Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Графіціст» Ларычаў адчуў на Акрэсьціна «асаблівае стаўленьне», але за што — ня ведае


Алег Ларычаў, архіўнае фота

Позна вечарам 1 траўня на волю выйшаў куратар стрыт-арт-праекту Signal Алег Ларычаў. Ён быў асуджаны на 5 сутак за «маханьне рукамі і нецэнзурную лаянку» на выхадзе зь піцэрыі, дзе бавіў час з эканамістам Сяргеем Чалым, у час затрыманьня ў відэарэгістратарах міліцыянтаў «села батарэйка», як сьцьвярджалася на судзе.

«Адкрыта прычыну затрыманьня мне ніхто не казаў, але затрыманьне было вельмі дзіўнае, — расказвае Ларычаў Свабодзе сваю вэрсію падзеяў. — Мы зь Сяргеем Чалым ужо разыходзіліся, былі ў абсалютна адэкватным стане. Мы спрачаліся ў кавярні, але вонкі гэта не выносілі.

Як я выйшаў з кавярні, адразу пад’ехаў сіні бусік, выйшлі два амапаўцы. Нічога не казалі, толькі адразу „прад’явіце дакумэнты“. Пытаю, што здарылася — „Ёсьць падазрэньне, што ўчыненае правапарушэньне“. Пытаю, якое — „Праедзем ва ўчастак, там разьбяруцца“, вось і ўся размова. Ва ўчастку да апошняга ў мяне былі спадзевы, што гэта памылка. Ноч прасядзеў у міліцыі, толькі на наступную раніцу даведаўся, паводле якога артыкулу абвінавачваюць. А зранку ўжо намякалі, што ўсім, хто там сядзіць, дадуць штрафы, а мне „суткі“, ужо загадзя была аформленая папера, што перадаюць на Акрэсьціна. Зь першага суду не адпускалі, хоць судзьдзя казала, што маглі б і адпусьціць.

На Акрэсьціна пасьля другога суду я адчуў асаблівае стаўленьне, так бы мовіць. Пасадзілі ў штрафную камэру — лінейны, які ў калідоры сядзіць, хацеў у іншую камэру, але яму начальства сказала, што сюды, хай тут сядзіць. Падчас ператрусу толькі мімаходзь спыталі пра графіці, і тое пра хлопчыка і дзяўчынку „Масква — Менск“ (13 красавіка Ларычава аштрафавалі на 1150 рублёў за дамалёўку калючага дроту на мурале. — РС). Адкрыта ніхто нічога не казаў, але адчувалася, што ставяцца адмыслова».

З чым менавіта зьвязанае асаблівае стаўленьне, Ларычаў дакладна ня ведае, але не сумняваецца, што затрыманьне зьвязанае са стрыт-артам — магчыма, са стыкерамі з выявамі беларускіх палітыкаў. Маўляў, Мясьніковіч нядаўна заявіў, што яго стыкер зь ягонай выявай пакрыўдзіў. Але ці падазраюць асабіста яго ў расклейваньні стыкераў, ці хочуць даведацца, хто тыя стыкеры ляпіў, ці хочуць, каб праект Signal не распаўюджваў фота стыкераў, Ларычаў ня ведае:

«У гэтых акцыях важна менавіта тое, што яны разыходзяцца, важны мэдыйны эфэкт. Напэўна, тое і напружвае кагосьці, — разважае Ларычаў. — Але ўвогуле нічога ня кажуць, што мяне турбуе. Афіцыйна ніякіх абвінавачаньняў, нават на словах нічога не сказана. Такое ўражаньне, што яны разумеюць: за гэта мяне ці кагосьці іншага прыцягнуць немагчыма, але празь мяне разыходзіцца інфармацыя. Таму дзейнічаюць такімі мэтадамі».

Ларычаў быў зьбіты невядомымі 4 красавіка. Ён падаў заяву ў міліцыю, але пасьля мэдыцынскага агляду нічога ад міліцыі ня чуў — мяркуе, што ў справе «нічога больш не адбываецца».

Тым ня меней цяпер ён плянуе рабіць сайт пра муралы — ня толькі пра сацыяльна-палітычны стрыт-арт, але пра ўсе кірункі вулічнага мастацтва. Новыага маштабнага фэстывалю стрыт-арту кшталту Urban Myths пакуль не плянуецца: Ларычаў кажа, ня будзе такога, каб мастакі працавалі адзін за другім, але Signal будзе па магчымасьці запрашаць вулічных мастакоў да стварэньня работ розных фарматаў. Пры гэтым Ларычаў перакананы, што муралы «павінны быць ня проста прыгожанькія, а прымушаць задумацца».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG