Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаўскім міліцыянтам прыгразілі магчымай крымінальнай адказнасьцю. Магілёўскае абласное начальства МУС сумняваецца ў інфармацыі, зьмешчанай у іх лісьце на імя міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Аўтары звароту вінавацяць сваё крычаўскае міліцэйскае начальства ў махінацыях з прэміямі, свавольстве і зьняважлівых паводзінах адносна падначаленых.

Тым часам у камэнтарах на большасьці рэсурсаў, якія апублікавалі інфармацыю пра гэтай справе, чырвонай ніткай ідзе рэакцыя, маўляў, «так ім і трэба!». Бо «галасавалі за Лукашэнку», бо «міліцыянты служаць рэжыму».

Многія «дармаеды» таксама галасавалі ў свой час за Лукашэнку.

Казаць крычаўскаму афіцэру міліцыі, які наважыўся на публічную крытыку свайго начальства, «так табе і трэба!», бо ён галасаваў за Лукашэнку, гэта тое самае, што ганьбіць «дармаедаў», якія цягам лютага-сакавіка выходзілі на плошчы беларускіх гарадоў. Многія «дармаеды» таксама галасавалі ў свой час за Лукашэнку.

Злараднічаць у сытуацыі што з міліцыянтамі, што з «дармаедамі» — гэта адрубаць сябе ад працэсу зьменаў, якія пачаліся ў грамадзтве з канцом сацыяльнай дамовы між Лукашэнкам і насельніцтвам: «Я вам гарантую сярэдні дабрабыт, вы — ня лезеце ў палітыку».

Крычаўскія міліцыянты такія самыя «дармаеды», хоць і не трапляюць пад дэкрэт нумар З. Дэкрэт гэта толькі вяршыня айсбэргу. Галоўная прычына незадаволенасьці — агульнае пагаршэньне ўзроўню жыцьця.

Яшчэ больш памылкова трымаць такую пазыцыю: маўляў, наце вам, міліцыянты, за ўсе перасьледы, што чыніла і чыніць дзяржава адносна незадаволеных.

Міліцыя — гэта толькі інструмэнт дзяржавы, а ня нейкае асобнае саслоўе. У Беларусі вымалёўваецца іншае нефармальнае саслоўе.

Крычаўскі прэцэдэнт толькі ілюструе падзел грамадзтва на саслоўі «начальства» і «ўсе астатнія».

Крычаўскі прэцэдэнт толькі ілюструе падзел грамадзтва на саслоўі «начальства» і «ўсе астатнія». У сыстэме МУС адбываюцца тыя самыя працэсы што паўсюль у краіне.

Вобразна кажучы, «дармаеды» цяпер — абсалютная большасьць грамадзянаў, бо большасьць залежыць ад дзяржавы, а не забясьпечвае сама сябе.

І шмат якія міліцыянты, і іх сваякі церпяць такія самыя складанасьці як і звычайныя грамадзяне. Тыя «героі» у форме, якіх мы бачым з дубінкамі на мітынгах, яны самая заўважная, але невялікая частка сыстэмы МУС.

Калі ты выступаеш за справядлівасьць, ты ня можаш адстойваць яе для нейкага грамадзкага сэгмэнту.

Калі ты выступаеш за справядлівасьць, ты ня можаш адстойваць яе для нейкага грамадзкага сэгмэнту. Яна і для тых, хто галасаваў за цяперашнюю ўладу, і для тых, хто абслугоўваў яе трываласьць. А цяпер сам робіцца фактарам нетрываласьці.

Дый сам факт, што афіцэры райаддзелу міліцыі наважыліся на публічны крок пратэсту ў рэаліях аўтарытарнай сыстэмы, заслугоўвае павагі. За каго б яны ні галасавалі калісьці.

Новае грамадзтва і новая краіна будзе фармавацца супольна — усімі зацікаўленымі ў зьменах грамадзянамі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG