Украінскі дыпляматычны прадстаўнік у Растове-на-Доне Віталь Канарскі не пацьвердзіў інфармацыю пра сьмерць грамадзяніна Ўкраіны Артура Панова, якога расейскія ўлады абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту на тэрыторыі Расеі.
Дыплямат сказаў украінскай службе Радыё Свабода, што Паноў «жывы і здаровы».
Пра тое, што Паноў памёр у сьледчым ізалятары, паведаміла выданьне «Фонтанка.ру». У матэрыяле гаварылася, што папярэдне прычынай сьмерці названа сардэчная недастатковасьць.
Выхадзец з Луганску Артур Паноў быў затрыманы ў сьнежні 2015 году ў Растове-на-Доне пасьля таго, як паводле вэрсіі сьледзтва, пад выглядам уцекача ён перасек украінска-расейскую мяжу. Яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту. Сьледчыя лічаць, што Паноў плянаваў падарваць з дапамогай самаробнай бомбы залю для гледачоў растоўскага Тэатру драмы імя Горкага.
Знаходзячыся пад вартай, Артур Паноў неаднаразова аб’яўляў галадоўкі.
14 лютага ў Паўночна-Каўкаскім вайсковым акруговым судзе ў Растове-на-Доне пачаўся судовы працэс па справе Артура Панова. Разам зь ім на лаве падсудных таксама апынуўся і растоўскі студэнт, якому інкрымінуюць садзейнічаньне ў нібыта злачыннай дзейнасьці ўкраінца.