Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забытыя жаўнеры: як скандынавы здавалі беларусаў Сталіну


Савецкія ваеннапалонныя ў Нарвэгіі
Савецкія ваеннапалонныя ў Нарвэгіі

Падчас ІІ Усясьветнай вайны ў краінах Скандынавіі апынуліся дзясяткі тысячаў ваеннапалонных з СССР. Многіх зь іх спаткаў трагічны лёс: яны былі забітыя альбо загінулі ад хваробаў і голаду. Палёгкі не прынесла і вяртаньне на радзіму. Шмат для каго яно было білетам у ГУЛАГ.

Тагачаснаму савецкаму ўраду гэтыя людзі былі непатрэбныя. Згодна са сталінскай канцэпцыяй, ваеннапалонныя лічыліся здраднікамі. У сьвядомасьці швэдаў, фінаў і нарвэжцаў яны былі рускімі салдатамі. Але дзякуючы працы скандынаўскіх архівістаў стала вядома, што сярод савецкіх ваеннапалонных былі тысячы беларусаў.

Андрэй Катлярчук
Андрэй Катлярчук

У чацьвёртай, заключнай частцы перадачы цыклю «Беларусь пад нямецкай акупацыяй: скандынаўскі сьлед» гісторык Андрэй Катлярчук, дацэнт унівэрсытэту Сэдэртэрна (Södertörns högskola) у Швэцыі, распавядае пра лёс беларускіх вязьняў у лягерах Паўночнай Эўропы.

Нарвэская «Крывавая дарога»

«Пасьля акупацыі Нарвэгіі ў красавіку 1940 году і пачаткам апэрацыі "Барбароса" немцы прымаюць рашэньне зрабіць там сетку лягераў для савецкіх ваеннапалонных. Паводле плянаў Гітлера, яны мусілі будаваць стратэгічную дарогу — шлях з Нарвэгіі да Мурманску. Мурманск ніколі не захапілі, але паміж 1941 і 1944 гадамі ў Запаляр'і ішлі зацятыя баі паміж Чырвонай Арміяй і Вэрмахтам. Праз жудасныя умовы працы і высокую смяротнасьць будаўнікоў ваеннапалонныя празвалі яе «крывавай дарогай»

"Крывавая дарога", Нарвэгія
"Крывавая дарога", Нарвэгія

Ад 1941 па 1943 гады ў Нарвэгію трапілі каля 100 тысяч ваеннапалонных з Усходняга фронту. Як кажа гісторык, беларускі сьпіс удалося рэканструяваць амаль дакладна.

«У савецкім вайсковым білеце быў абавязковы параграф — нацыянальнасьць. У заходніх мовах гэта азначае грамадзянства, а ў СССР ён азначаў этнічнае паходжаньне. Дзякуючы базе зьвестак, якую стварыў Нацыянальны архіў Нарвэгіі, мы ведаем, што 3336 ваеннапалонных былі беларусамі. Большасьць былі з БССР, але былі беларусы, якія вучыліся ў Ленінградзе, ці беларусы са Смаленску. Было 227 палякаў. Думаю, што частка зь іх таксама была з БССР. Апрача таго, у лягерах Нарвэгіі нацысты ўтрымлівалі 1700 жаўнераў Войска Польскага, якія трапілі ў палон яшчэ ў 1939 годзе і былі накіраваныя ў Нарвэгію. Сярод іх таксама былі беларусы».

Умовы ўтрыманьня, як распавядае гісторык, былі кепскія. Усеагульнай была практыка зьбіцьця і кепская ежа. Тых, хто змагаўся і пратэставаў, арыштоўвалі. Была нават адмысловая турма для савецкіх ваеннапалонных, дзе іх катавалі і забівалі.

«Трэба адзначыць, што, па ўспамінах гэтых людзей, вельмі добра да іх ставілася нарвэскае насельніцтва. Калі яны былі на працы, то нарвэжцы ім часта дапамагалі. Ваеннапалонныя мянялі ў нарвэжцаў зробленыя імі цацкі з саломкі, дрэва і лазы на ежу. Колькі з тых 3300 беларусаў памерлі ці былі забітыя, мы дакладна ня ведаем. Некаторых хавалі ў брацкіх магілах. Нарвэскія архівісты знайшлі дадзеныя пра месца пахаваньня ў Нарвэгіі 121 беларуса. ​Іх імёны вядомыя. Яны памерлі ад лягерных умоваў альбо былі расстраляныя».

