Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы багаты дэпутат Дзярждумы Расеі ад ЛДПР патануў у Мёртвым моры


Мёртвае мора

У сераду расейскія СМІ паведамілі, што турыст з Расеі, які патануў у Мёртвым моры ў мінулую суботу, 6 траўня — 68-гадовы дэпутат Дзярждумы РФ з фракцыі ЛДПР Васіль Тарасюк.

У суботу раніцай, каля 8:00, дыспэтчары ізраільскай службы хуткай дапамогі «Маген Давід Адом» прынялі экстраны выклік з пляжу гатэлю Herods: ратавальнікі выцягнулі на бераг непрытомнага мужчыну, паведамляе сайт israelinfo.co.il.

Фэльчарка службы распавяла журналістам, што першую дапамогу патануламу пачаў аказваць пляжны выратавальнік, але да моманту прыбыцьця брыгады «Маген Давід Адом» мужчына ўжо быў у стане клінічнай сьмерці, пульсу і дыханьня не было. Рэанімацыйныя дзеяньні ня мелі плёну.

Ізраільскія СМІ паведамілі, што патанулы — «відаць, турыст з Расеі». Агенцтва РИА «Новости» са словаў МЗС пацьвердзіла гібель расейскага грамадзяніна ў Ізраілі, але імя названа не было.

Толькі ў сераду прэс-служба фракцыі ЛДПР паведаміла пра гібель дэпутата. Віцэ-сьпікер Думы ад ЛДПР Ігар Лебедзеў пацьвердзіў інфармацыю для РИА «Новости»:

«Так, гэта так, але падрабязнасьцяў мы ня ведаем. Толькі атрымалі паведамленьне ад жонкі, якая была там разам зь ім на лячэньні, што, на жаль, Васіль Міхайлавіч загінуў. Цяпер, відаць, ідзе працэс яго дастаўкі ў Расею», — цытуе інфармацыйнае агенцтва словы Лебедзева.

«Тарасюк вядомы тым, што стаў самым заможным дэпутатам ЛДПР па выніках 2016 году. Згодна з апублікаванай дэклярацыяй, яго даход летась склаў 77,7 мільёна рублёў», — адзначае «Российская газета». Былы топ-мэнэджэр аднаго з даччыных прадпрыемстваў «Лукойлу» і экс-генэральны дырэктар Афіпскага нафтаперапрацоўчага заводу, Тарасюк з 2003 году абіраўся ў Дзярждуму па сьпісе ЛДПР.

XS
SM
MD
LG