12 траўня Маскоўскі раённы суд Менску разгледзіць скаргу адказнага сакратара Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзяніса Садоўскага на неправамоцныя дзеяньні Менгарвыканкаму пры разглядзе заяўкі аб шэсьці на Дзень Волі ў Менску 25 сакавіка.
«Менгарвыканкам груба парушыў заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы, ня даўшы своечасова — прынамсі за 5 дзён да Дня Волі — адказ. І гэта немагчыма ніяк кваліфікаваць інакш, як парушэньне. Паглядзім, як Менгарвыканкам у судзе паспрабуе з гэтага выйсьці. Хоць мы і разумеем, што незалежных судоў няма, тым ня менш мы не павінны мірыцца з нахабным парушэньнем закону тымі, хто павінен яго кантраляваць і выконваць», — сказаў сайту bchd.info Дзяніс Садоўскі.
Адказны сакратар Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі падаў у суд Маскоўскага раёну скаргу на дзеяньні Менгарвыканкаму пры разглядзе заяўкі аб мітынгу і шэсьці на Дзень Волі.
Чыноўнікі далі адказ на заяўку менш як за дзень да пачатку — пры тым, што паводле закону мусілі адказаць за 5 дзён. Адказ быў адмоўны. На погляд Садоўскага, падстаў для адмовы не было. Рашэньне дазволіць мітынг у парку Дружбы народаў (пазьней вусна забаронены старшынём Менгарвыканкаму) не ўзгаднялася з заяўнікам.
Садоўскі просіць прызнаць рашэньне Менгарвыканкаму незаконным і ўскладае на чыноўнікаў адказнасьць за тое, што ў выніку акцыя прайшла як несанкцыянаваная, а фактычна не была ні забароненая, ні дазволеная законным чынам. У выніку больш за 700 чалавек было затрымана, супраць мірных дэманстрантаў ужывалася грубая фізычная сіла. Каля сотні затрыманых пакаралі штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.
Заяўку на менскую акцыю на Дзень Волі (шэсьце ад Акадэміі навук да парку Янкі Купалы) падавалі яшчэ 6 студзеня. Празь месяц заяўнікам паведамілі, што заяўка, маўляў, згубілася.
8 лютага падалі наступную заяўку, а працэс яе падачы зьнялі на відэа.
За 5 дзён да правядзеньня акцыі Менгарвыканкам ня даў адказу на заяўку, хоць абавязаны быў зрабіць гэта па законе. Сустрэчу з заяўнікамі ў Менгарвыканкаме некалькі разоў адмянялі і ўрэшце прызначылі на вечар 24 сакавіка. Улады дазволілі правесьці толькі мітынг у парку Дружбы народаў. Заяўнікі адклікалі свае подпісы. А праз 4 гадзіны старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац заявіў, што «любыя вулічныя акцыі 25 сакавіка ў Менску будуць незаконнымі».
За акцыю на Дзень Волі былі вынесеныя папярэджаньні партыям БНФ і АГП, а таксама руху «За свабоду». Усе тры абскардзілі папярэджаньні ў Вярхоўны Суд.