Кожны вязень меў свой нумар і картку палоннага. Туды заносіліся зьвесткі пра месца нараджэньня, вайсковы камісарыят, званьне, часам інфармацыя пра бацькоў.

Савецкія ваеннапалонныя ў Нарвэгіі
Савецкія ваеннапалонныя ў Нарвэгіі

«Па гэтых картках можна прасачыць геаграфію вязьняў. Большасьць беларусаў трапіла ў палон у 1942 годзе, калі ішлі самыя наступальныя апэрацыі Вэрмахту. Большасьць была з абласьцей Магілёўскай і Палескай, цэнтар якой быў у Мазыры. Там яшчэ ў 1941 годзе пасьпелі зрабіць прызыў. У заходняй і цэнтральнай Беларусі яны не пасьпелі яго правесьці, бо за 6 дзён немцы занялі гэтую тэрыторыю. Але сярод палонных сустракаюцца нават беларусы, якія прызваліся ў Чырвоную Армію зь Беластоцкай вобласьці ў 1940 – пачатку 1941 гг.».

Гісторык пералічвае некаторых беларусаў-ваеннапалонных: Аляксандар Дамжонак (1908 год) зь Віцебскай вобласьці не дажыў да перамогі 12 дзён і памёр у самым канцы красавіка, маючы 37 гадоў.

Сьцяпан Пранік (1900 год) зь вёскі Сержаны Віцебскай вобласьці, вязень нумар 50076. Памёр 12 сьнежня 1944 году. Яго магіла знаходзіцца ў мястэчку Лянгонэс, шэраг F2, пахаваньне нумар 6.

Картка ваеннапалоннага Сьцяпана Праніка і адбітак пальца
Картка ваеннапалоннага Сьцяпана Праніка і адбітак пальца

Кузьма Хадкевіч зь вёскі Новае Сяло Менскай вобласьці. Нумар 1926, памёр 6 красавіка 1943 году. 1912 г.н.

Беларусы зь Беласточчыны: Міхась Грыб з Крынак, Ігнат Пятровіч зь вёскі Казлы, Павал Ермакоў з Чарэмхі. Сярод памерлых ёсьць ураджэнец роднай вёскі Аляксандра Лукашэнкі — Іван Шабароў. Ён нарадзіўся ў 1918 годзе, памёр у палоне 26 ліпеня 1942 году.

На запрашэньне нарвэскага караля Савецкая армія ўвайшла ў паўночную Нарвэгію.

Нарвэскі плякат часоў вайны.
Нарвэскі плякат часоў вайны.

Большасьць лягераў была якраз там. Таму у канцы 1944 году палонныя аказаліся пад кантролем савецкай адміністрацыі. Яны адпраўляліся дахаты праз фільтрацыйныя лягеры ў Карэліі.

«Тыя, хто не прайшоў фільтрацыю, апынуліся ў ГУЛАГу. Нарвэскія гісторыкі пішуць, што сярод тых, хто здолеў схавацца ў Нарвэгіі і ня выехаў, былі толькі 15 чалавек. Ваеннапалонным з Заходняй Беларусі пашанцавала больш, бо яны не падлягалі рэпатрыяцыі з прычыны даваенага польскага грамадзянства. ​Беларускі журналіст Аляксандар Адынец зрабіў інтэрвію з апошняй хвалі пасьляваеннай эміграцыі. Там ёсьць інтэрвію зь Міхасём Страпко. Ён чырвонаармеец, беларус 1918 году нараджэньня з Драгічынскага раёну, 4 клясы адукацыі. Прызваны ў 1940 годзе, у яго вайсковай картцы напісана, што здаўся ў палон, але сам ён апісвае гісторыю інакш. Ягоная частка быццам была пад Кандалакшай. Усе камандзеры ўцяклі, яны ішлі праз тундру, выпадкова апынуліся ў Фінляндыі і так трапілі ў палон. Ён выжыў у гэтым палоне і потым як польскі грамадзянін трапіў у Нарвэгію і пазьбегнуў рэпатрыяцыі. Асеў у ЗША, у Кліўлэндзе. У яго назаўсёды засталася ваенная траўма. Ён ніколі не адважыўся паехаць у Беларусь, бо ня ведаў, як яго будуць успрымаць. Бо чалавек, які быў у палоне, згодна са сталінскай канцэпцыяй, лічыўся здраднікам», — гаворыць Катлярчук.

База зьвестак памерлых даступная онлайн . Паводле Катлярчука, яна патрабуе працы спэцыялістаў-перакладнікаў і гісторыкаў. Дзякуючы ёй сваякі могуць знайсьці магілу блізкіх, якія дагэтуль лічацца зьніклымі бязь вестак.

Апэрацыя «Асфальт»

У 1951 годзе, калі Нарвэгія была ўжо ў складзе NATO, спэцслужбы пачалі хвалявацца, што на магілы ваеннапалонных могуць пачацца масавыя візыты сваякоў, зь якімі ў краіну могуць трапіць шпіёны. Магілы знаходзіліся менавіта на поўначы, там, дзе і базы NATO. Нарвэжцы прымаюць рашэньне зьвезьці ўсе магілы ў адно месца. Апэрацыя атрымала назву «Асфальт». Месца было абранае каля гораду Ч'ёта.

«Супраць была левая частка нарвэскага грамадзтва, але большасьць магіл усё ж зьвезьлі. Частка засталася. ​Важна ўсё гэта перакласьці, бо для сваякоў памерлых ці забітых —​ яны дагэтуль зніклыя бяз зьвестак у гады вайны. Людзі проста ня ведаюць пра іх. Трэба, каб урад Беларусі займаў актыўную пазыцыю. Сёньня справамі савецкіх ваеннапалонных займаецца Расея як прадстаўнік СССР. Чаму гэтым не займаецца Беларусь, мне невядома», — гаворыць гісторык.

Фінскі палон

Зімовая вайна скончылася ў 1940 годзе, Масква і Хэльсынкі заключылі мір і дамовіліся пра абмен палоннымі. Аднак падчас другой фінскай вайны, ці так званай «вайны працягу», у Фінляндыі апынуліся 67 тысячаў палонных. Каля 2 тысячаў з 67 тысячаў ваеннапалонных былі беларусамі. Як высьветліла фінскі гісторык Мірка Даньельбака, ад голаду, холаду і хваробаў загінулі 19 тысяч 85 чалавек. Гісторык лічыць, што зьнішчэньне не было мэтай, але не хапала ежы і былі антысанітарныя ўмовы.

Савецкія ваеннапалонныя ў Фінляндыі
Савецкія ваеннапалонныя ў Фінляндыі

У фінаў даступная онлайн толькі база зьвестак пра памерлых у палоне. Беларусаў у ёй — 580 чалавек. Фіны запісвалі зьвесткі ня так дакладна, як немцы ў Нарвэгіі, часьцей за ўсё была пазначаная толькі вобласьць, бязь вёсак. Таксама празь няведаньне мовы блыталі прозьвішчы і месцы нараджэньня.

«Сярод іх быў родны брат маёй бабулі Даніла Радзівонаў з Турава. Яго прызвалі ў 1940 годзе. Ён ваяваў на фінскай вайне. Так я зацікавіўся фінскай базай зьвестак. Але мы ведаем шмат іншых імёнаў. Станіслаў Ігнатовіч з Магілёўшчыны, Васіль Абрамчук зь Пінску, Якуб Адамёнак з Полацкай вобласьці, Адольф Аляшковіч зь Ленінграду. Большасьць памерла ў 1942 годзе», — распавядае Андрэй Катлярчук.

Удзельнік фінскай вайны Даніла Радзівонаў зьнік бязь вестак
Удзельнік фінскай вайны Даніла Радзівонаў зьнік бязь вестак

У 1945 годзе Фінляндыя падпісала дамову з СССР, паводле якой фіны абавязаліся выдаць усіх палонных, нават тых, якія былі да вайны грамадзянамі Польшчы. Такіх было 250 чалавек. Фінляндыя выдавала і цяжка хворых. Была створаная нават спэцыяльная камісія для пошуку ўцекачоў.

