Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паміж прадпрымальнікамі і ўладай так і няма дыялёгу», — горадзенскія гандляры з рынку «Паўднёвы» змагаюцца за выжываньне


На рынку «Паўднёвы»
На рынку «Паўднёвы»

Горадзенскія гандляры з рынку «Паўднёвы» спрабавалі наладзіць сустрэчу з кіраўніцтвам гарвыканкаму і ЗАТ «Гандальсэрвіс», каб выказаць нязгоду зь пісьмовым адказам на свае патрабаваньні. Аднак ані кіраўніцтва гарвыканкаму, ані прадстаўнікі ЗАТ «Гандальсэрвіс» на сустрэчу не прыйшлі.

Прадпрымальнікі рынку «Паўднёвы» зьвярнуліся да кіраўніцтва гораду і кіраўніцтва ЗАТ «Гандальсэрвіс» (92% акцыяў належыць Горадзенскаму гарвыканкаму) з прапановамі ўвасобіць на практыцыў апошнія заявы А. Лукашэнкі наконт лібэралізацыі прадпрымальніцкай дзейнасьці. Пад зваротам падпісаліся 1028 прадпрымальнікаў.

Прадпрымальнікі прапанавалі зьнізіць арэнду на 70%, адмяніць платны ўезд на рынак як для самых прадпрымальнікаў, так і для пакупнікоў; адмяніць гандлёвыя аўкцыёны, калі прадпрымальнік хоча прадаць свой працоўны бокс, які сам жа і купляў; увесьці бронь на гандлёвыя месцы, каб мець гарантыю, што іх ня зоймуць, калі прадпрымальнік пэўны час не працуе. Таксама прапанавалі ўвесьці якарную арэнду.

Усе патрабаваньні прадпрымальнікі пісьмова абгрунтавалі, але ЗАТ «Гандальсэрвіс» з такімі прапановамі не пагадзілася. Вось што распавёў старшыня Рады індывідуальных прадпрымальнікаў рынку «Паўднёвы» Андрэй Шасьцеракоў.

Андрэй Шасьцеракоў
Андрэй Шасьцеракоў

— Нам пагадзіліся зьнізіць суму арэнды на 11,8% замест 70%, якія мы прасілі. Але гэтае рашэньне адразу не набыло моц, яно павінна быць зацьверджана Мінюстам — на гэта трэба чатыры месяцы. Што да бясплатнага ўезду на рынак, то прапанову прынялі да разгляду, але адразу заявілі, што яе можна будзе прыняць, толькі калі страчаныя даходы будуць перакладзеныя на плечы самых прадпрымальнікаў. А на тры астатнія нашыя прапановы адказу наагул няма.

Прадпрымальнік Сяргей кажа, што крызіс закрануў усіх — і прадпрымальнікаў, і ЗАТ «Гандальсэрвіс», і ў такой няпростай сытуацыі партнэры павінны разам абмяркоўваць праблемы і шукаць выйсьце.

Паводле яго, калі прадпрымальнікі пачнуць сыходзіць з рынку, то існаваньне самога ЗАТ «Гандальсэрвіс» акажацца пад пытаньнем. І, здавалася б, чыноўнікі з гарвыканкаму мелі б задумацца, што адбываецца, але насамрэч атрымліваецца інакш.

— Наколькі я разумею, у адміністрацыі ніхто нават не ўнікае ў сутнасьць сытуацыі, калі людзі адтуль нават не прыходзяць, каб вывучыць праблему, пагаварыць і параіцца, а папросту прымаюць рашэньні. Атрымліваецца, іх гэта і не цікавіць, бо яны стабільна маюць добрыя заробкі і жывуць спакойна. А нашыя праблемы застаюцца з намі.

На рынку «Паўднёвы»
На рынку «Паўднёвы»

Прадпрымальніца Тацяна зьвяртае ўвагу на лёгіку чыноўнікаў, якія адмену платнага ўезду на рынак прапануюць перакласьці на плечы прадпрымальнікаў, маўляў, «мы панясём страты, але тады іх павінны кампэнсаваць прадпрымальнікі».

— Як усё хітра прыдумана: дзе, скажыце, да якой крамы чалавек пад’яжджае на закупы і плаціць за стаянку? Такога папросту не бывае. А як яшчэ патлумачыць лёгіку таго, што мы кожны дзень прыяжджаем на працу і за ўезд павінны таксама плаціць? Ну няхай тады і чыноўнікі плацяць па рублю кожны дзень, калі заходзяць на працу ў гар- і аблвыканкам. Няхай тады і рабочыя, якія ходзяць на працу на свае прадпрыемствы, плацяць за ўваход. Ну вось дзе тут лёгіка і справядлівасьць?

Спадар Валеры кажа пра продаж боксаў, якія зьяўляюцца ўласнасьцю прадпрымальнікаў. Паводле яго, калі гэтыя боксы замаўляліся па рэкамэндацыі ЗАТ «Гандальсэрвіс» толькі ў аднаго дзяржаўнага вытворцы, то прадпрымальнікам яны абыходзіліся ў 4-4,5 тысячы даляраў, а цяпер прадпрымальнік ня мае права сам іх прадаць, а мусіць абавязкова выстаўляць на аўкцыён.

— На аўкцыёне чалавек атрымае максымум 500 даляраў за гэты бокс, а яшчэ адлічыць розныя аплаты за тое, што яму нібыта ладзяць гэты аўкцыён. Але навошта гэта прадпрымальніку і чаму ён сам ня можа распараджацца сваёй уласнасьцю?

Цікаўлюся ў спадарыні Валянціны, якая гандлюе абуткам: як цяпер яна ўтрымлівае свой бізнэс і выжывае ў гэтых умовах? Яна кажа, што апошнія два гады больш чым на ежу ўжо не зарабляе.

— Пакупніцкая здольнасьць зусім нізкая. Людзі нібыта прыходзяць на рынак, але паглядзіце з чым яны адсюль сыходзяць: у руках адзін пакецік... А мне трэба заплаціць за арэнду 115 рублёў, сацыяльны фонд — 80 рублёў, а акрамя гэтага, падаткі. А трэба ж яшчэ закупіць тавар, зрабіць абарот. І сёньня гэта зрабіць вельмі складана, пастаянна застаесься са стратамі. У такія часы дзяржава павінна зьніжаць падаткі і розныя аплаты, каб захаваць людзей і бізнэс, дапамагчы ім перажыць гэтыя часы, а ў нас усё робіцца наадварот. Ну, зьнішчаць яны нас цяпер, а што будзе далей?

Андрэй Шасьцеракоў кажа, што апошнім часам многія прадпрымальнікі папросту згубілі веру ў тое, што можа нешта зьмяніцца. Паводле яго, пад лістом да ўладаў падпісаліся 1028 чалавек, а калі ўсіх апавясьцілі, што адбудзецца сход, то на яго прыйшлі каля двухсот прадпрымальнікаў.

— Частка людзей наагул ні ўва што ня верыць, а частка папросту баіцца наступстваў за тое, што паўдзельнічае ў нейкіх сходах. Насамрэч мы не адчуваем нейкіх ганеньняў. Нібыта адбываецца нават дыялёг з уладай, але вынікам гэтага дыялёгу становіцца тое, што нас як бы выслухоўваюць, але рашэньні прымаюць такія, якія самі намецілі, без уліку нашых прапаноў. Атрымліваецца, улада наверсе кажа пра лібэралізацыю, а на месцах нейкая інэртнасьць, мясцовыя ўлады разумеюць праблемы, але бязьдзейнічаюць і таму сапраўднага дыялёгу не адбываецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG