Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўкі на «Эўравізію»: Беларусь мае выйсьці ў фінал, але шанцаў на перамогу мала


Naviband

Увечары 11 траўня ў Кіеве пройдзе другі паўфінал сьпеўнага конкурсу «Эўравізія». Беларусь на ім прадставіць гурт Naviband зь песьняй «Гісторыя майго жыцьця» — першай песьняй па-беларуску ў гісторыі конкурсу.

З паўфіналу ў фінал, што пройдзе 13 траўня, пройдуць 10 канкурсантаў з 18 удзельнікаў другога паўфіналу. У ліку пераможцаў першага паўфіналу, які прайшоў 9 траўня, — Армэнія, Аўстралія, Азэрбайджан, Бэльгія, Кіпр, Грэцыя, Малдова, Польшча, Партугалія, Швэцыя. Без удзелу ў паўфіналах у фінал праходзіць «вялікая пяцёрка» заснавальнікаў конкурсу — Францыя, Нямеччына, Італія, Гішпанія і Вялікая Брытанія, а таксама леташняя пераможца — Украіна.

Паводле агрэгатараў ставак, у посьпех Беларусі ў паўфінале вераць: каэфіцыенты па стаўках на тое, што прадстаўнікі Беларусі выйдуць у фінал, вагаюцца ад 1,44 да 1,68 (меней — лепей, 1 — несумнеўна), гэта 10-я пазыцыя з 18 паўфіналістаў. Беларусь апярэджваюць Баўгарыя (найменшыя каэфіцыенты — каля 1,01), Румынія, Нідэрлянды, Эстонія, Данія, Ізраіль, Вугоршчына, Аўстрыя і Нарвэгія (у апошняй каэфіцыенты ад 1,4 да 1,67). У аўтсайдэрах Мальта, Літва і Сан-Марына. Сьледам за Беларусьсю ў букмэкераў Сэрбія (каэфіцыенты ад 1,72 да 1,92).

Стаўкі на першы паўфінал амаль супалі зь яго вынікамі. У топ-10 букмэкераў, што праўда, была Фінляндыя, якая не прайшла ў фінал, але рэдка трапляла Польшча, якая ў фінал прайшла.

Тым часам у стаўках на перамогу ў фінале «Эўравізіі» Беларусь толькі на 29-м месцы, шанцы на перамогу ацэньваюцца ад 100:1 да 1000:1. Найбольш ставяць на перамогу Італіі, сьледам — Партугалія, Баўгарыя і Бэльгія.

Прадстаўнікі Беларусі выступаюць на «Эўравізіі» 14-ы раз з 2004 году, толькі 4 разы выходзілі ў фінал. Найлепшы вынік — 6-е месца ў фінале ў 2007 годзе, калі Беларусь прадстаўляў Дзьмітры Калдун зь песьняй «Work Your Magic». Да сёлетняга конкурсу ўсе песьні прадстаўнікоў Беларусі былі на ангельскай мове.

Найбольш балаў за прадстаўнікоў Беларусі ў галасаваньні давалі Ўкраіна, Расея (не бярэ ўдзелу у сёлетнім конкурсе), Малдова, Грузія і Літва. Беларусы жа аддавалі перавагу ў галасаваньні прадстаўнікам Украіны, Расеі, Малдовы, Грузіі і Армэніі.

XS
SM
MD
LG