Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пляцы Перамогі ганаровая варта, дэкарацыі, гукі бравурных маршаў, аграменныя экраны.

Па праспэкце, як і ўсе апошнія гады, ідуць падрыхтаваныя й пашыхтаваныя шэсьці зь людзей адміністрацыі, бээрэсэмаўцаў, афіцыйных прафсаюзаў. На чале — калёна з фэйкавымі вэтэранамі.

На выездах са сталіцы — калёны аўто, якія прагнуць як найхутчэй выбрацца з гэтага «победобесия» на дачы, вёскі, прыроду.

Сьвята Перамогі катастрафічна губляе адэкватнасьць і шчырасьць. Прэзыдэнт у сваёй сьвяточнай прамове разам зь дзяжурнымі словамі пра тое, што «дзяды адстаялі», аўтаматам пераключаецца на тое, што яго сапраўды цікавіць і хвалюе. На хакей. На тое, што «не адстаялі» нашы хакеісты.

Маўляў, расейскія хакеісты сваім расейцам настрой паднялі, у такі дзень перамогшы немцаў, а нашы такі дзень зрабілі днём «стыдобы й пазорышча». Разгромна прайграўшы канадцам 0 — 6.

І адчуваецца, што гэта самы шчыры кавалак ягонае прамовы, бо тут спляліся ўсе рэальнасьці, у якіх ён існуе: савецкія міты, хакей і ягоная сёньняшняя ўлада. Таму Дзень Перамогі займае такое важнае месца для гэтае постсавецкае ўлады, таму гэты дзень па старым клішэ, не зважаючы на ўвесь абсурд, карыстаюць у якасьці дадатковай матывацыі як для хакейнай зборнай, гэтак і для ўсяго грамадзтва.

Забаўна, калі канадзкі трэнэр беларускай каманды Дэйв Льюіс напярэдадні сустрэчы з канадцамі заяўляе, што, маўляў, перад дзявятым мая нам трэба толькі перамога (над канадцамі!), а якім чынам яна будзе дасягнутая, ня важна.

Папросту, такая хакейная лінія Сталіна. Усе ведаюць, што фэйк, але наведаць трэба.

Нехта ж з адказных таварышаў давёў Льюісу, што яму трэба крануць гэтую дату ў падрыхтоўцы да матчу, маўляў так будзе правільна.

Напэўна, тыя ж таварышы тымі ж словамі натхнялі й хакеістаў зборнай, забыўшыся, што на двары іншая эпоха, што хакей — не вайна, што зборная Канады — не Бундэсвэр часоў другой сусьветнай.

Хацелі дзёшава й сярдзіта, а атрымалася паводле вядомай песьні расейскага гурта «Чайф» — «Какая боль, какая боль... ...6 — 0».

Супраць Канады дзявятага траўня не спрацавала.

Ня той час, ня тая атмасфэра, ня тая каманда, ня тая матывацыя. Карацей ня тое — усё.

Між іншым, параўнальная з намі латвійская каманда без усялякіх мілітарных патасаў узначаліла паралельную групу чэмпіянату, узяўшы перамогу ў трох матчах запар.

Ніякай вайны, проста хакей, проста настрой.

Увогуле, уся гэтая гістэрыя на дзявятага траўня мае на мэце аднавіць у грамадзтве такую ўмоўную, пацешную атмасфэру вайны, бо для сапраўднага паляпшэньня жыцьця патрэбныя мэханізмы, якія выкарыстоўваць не жадаюць, ня ўмеюць і баяцца.

Шчыра сказаць, і ваяваць па-сапраўднаму таксама не жадаюць і баяцца, нягледзячы на ўсе палкія заявы кіраўніка краіны, што маўляў, я першы вазьму зброю, калі раптам...

У гэтым сэнсе спорт увогуле і хакей, у прыватнасьці, дасканала ўпісваюцца ў прапанаваную грамадзтву мадэль і ўнівэрсальна выконваюць ролю той пацешнай вайны. Калі можна дзякуючы атмасфэры спаборніцтва й сьвядома блытаючы рэчаіснасьць, вырачыўшы вочы крычаць пра чужыя перамогі, веліч і славу, як пра свае, і Дзень Перамогі тут вельмі дарэчы.

А каб яшчэ хакеісты перамаглі Канаду...

Але ня здарылася, не перамаглі. Таму такое шчырае раздражненьне й злосьць, таму Дзень Перамогі ў прамове кіраўніка дзяржавы лёгка ператвараецца ў дзень сораму й ганьбы. Такая ў нас краіна.

Што сказаць, наперадзе іншыя, непераможныя дні траўня. Чэмпіянат працягваецца, можа ў гэтыя іншыя непераможныя дні наша зборная, як тыя латышы, бязь енку й віску пра «абязацельна, касьцьмі ляжам, амбразуру закрыем» возьмуць свае балы й выдадуць вынік, якога ад іх ніхто ня будзе патрабаваць. Паказаўшы такім чынам, што яны людзі іншай эпохі, што для іх сапраўдны й шчыры хакей важней за ўжо даўно пацешную і няшчырую перамогу ва ўмоўнай вайне.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG