Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваячка-турма


Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».
Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

Калі адбывалася сустрэча сваякоў арыштаваных па «Справе патрыётаў», я адмыслова ўглядалася ў твары мамаў, татаў, жонак і братоў. У вачах кожнага я бачыла адно — разгубленасьць і сум. Яны паводзяць сябе сьціпла, ківаючы адно аднаму, паўшэптам вітаючыся. Большасьць ня ведала адно аднаго, таму сваякі чапляліся за кожны знаёмы твар, кожную ветлівую ўсьмешку. Іх усіх аб’яднала бяда і боль ад шалёнай несправядлівасьці.

Колькі людзей яшчэ будзе пакутаваць дзеля зорачак на пагоны для кагосьці там, зьверху?

Я гляджу на ўсіх гэтых цудоўных і разгубленых людзей, чую словы выступоўцаў аб важнасьці іхняй еднасьці, аб неабходнасьці трымацца разам і думаю: колькі яшчэ разоў я буду гэта чуць і прамаўляць сама? Колькі яшчэ такіх спраў-«разьменных манэт» у спрактыкаваных руках мне прыйдзецца ўбачыць? Колькі людзей яшчэ будзе пакутаваць праз паказальныя выступы па БТ і дзеля зорачак на пагоны для кагосьці там, зьверху?

Калі разглядалася справа асуджаных за «Плошчу-2010», мы, сваякі абвінавачваных ды і самі фігуранты, былі як адна сям’я. Тэлефанавалі адно аднаму і чыталі ўслых лісты. Разам плакалі пасьля прысудаў. Разам адзначалі дні народзінаў і бавілі пустыя вечары. Усё разам — адна бяда на ўсіх.

Цяпер 2017 год, а ўсё тое ж самае. Зноў боль і несправядлівасьць вымушае аб’яднацца. Шмат хто з іх, разгубленых і пакуль незнаёмых паміж сабой, стане сябрамі, амаль сваякамі — адной вялікай сям’ёй. Усе стануць мацнейшымі.

І увесь гэты бруд, цемра, вечная трывога і адзінота будуць яшчэ доўга балець і нагадваць пра сябе.

У іх жыцьці зьявяцца абсалютна новыя (непатрэбныя звычайнаму чалавеку) веды пра тое, як складаць перадачу, якія правілы ўтрыманьня ва ўсіх менскіх ізалятарах, як правільна размаўляць са сьледчымі і адвакатамі. І увесь гэты бруд, цемра, вечная трывога і адзінота будуць яшчэ доўга балець і нагадваць пра сябе. Нават тады, калі найбліжэйшы чалавек ужо будзе побач.

Думаючы і клапоцячыся пра вязьняў, нельга забывацца і пра іх сваякоў. Іхны сьвет больш ня будзе падобным да ранейшага, ён будзе падзелены на «ДА» і «ПАСЬЛЯ». І самае кепскае, што цяпер некаторыя зь іх жывуць з самазьнішчальным пачуцьцём віны праз тое, што ня могуць дапамагчы блізкім, якія ТАМ. А яшчэ ўчора былі ТУТ...

Якія яны ўсе розныя і незвычайныя! Паглядзіце на бацькоў Алеся Яўдахі — такі шляхетны тата, далікатная матуля. А нявеста Віктара Данілава! Калі я чую якім тонам яна кажа пра свайго каханага, мне адразу ж уяўляецца сапраўды рыцар на белым кані. І яна, як ніхто іншы, падыходзіць на ролю чароўнай прынцэсы. Моцная і мужная Ганна Дундукова, якая ўзяла на сябе шмат арганізацыйнай працы, каб каардынаваць і дапамагаць іншым сваякам. Маці Аляксея Абрамава — строгая, мужная, патрабавальная, якая выхоўвала ў дзецях пачуцьцё адказнасьці і патрыятызму.

Турма пажырае ўсіх і без разбору.

Што ў нашай краіне лепш за ўсё можа аб’яднаць такіх людзей? Турма. Вядома, турма. Яна пажырае ўсіх і без разбору. Цудоўных і шараговых, адукаваных і бесталковых, вінаватых і сьвятых — усіх праглыне на роўных.

І дапамога сваякам патрэбная ня меншая за дапамогу арыштаваным. Бо спакой сваякоў — гэта спакой для іх блізкіх у пракураных турэмных камэрах. Калі зьняволеныя будуць ведаць, што іхных родных нехта падтрымлівае — яны будуць пачуваць сябе больш упэўнена ў кабінэтах сьледчых. Калі будуць ведаць, што іхныя дзеці, маці і жонкі не засталіся ў адзіноце, без падтрымкі, сам-насам з бядой — сівых валасоў на выхадзе з СІЗА ў іх выявіцца значна менш.

Падстаўце плячо ў той час, калі нехта падставіў падножку.

Калі вы маеце ўнутранае жаданьне дапамагчы, проста патэлефануйце сваякам альбо напішыце ліст ІМ (так, менавіта ім, а ня толькі арыштантам). Перадайце грошы альбо набудзьце кветак. Замоўце ласунак альбо падарыце сэртыфікат на касмэтычную паслугу. Падстаўце плячо ў той час, калі нехта падставіў падножку.

Падтрымка сваякоў зьняволеных ды іх супакаеньне — гэта ўпэўненасьць вязьняў у тым, што іх ахвяры недарэмныя. А таксама вестачка «уладарам зямным» аб тым, што народ разабраўся: хто тут пакутнік, а хто злачынца; хто патрыёт, а хто — бандыт.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG