Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гурт Naviband: «Мы настроеныя на найлепшы вынік на «Эўравізіі-2017» ФОТА


Сёньня ў Кіеве ў межах падрыхтоўкі да сьпеўнага конкурсу "Эўравізія-2017«адбылася апошняя аўтограф-сэсія яго удзельнікаў. Яна праходзіла на адмыслова створанай для гэтага пляцоўцы ў адным са сталічных гандлёва-разважальных цэнтраў.

Кіеўляне Кліменцій ды Марыя прыйшлі на падзею загадзя, каб найперш атрымаць аўтограф беларускага гурту. «Мне вельмі падабаецца, як сёлета прадстаўлена Беларусь на „Эўравізіі“, асабліва, калі ўлічваць, як у вашай краіне праходзіў адбор. Песьня Naviband — вельмі жыцьцясьцьвярджальная. Мы жадаем вашым выканаўцам перамогі», — кажа Кліменцій, дэманструючы жаданы аўтограф.

На найлепшы вынік настроеныя і выканаўцы. «Мы адчуваем, што наша песьня зараджае людзей энэргіяй, нават калі яны не разумеюць, усё роўна з намі сьпяваюць „Хэй-хэй“, і нам вельмі прыемна. Пасьля першай рэпэтыцыі зрабіць выснову пра нашые шанцы не так лёгка і, напэўна, ня трэба. Усё будзе адбывацца на самім канцэрце. Мы цалкам і самі будзем зараджацца энэргіяй і аддаваць яе гледачам», — такімі ўражаньнямі Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук падзяліліся з Радыё Свабода.

Выканаўцы не заклапочаныя галасаваньнем, калі суседзі галасуюць за суседзяў, і сёлетняй палітызацыяй конкурсу, калі расейскай ўдзельніцы Юліі Самойлавай украінскія ўлады забаранілі ўезд ва Ўкраіну з прычыны наведваньня Крыму пасьля яго анэксіі.

«Мы ня сочым за палітыкай. Мы — музыканты і сьпяваем нашые песьні. Мы — якія на сцэне, гэткія і ў жыцьці. Для нас вельмі важна ня зьмешваць сябе зь нейкімі зьнешнімі момантамі. Мы насамрэч ня ведаем шмат з таго, як будзе адбывацца галасаваньне. Наша задача — выйсьці і засьпяваць нашую песьню. Музыка — гэта нашае жыцьцё», — кажуць сьпевакі і прызнаюцца, што ня хочуць закранаць тыя тэмы і праблемы, вырашэньне якіх ад іх не залежыць.

Арцём і Ксенія дадаюць, што дагэтуль яшчэ поўнасьцю не ўсьвядомілі свій пераход са статусу гледачоў конкурсу «Эўравізія» у статус яго ўдзельнікаў. «Гэта цікавы працэс. Але мне падаецца, што я пакуль усё ж глядач», — адзначыла Ксенія.

«Для нас вялікі гонар прадстаўляць нашу краіну, сьпяваць на роднай мове ўпершыню на сцэне „Эўравізіі“. Мы спадзяемся, што гэта зможа нейкім чынам паўплываць на тое, каб у нашай моладзі было яшчэ большае жаданьня размаўляць па-беларуску», — дадае Арцём.

У першыя дні знаходжаньня ў Кіеве яны пасябравалі з канкурсантамі з Нарвэгіі і амаль кожны вечар вядуць «моўныя дыскусіі». «Яны нас раніцай сустракаюць словам „Вітаю“, а калі мы маем вольны час, па вечарах, размаўляем наконт нашых моваў. Як высьветлілася, у нашых мовах шмат падобных слоў. Напрыклад, словы „гісторыя“ і „цукар“ па-нарвэску гучыць амаль як і па-беларуску», — распавядаюць музыкі.

Ксенія з гонарам дэманструе прома-буклет, выпушчаны адмыслова пад іх удзел у «Эўравізіі». «У ім ёсьць асобныя старонкі пра станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці і беларускай мовы», — кажа яна.

Беларускі гурт Naviband будзе выступаць у другім паўфінале «Эўравізіі-2017», што мае адбыцца 11 траўня.

Конкурс будзе праходзіць з 9 да 14 траўня ў Міжнародным выставачным цэнтры Кіева. Удзел у 62-м конкурсе «Эўравізія» пацьвердзілі 42 краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG