Распараджэньнем прэмʼер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова ад 4 траўня створана міжведамасная працоўная група для падрыхтоўкі нацыянальнага дакладу аб мэтавай пераацэнцы бясьпекі Беларускай атамнай электрастанцыі (стрэс-тэсты).
Пра гэта паведаміла агенцтва БелаПАН са спасылкай на прэсавую службу ўраду.
Група павінна падрыхтаваць даклад да 31 жніўня 2017 году. Пры неабходнасьці яна можа прыцягваць кіраўнікоў і спэцыялістаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня і іншых дзяржаўных арганізацыяў, падпарадкаваных ураду.
Стрэс-тэсты на АЭС пачалі праводзіць пасьля аварыі на японскай атамнай электрастанцыі Фукусіма-1 у сакавіку 2011 году. 23 чэрвеня 2011 году Беларусь далучылася да дэклярацыі аб усёабдымнай ацэнцы рызыкаў АЭС, такім чынам пагадзіўшыся правесьці тэставаньне атамнай станцыі, якая будуецца з улікам патрабаваньняў эўрапейскай групы рэгулятараў ядзерных абʼектаў.
Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расеі. Яна будзе складацца з двух энэргаблёкаў сумарнай электрычнай магутнасьцю да 2.400 мВт.
На будаўніцтве АЭС неаднаразова здараліся няштатныя сытуацыі.
18 красавіка ўдзельніца пасяджэньня круглага стала «Астравецкая АЭС — «Знак бяды» намесьніца старшыні партыі «Зялёныя» Ірына Сухій заявіла пра парушэньні нормаў будаўніцтва, засяродзіўшы ўвагу на тым, што былі парушаныя дзьве міжнародныя канвэнцыі — Эспоо і Оргуская. Яна нагадала, што праект будаўніцтва экспэрымэнтальны. Ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, на яе погляд, у 2009 годзе была праведзеная «халатна». Камісія МАГАТЭ, якая нядаўна наведала будаўнічую пляцоўку, працавала ў закрытым рэжыме, не пазнаёміўшы грамадзкасьць са сваімі высновамі.
26 красавіка ўдзельнікі «Чарнобыльскага шляху» у Менску запатрабавалі ад ўладаў «неадкладна спыніць» будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, а таксама правесьці кансультацыі аб мэтазгоднасьці ўвядзеньня мараторыю на будаўніцтва АЭС у Беларусі і абмеркаваць з грамадзтвам стратэгію «ўстойлівага бязьядзернага разьвіцьця Беларусі».