Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакраты бяруць на ўзбраеньне швэдзкі досьвед


Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Прадстаўнікі беларускіх палітычных партый і рухаў у рамках міжпартыйнай беларуска-швэдзкай праграмы «Паглыблены дыялёг» знаходзяцца ў Стакгольме.

Як паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, беларускія палітыкі працуюць у трох напрамках:

  • вывучаюць швэдзкае заканадаўства і функцыянаваньне суду, пракуратуры, паліцыі;
  • дасьледуюць, як Швэцыя стварае эфэктыўныя працоўныя месцы;
  • знаходзяць карыснае ў швэдзкім досьведзе зьніжэньня залежнасьці людзей ад алькаголю.

«Ня ўсё можна пераняць для Беларусі ў гатовым выглядзе, — кажа Лябедзька. — Але ня варта вынаходзіць ровар там, дзе на ім ужо пераадолелі не адну вярсту. У нас няма часу на экспэрымэнты. Час — гэта той рэсурс, якога ў Беларусі бракуе. Калі швэды мелі фору даўжынёй у 100 гадоў на стварэньне эфэктыўнай, канкурэнтаздольнай сыстэмы кіраваньня, то ў нас у лепшым выпадку было 5-10 гадоў».

Адносна практычных вынікаў рабочай паездкі Анатоль Лябедзька адзначыў, што вопыт Швэцыі дазволіць удасканаліць тыя праграмныя дакумэнты, якія ўжо ёсць у партфэлі прыхільнікаў пераменаў у Беларусі. Гэта і «Антыкарупцыйная плятформа», і праграма «Новыя працоўныя месцы», і праект судовай рэформы.

10 траўня ў Рыксдагу пройдзе сэмінар, прысьвечаны сытуацыі ў Беларусі. Паўдзельнічаць у дыскусіі выказалі жаданьне дэпутаты ад розных фракцый швэдзкага парлямэнту.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG