Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар аховы здароўя пачуў прапановы БХД пра барацьбу з алькагалізацыяй


Кіраўніца менскай арганізацыі БХД Вольга Кавалькова, архіўнае фота
Кіраўніца менскай арганізацыі БХД Вольга Кавалькова, архіўнае фота

Кіраўніца Менскай гарадзкой арганізацыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова атрымала адказ на калектыўны зварот грамадзян, перададзены міністру аховы здароўя Валерыю Малашку.

«Вашы прапановы на аздараўленьне беларускай нацыі, памяншэньне алькагалізму сярод моладзі і дарослага насельніцтва заплянаваныя да рэалізацыі ў рамках выкананьня мерапрыемстваў падпраграмы 3», — гаворыцца ў адказе за подпісам кіраўніка ведамства.

Як перадае прэсавая служба БХД, сярод прапаноў, якія плянуецца рэалізаваць у 2017–2018 гадах, наступныя:

1. Усталяваць адзіны час рэалізацыі алькагольнай прадукцыі ў абʼектах гандлю, за выключэньнем месцаў грамадзкага харчаваньня, дзе алькагольная прадукцыя прадаецца сумесна з гатовай кулінарнай прадукцыяй (з 9:00 да 22:00);

2. Ініцыяваць поўную забарону рэклямы слабаалькагольных напояў і піва ў сродках масавай інфармацыі, на радыё і тэлебачаньні;

3. Заканадаўча замацаваць забарону розьнічнага гандлю алькагольнымі напоямі па-за ізаляванымі аддзеламі ў крамах плошчай ад 1500 квадратных мэтраў.

У міністэрстве паведамілі, што пры распрацоўцы эканамічнага абгрунтаваньня напрамкаў і інструмэнтаў нарматыўнага прававога рэгуляваньня абароту алькагольнай прадукцыі плянуецца разгледзець яшчэ дзьве прапановы: пра абавязак вытворцаў алькагольнай прадукцыі пералічваць частку прыбытку цэнтрам, якія займаюцца дапамогай і рэабілітацыяй людзей з алькагольнай залежнасьцю, а за кошт падаткаў ад рэалізацыі сваёй прадукцыі ствараць сацыяльную рэкляму.

Хрысьціянскія дэмакраты праводзяць кампанію «Абаронім нашых дзяцей ад алькаголю» пачынаючы ад 2014 году.

«Мы працягнем і далей працаваць над гэтай кампаніяй, бо лічым яе вельмі важнай. Таксама лічым, што дзяржаўная палітыка ў галіне рэалізацыі алькаголю павінна быць больш жорсткая, бо гэта вельмі балючае пытаньне для беларускага грамадзтва. На жаль, рэальная статыстыка спажываньня алькаголю значна вышэйшая за афіцыйную», — кажа Вольга Кавалькова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG