Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Чмыр можа быць карысным для беларускай мовы


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Дубляваць інфармацыю на дзьвюх дзяржаўных мовах папрасіў у кнізе скаргаў культурнага цэнтру «ЦЭХ» музыкант гурту Drum Ecstasy Філіп Чмыр.

Здымак з запісам выклала ў фэйсбук дырэктарка «ЦЭХу» Юлія Дарашкевіч.

Здавалася б папрасіў і папрасіў. Але Філіп Чмыр вядомы сваім сказам «я ненавіджу беларускую мову», які на некаторы час прыкаваў увагу шырокіх колаў публікі да асобы музыкі восеньню 2014 году. Дэ-факта Філіп Чмыр стаўся першым у публічнай прасторы найноўшай Беларусі, хто да беларускай мовы ўжыў слова «нянавісьць».

Гэтым разам просьбу дубляваць інфармацыю расейскай мовай Філіп Чмыр аргумэнтуе словам «павага»: «Прошу с уважением относиться к русскоговорящему насилению Республики Беларусь» (арфаграфія захаваная — РС).

У творчых асяродках Менску беларуская мова шмат дзе працоўная, а дубляваньне на расейскую выглядае бессэнсоўным, бо апрыёры лічыцца, што адукаваны беларус ведае беларускую мову на базавым узроўні, а для іншаземцаў ёсьць дубляж на ангельскую.

Ведае беларускую на базавым узроўні і Філіп Чмыр, але выглядае, што ён абраў для сябе ролю абаронцы правоў чалавека і змагара за справядлівасьць.

Нянавісьць да беларускай мовы маёй пашаны не заслугоўвае, а барацьба за справядлівасьць выклікае пазытыўную рэакцыю.

Парадокс, але факт: Чмыр — руплівец на ніве рэальнага дзьвюхмоўя.

Закон пра мовы ў Беларусі такі хітры, што паскардзіцца Чмыр ня можа, толькі папрасіць. Дзьве дзяржаўныя мовы маюць роўны статус і кожны вольны выкарыстоўваць адну зь іх ці дзьве разам у адвольным парадку. Тым ня менш, праблемы ў «ЦЭХа» могуць узьнікнуць.

«Кантраліруюшчыя органы» любяць калі пажаданьням грамадзян ідуць насустрач. І маюць розныя інструмэнты каб узьдзейнічаць на юрыдычныя асобы апасродкавана: пажарныя, санстанцыя ды іншыя правяральшчыкі заўжды знойдуць да чаго дачапіцца.

У выпадку, калі «ЦЭХ» так ці інакш змусяць дубляваць адну дзяржаўную мову другой, будзе створаны прэцэдэнт. Тады неабыякавыя да лёсу беларускай мовы грамадзяне змогуць пакідаць аналягічныя запісы ў кнігі скаргаў скрозь па ўсёй Беларусі. Толькі замест расейскай пазначаць беларускую мову. Расейскай асабліва не дадасцца, бо яна і так пануе паўсюль па-за творчымі асяродкамі.

А беларускай візуальна стане болей у разы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG