — Надзеі Гацак, у якім напісаў, што настрой у яго бадзёры і аптымістычны.

«Ня трэба рабіць з маёй сытуацыі трагедыі, я проста еду ў цягніку-пляцкарце ў доўгім вандраваньні :), — піша Ўладзімер Фёдараў. — Калі пісаць пра маю штодзённасьць, настроі і г.д., то ў мяне ўсё добра, наколькі можа быць. Настрой бадзёры, аптымістычны. Да рэжыму прывык, атрымліваю асалоду ад „маленькіх радасьцяў“, якіх тут хапае. Дзякуючы вельмі нядрэннаму харчаваньню і шыкоўным перадачам нават набраў трохі вагі, кіляграма 1,5–2».

«Так, воляю абставінаў, выпадковасьці (або па лёгіцы рэчаў?.. — ня важна) я апынуўся тут, дзе ёсьць цяпер. І, паверыш, ніколькі не шкадую, — піша Ўладзімер Фёдараў. — Я даведаўся, дакладней, адкрыў вочы і ўбачыў, наколькі клясныя, цудоўныя і супэрскія мае блізкія, сябры і знаёмыя :). Нягледзячы на старыя крыўды, адсутнасьць сустрэч праз досыць працяглы пэрыяд і г.д. Я вас усіх люблю і абдымаю! Ваша падтрымка сапраўды мае вялікае значэньне».

Надзея Гацак сказала карэспандэнту Свабоды, што гэта першы ліст, які яна атрымала ад Уладзімера Фёдарава.

«Мне першы, я яму пісала раней, але без адказу. На жаль, пакуль больш навінаў няма. Ён раней пісаў свайму сябру і маці».

Уладзімера Фёдарава затрымалі 29 сакавіка, цяпер ён у СІЗА КДБ, паведамляе krynica.info.

Паводле «Вясны», Уладзімер Фёдараў разам зь іншымі фігурантамі справы «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» дадаткова абвінавачваецца ў «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня».

XS
SM
MD
LG