Параска Катлярчук (Радзівонава).Памерла ў 2011 г. у Тураве
Параска Катлярчук (Радзівонава).Памерла ў 2011 г. у Тураве

«Цікавай і драматычнай была гісторыя Аркадзя Раманоўскага з Заходняй Беларусі. Яму было 25 гадоў. У 1940 годзе ён быў прызваны ў Чырвоную Армію зь Менску, дзе працаваў на цагельні. У палоне ён апынуўся ў 1941 годзе і пагадзіўся на супрацу зь фінскай выведкай. З 1942 году ён закідваўся ў савецкі тыл і пасьпяхова вяртаўся. Пасьля вайны фінскае міністэрства абароны яму не дапамагло. Што было дзіўна, бо такіх людзей яны часта накіроўвалі ў Швэцыю, адкуль выдачы не было, альбо давалі новыя дакумэнты. Таму Раманоўскі некалькі гадоў хаваўся ў лясах Фінляндыі, харчаваўся ягадамі. Потым ён вырашыў перайсьці мяжу са Швэцыяй і быў затрыманы памежнікамі. Рыхтавалася выдача ў СССР. Яму пагражаў ГУЛАГ. Яго лёс досыць унікальны. Яго ня выдалі зь дзьвюх прычынаў: службы ў фінскім войску і таго, што ён быў польскім грамадзянінам». Дарэчы, польскія дакумэнты выратавалі многіх беларусаў. Фіны правяралі нават веданьне польскай мовы. Гэта значыць, што былі беларусы, якія выдавалі сябе за палякаў, але польскай мовы ня ведалі.

«У адной з публікацыяў я бачыў ліст беларуса фінскаму прэзыдэнту Манэргейму з просьбай не выдаваць яго савецкай уладзе. Ён напісаны на сакавітай расейска-беларускай трасянцы. Хлопец пісаў, што ягоная сям’я была рэпрэсаваная, што ён з заможных сялянаў. Маўляў, ён уцёк з поўначы Расеі, неяк выжыў, і яго забралі ў савецкае войска. Ён маліў Манэргейма пакінуць яго ў Фінляндыі. Але палітыка была жорсткая і вярталі амаль ўсіх. У фільтрацыйных лягерах правяралі. Калі высьвятлялася, што чалавек быў старастам бараку, то гэта лічылася супрацай з акупантам. Такіх людзей чакаў ГУЛАГ. Тыя, каму шанцавала, вярталіся дахаты. Большасьць з тых амаль што 600 беларусаў, што памерлі ў фінскім палоне, дагэтуль лічацца зьніклымі паводле архіву Мінабароны Расеі” — кажа Катлярчук.

Інтэрнаваныя ў Швэдзкім каралеўстве

Даведка пра здачу Міхася Страпка ў палон. Фота з архіву МА СССР
Даведка пра здачу Міхася Страпка ў палон. Фота з архіву МА СССР

Швэцыя не ваявала ў ІІ Усясьветнай вайне. Але тым ня менш і там апынуліся савецкія жаўнеры. На 1945 год у Швэцыі налічвалася каля 3 тысячаў інтэрнаваных жаўнераў з СССР. ​Яны трапілі ў каралеўства рознымі шляхамі. Афіцыйна гэта былі ня вязьні, а інтэрнаваныя. Першая група трапіла туды ў 1941 годзе, калі караблі Балтыйскага флоту ня здолелі прабіцца з базы ў Таліне і Рызе ў Ленінград, бо фінская затока ўжо была замінаваная немцамі, яны ратаваліся ўцёкамі ў Швэцыю. Для іх швэды зрабілі два лягеры. Да іх далучаліся ўцекачы з палону ў Нарвэгіі і Фінляндыі.

«Гэта ня быў клясычны лягер. Ён больш нагадваў турыстычны лягер. У ім было якаснае трохразовае харчаваньне, шахматы, гітары, кнігі. Потым ім пачалі выдаваць пропускі і ровары, каб яны маглі езьдзіць падпрацоўваць на сялянаў. Невядома, колькі зь іх было беларусаў, бо такой статыстыкі няма. Але яны там былі на 100%.

Сярод інтэрнаваных пачынае працаваць белая расейская эміграцыя. Яе прадстаўнікі езьдзяць у лягеры, расказваюць пра цара, царкву. Савецкая амбасада высылае туды ж з агітацыяй амбасадарку, вядомую рэвалюцыянэрку Аляксандру Калантай. Пачынаюцца ідэалягічыя спрэчкі і канфлікт. У выніку гэтыя лягеры пачынаюць дзяліцца на «белыя» і «чырвоныя». «Белыя» адмовіліся вяртацца ў СССР. У 1945-1947 гадах адбываліся судовыя працэсы. На іх швэды даказалі, што СССР фальсыфікаваў сьведчаньні. Яны патрабавалі вяртаньня некаторых афіцэраў, сьцьвярджаючы, што гэта крымінальнікі.

«Лёс гэтых людзей быў розны. Інтэрнаваным у такім лягеры быў родны брат Аляксандра Твардоўскага Іван. Твардоўскія паходзілі са Смаленшчыны, гэта быў беларускі шляхоцкі род. Іван быў у фінскім палоне, потым уцёк у Швэцыю і застаўся. Пачаў працаваць, быў цесьляром, меў нявесту-швэдку. І ў 1947 годзе ён пабачыў у швэдзкай газэце рэкляму на расейскай мове “Солдат, Родина тебя прощает. Возвращайся домой”. Яму гэта запала ў душу, ён паехаў у савецкую амбасаду ў Стакгольм і сказаў, што хоча вярнуцца. Яго пасадзілі ў параплаў да Фінляндыі, потым ён купэ І кляса даехаў да Выбаргу. Там яго зьнялі, пераапранулі ў арыштанцкую робу і кінулі ў сьледчы ізалятар. Так ён апынуўся ў ГУЛАГу. Ён там выжыў і напісаў выдатную кнігу мэмураў „Родина и чужбина“ пра пакручасты лёс тых, хто вяртаўся ў СССР».

Ураду Беларусі лёс палонных у Скандынавіі абыякавы

Людзі, якія былі ў палоне ў Скандынавіі й памерлі там, паводле савецкіх зьвестак — зьніклі.

Савецкія ваеннапалонныя ў Фінляндыі. Здымак з архіву А. Катлярчука
Савецкія ваеннапалонныя ў Фінляндыі. Здымак з архіву А. Катлярчука

«Аднак цяпер дзякуючы працы скандынаўскіх архівістаў мы ведаем іхны лёс. 580 беларусаў памерлі ў фінскім палоне. Я лічу, што трэба ўшанаваць іх памяць. Такія праекты ёсьць. Расейскія пошукавыя групы, напрыклад, дамаўляліся зь фінскімі ўладамі. Узьніклі новыя мэмарыялы. Ёсьць польскія, сэрбскія, францускія, эстонскія мэмарыялы ў Нарвэгіі. Ёсьць і савецкія. Аднак мясцовыя людзі лічаць, што там пахаваныя расейцы. Але там ёсьць і беларусы. Беларускі ўрад займае пасіўную пазыцыю. Пэўна таму што дагэтуль у галавах чынавенства сталінская канцэпцыя, што ваенапалонны — гэта здраднік. Маўляў, нельга было ісьці ў палон, трэба было сябе забіць. Я неяк размаўляў з супрацоўніцай аднаго нямецкага фонду, і яна скардзілася, што была ідэя выплаціць рэпарацыі апошнім жывым ваеннапалонным. Амбасада Ўкраіны пазытыўна паставілася да гэтай ідэі, а Расея і Беларусь паставіліся крытычна, маўляў, мы мусім высьвятляць лёс гэтых людзей, хто і што. Што казаць, у нас дагэтуль невядома, калі адзначаць дату перамогі. У Эўропе гэта 8 траўня, калі людзі ўшаноўваюць памяць загінулых, ідуць на могілкі да вэтэранаў. Там гэта не парады, не дэманстрацыя моцы і сілы. Хацелася б, каб урад выйшаў зь ініцыятывай упарадкаваць, ушанаваць магілы пахаваных ў Скандынавіі беларусаў. ​Матэрыялы ёсьць. Зьвестак поўна. Усё магчыма. Трэба праявіць ініцыятыву і пачаць рабіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG