Лінкі ўнівэрсальнага доступу

35 дзён за кратамі за ўкраінскі пашпарт. Гісторыя выратаваньня з Акрэсьціна


Ілюстратыўны каляж: украінскія зьняволеныя ў Беларусі

Двух украінскіх юнакоў — Івана Даніленку і Рамана Легара — пратрымалі ў турме на Акрэсьціна без прад’яўленьня абвінавачаньняў 35 дзён: 24 сакавіка — 29 красавіка 2017 году. Іх дапытвалі па справе падпалу гомельскай падатковай інспэкцыі і па справе «Белага Легіёну».

Іван Даніленка і Раман Легар перасеклі ўкраінска-беларускую мяжу ў ноч з 23 на 24 сакавіка прыблізна ў час, калі адбыўся падпал.

«Відавочна, што за імі сачылі адразу ад самай мяжы, — мяркуе адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна, якая займалася вызваленьнем Даніленкі і Легара. — Бо калі іх затрымалі ў Менску 24 сакавіка, міліцыянты ўжо валодалі інфармацыяй пра затрыманых і іх сваякоў. А такая інфармацыя так апэратыўна не прыходзіць па міліцэйскіх каналах».

Іван Даніленка з маці Тацянай
Іван Даніленка з маці Тацянай

Гісторыя затрыманьня, зьняволеньня і выратаваньня — у сьведчаньнях 18-гадовага ўкраінскага грамадзяніна Івана Даніленкі і яго адвакаткі Марыі Колесавай-Гудзілінай.

«Зьніклы» пашпарт

Даніленка: «Я раней бываў у Менску два разы на дзіцячых спаборніцтвах па тэквандо, якім займаўся. Цяпер вучуся на 2 курсе ў І кіеўскім мэдычным коледжы на фэльчара. Я хацеў зноў паглядзець горад. У нас з Раманам у Менску ёсьць дзьве сяброўкі, мы ўчатырох пайшлі гуляць. Раптам нас атачылі шэсьць чалавек у цывільным. Сказалі: „Міліцыя“. Закруцілі, павалілі на дол».

Раман Легар
Раман Легар

Адвакатка: «Кватэру, дзе хлопцы спыніліся, аглядала міліцыя. Пашпарт Даніленкі знаёмыя пасьпелі ўзяць (таму пашпарт пасьля прад’явілі міліцыі. — РС), а ўсе рэчы Лагера вынялі падчас агляду, таму яго пашпарт „зьнік“. Адсутнасьць дакумэнтаў стала фармальнай падставай для затрыманьня».

«Нефармальныя» сьледчыя

Даніленка: «У цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна прыходзілі сьледчыя. Яны прыходзілі неафіцыйна, без пратаколаў, не прадстаўляліся (невядома, зь якога ведамства. — РС). „Што ведаеш — расказвай“. Я нічога ня ведаю. „Будзеш сядзець яшчэ тыдзень“. Вярталіся праз тыдзень. Казалі: „Пакуль мы не захочам, каб ты зьехаў, ты нікуды ня зьедзеш“. Пазьней яны перасталі прыходзіць».

Адвакатка: «Начальнік АГІМу (аддзел грамадзянства і міграцыі. — РС) Фрунзенскага раёну Дзьмітры Рычардавіч Шэстак сказаў мне ў прысутнасьці консула амбасады Ўкраіны Аляксандра Навасёлава, што хлопцы зьвінавачаныя па крымінальнай справе ў Гомлі. Я кажу: раз так — пакажыце пастанову. У міліцыі ёсьць права прыпыніць працэдуру высылкі, толькі калі хтосьці падазраваны ці зьвінавачаны па крымінальнай справе. А Іван і Раман такімі не былі ніколі».

Бралі на змор

Даніленка: «Чаму нас так доўга трымалі? Можа, думалі, што такім зморам дамогуцца нейкай інфармацыі. А што я ім магу расказаць? Мы ў Гомлі былі першы раз і праездам. Напачатку нам не давалі скантактавацца ні са сваякамі, ні з консулам. Пасьля нашы беларускія сябры знайшлі нам адвакатку».

Адвакатка: «Спачатку ў хлопцаў былі допыты па крымінальнай справе. Таму іх не высылалі. Пасьля былі выходныя. Пасьля ў хлопцаў вынялі рэчы. «Няма рэчаў, як жа мы іх вышлем». Далей. Каб выслаць, патрэбны канвой. «Канвой два разы не паедзе, хай Даніленка чакае, пакуль высьветліцца справа з дакумэнтамі Легара». Даніленка з пашпартам сядзіць і ня можа зьехаць. Пасьля: «Пачакайце яшчэ — распараджэньня не было». Самае тыповае: «Мы дакумэнты адправілі — чакайце».

«Белы легіён» як «разьлік на дурненькіх»

Марыя Гудзіліна-Колесава
Марыя Гудзіліна-Колесава

Адвакатка: «Спачатку задавалі пытаньні па Гомлі, а пасьля пачалі па „Белым Легіёне“. Паказвалі фатаздымкі. Гэта са слоў Даніленкі, я не прысутнічала пры гэтым. Хоць я з гэтым спрабавала змагацца, як толькі магла (з допытамі без прысутнасьці адваката. — РС). Паказвалі фатаздымкі Зьмітра Дашкевіча, іншых. Даніленка нават паняцьця ня меў, што пра што. Легар дык наагул, здаецца, ня ўсё па-расейску разумеў.

Зь „Белым Легіёнам“ было разьлічана на нейкіх дурненькіх проста».

Марыя Колесава-Гудзіліна адзначае велічэзную працу ўкраінскага консула Аляксандра Навасёлава дзеля вызваленьня ўкраінскіх юнакоў. А таксама неверагодна хуткую працу дэпартамэнту па міграцыі ўкраінскага МЗС у аднаўленьні дакумэнтаў Рамана Легара.

Што да беларускага боку, адвакатка цытуе Дзьмітрыя Шэстака, начальніка АГІМу: «Вы, Марыя, столькі інтэрвію далі, што хай скажуць дзякуй, што яны зьехалі».

«Хлопцы трымаліся малайцамі — нічога нікому не сказалі. Калі іх затрымалі, яны першыя тры гадзіны наагул ні з кім не размаўлялі. Зусім», — падкрэсьлівае адвакатка.

28 красавіка Марыя Колесава-Гудзіліна набыла затрыманым квіткі на самалёт да Кіева. А 29 Іван Даніленка і Раман Легар пад канвоем былі дастаўленыя ў аэрапорт «Менск-2» і вярнуліся ва Ўкраіну.

Амбасадар пра «ўкраінскую пагрозу»

Ігар Кізім
Ігар Кізім

​Амбасадар Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім пракамэнтаваў Свабодзе ўяўныя пагрозы з боку ўкраінскіх грамадзян для Беларусі, якія разьдзьмуваюцца ў беларускіх афіцыйных СМІ:

«Напрыклад, кажуць пра той джып (аўтамабіль, які нібыта спрабаваў прарвацца празь дзяржаўную мяжу Беларусі ў сакавіку 2017 году. — РС). Дайце тых людзей, будзем глядзець. У фільме „Белы легіён, чорныя душы“ (прапагандысцкі фільм БТ пра нібыта тэрарыстычную змову супраць Беларусі. — РС), там выразна бачны расейскі аўтамабіль, з расейскімі нумарамі, з расейскімі грамадзянамі. Дайце мне такую самую ідэнтыфікацыю па ўкраінскім аўтамабілі, які нібыта прарываўся. Тады будзем размаўляць.

А так гэта ўсё падобна да „візытоўкі Яраша“ (прыдуманая пагроза — РС) з расейскіх прапагандысцкіх фільмаў».

Вялікае інтэрвію зь Ігарам Кізімам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG