Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гіганцкі малюнак «Man with no name» у Менску рэкамэндавана зьмяніць ці зафарбаваць


iNo. «Man With No Name»

iNo. «Man With No Name»

Менгарвыканкам вырашыў, што «парадак стварэньня твораў манумэнтальнага мастацтву ня быў даведзены да некаторых аўтараў», таму адну з прац варта зафарбаваць або зьмяніць. Аўтар абмяркуе гэта з жыхарамі суседніх дамоў.

Працу грэка iNo «Man with no name», намаляваную на сьцяне дома па менскай вуліцы Варанянскага, 13/1, зьменяць пасьля скаргі аднаго з жыхароў суседняга дома. Адказ чыноўнікаў на зварот апублікаваў Onliner.by.

Хоць у межах праекту Urban Myths, у якім браў удзел iNo, гарадзкія ўлады не патрабавалі эскізаў загадзя, Менгарвыканкам завярае, што адпаведна заканадаўству «усталяваньне ў горадзе Менску твораў манумэнтальнага жывапісу зьдзяйсьняецца пасьля атрыманьня экспэртнага заключэньня Менскай гарадзкой мастацка-экспэртнай рады па манумэнтальным і манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве». А гэтая рада не разглядала «Man with no name». Сьцьвярджаецца, што «парадак стварэньня твораў манумэнтальнага мастацтва [...] ня быў даведзены да некаторых замежных аўтараў мастацкіх работаў з прычыны іх кароткачасовага знаходжаньня ў нашай краіне».

У сувязі зь «неадназначным стаўленьнем грамадзян гораду і шырокай грамадзкасьці» Менгарвыканкам рэкамэндуе выдаліць работу ці зьмяніць вобразнае рашэньне.

Супраць «Man with no name» выступіла жыхарка суседняга дому Настасься Ерамеева, якая сьцьвярджала, што работа нагадвае ёй «анёла сьмерці». У пэтыцыі на Change.org яна выступіла супраць многіх іншых манумэнтальных прац у Менску, створаных у межах праектаў «Urban Myths» і «Vulica Brasil», знайшоўшы ў кожнай нешта нэгатыўнае.

Пэтыцыя Ерамеевай набрала 223 подпісы, але камэнтары супраць пэтыцыі набралі сумарна амаль тысячу лайкаў. Тым часам пэтыцыя за тое, каб зафарбаваць саму Ерамееву, набрала амаль 2300 подпісаў.

Як патлумачыў Свабодзе ініцыятар праекту Urban Myths Алег Ларычаў, ліст ня значыць, што працу тут жа зафарбуюць:

«Пра „будзе дапрацоўвацца ўвесну“ гутарылі і пісалі паўсюль даўно. І гэта ж рэкамэндацыя, а не загад. Калі iNo вернецца — тады падумае, ці дапрацоўваць нешта. Падчас другой часткі праекту людзі разам з аўтарам змогуць абмеркаваць рэкамэндацыю Мастацкай рады пры Менгарвыканкаме і варыянт даробкі працы падчас публічнай сустрэчы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG