Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрапіць праваабаронца Павал Левінаў са шпіталя зноў у вязьніцу? «Ня думаю, што міліцыянты павязуць на апэрацыю»


Павал Левінаў у віцебскім шпіталі

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў, якога суд прызнаў вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях, з-за абвастрэньня сардэчнай хваробы апынуўся ў 1-ым клінічным шпіталі Віцебска. 5 траўня з ізалятару праваабаронцу адвезьлі ў лякарню. Раней праваабаронцу затрымалі паводле пастановы суду, які прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў акцыях 25 і 26 сакавіка. Паўла Левінава пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту, між тым на 11 траўня ў яго заплянаваная апэрацыя паводле сардэчнай хваробы.

Як праваабаронца пачуваецца, якую дапамогу яму аказваюць і ці адбудзецца заплянаваная апэрацыя? Павал Левінаў распавёў карэспандэнту Свабоды.

«Ляжу пад кропельніцамі, лячуся. Мэдыкі пакуль ня кажуць нічога, не атрымаў адказаў на свае пытаньні. Учора галоўны лекар шпіталя вывучаў гісторыю маёй хваробы, сёньня агляду лекараў няма, але мяне адмыслова агледзелі. Санітаркі зьдзіўляюцца, чаму да мяне такая ўвага, але пэўна ніхто нічога ня кажа. Калі мяне выпішуць і ці зноў адправяць пасьля выпіскі ў вязьніцу, невядома. Мяркую, ўсё ж зьбіраюцца адправіць зноў у кутузку і рыхтуюцца да гэтага, і ў дзень выпіскі міліцыянты мяне сустрэнуць ды пад аховай адвязуць за краты адбываць пакараньне. Бо гэты рэжым здольны толькі на такое. Вельмі хацелася б памыліцца ў такіх прагнозах, але наўрад ці памылюся.

На 10 траўня ў мяне накіраваньне ў абласную клінічную бальніцу, на 11-ае заплянаваная хірургічная апэрацыя, якая не зьвязаная з гэтай хваробай сэрца. Але наколькі гуманнымі будуць начальнікі міліцыі, мне цяжка сказаць. Разумею, што калі мяне зьмесьцяць у ізалятар, дык адтуль наўрад ці павязуць на апэрацыю».

25 сакавіка ў Віцебску прайшла акцыя пад лёзунгамі Дня Волі, на наступны дзень людзі выйшлі на вуліцу, каб выказаць салідарнасьць з затрыманымі днём раней. Павал Левінаў даводзіў на судзе, што ня браў удзелу ў несанкцыянаваных акцыях, а назіраў за імі як праваабаронца. Яшчэ 17 красавіка судзьдзя Кастрычніцкага раённага суду Іна Грабоўская пастанавіла пакараць Паўла Левінава 15 суткамі арышту, выканаць рашэньне суду міліцыянты ўзяліся 5 траўня.

XS
SM
MD
LG