Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З нагоды 72 гадавіны заканчэньня ІІ сусьветнай вайны ў Эўропе Радыё Свабода пачынае цыкл гістарычных перадач. Да 8 траўня на сайце svaboda.org будуць апублікаваныя матэрыялы, прысьвечаныя малавядомым старонкам гісторыкі апошняй вялікай вайны на эўрапейскім кантынэнце.

Першая перадача цыклю «Беларусь пад нямецкай акупацыяй: скандынаўскі сьлед» распавядае пра пляны нарвэскай калянізацыі Беларусі.

У старажытнаскандынаўскай мове ёсьць слова Austerveg. Яно азначае «ўсходні шлях» вікінгаў праз Балтыку і славянскія краіны ў Канстантынопаль. У часы II сусьветнай вайны ў Осла быў створаны аднайменны інстытут. Яго задачай было пашырэньне прасторы Нарвэгіі ва ўсходнім напрамку. Важнае месца ў гэтым праекце займала Беларусь. Генэральная акруга Беларусь у выпадку перамогі Гітлера ў вайне плянавалася ператварыць у пратэктарат Нарвэгіі.

Пра сэнсацыйныя дэталі пляну нарвэскага панаваньня ў Беларусі распавядае гісторык Андрэй Катлярчук, дацэнт Унівэрсытэту Сэдэртарна ў Швэцыі.

Андрэй Катлярчук
Андрэй Катлярчук

«Нацысты акупавалі Нарвэгію ў красавіку 1940 году. Але армія не здалася, і пачала ваяваць зь немцамі. Кароль і частка ўраду арганізавалі ўрад у эміграцыі. Нарвэгія ў часе вайны была антынацыскай з урадам у Лёндане, але і нацысцкай зь Відкунам Квісьлінгам, імя якога стала ў сьвеце сымбалем здрады. Ён быў нарвэскім афіцэрам, у 1933 годзе ён стварыў сваю нацысцкую партыю і калябараваў зь немцамі. Ён быў нацыст зь ідэямі расавага панаваньня нарвэскай нацыі» — распавядае Катлярчук.

Austerveg - пашырэньне прасторы Нарвэгіі ва ўсходнім напрамку

У Нарвэгіі Квісьлінг лічыўся экспэртам па Расеі. З 1918 па 1923 ён быў і працаваў у Расеі і Ўкраіне. Спачатку быў аташэ нарвэскага пасольства, потым працаваў з Фрыцьёфам Нансэнам, дапамагаючы галадаючай Украіне. У Харкаве, дарэчы, ён пазнаёміўся са сваёй другой жонкай Марыяй — украінкай.

Нарвэжцы пачалі задаваць пытаньне: мы змагаемся супраць агульнага ворага, а што мы атрымаем пасьля перамогі?

У 1941 годзе Квісьлінг пагаджаецца стварыць нарвэскі легіён СС, які накіравалі на Ленінградзкі фронт. Нарвэжцы ваявалі ў дывізіях «Вікінг» і «Нурланд». Менавіта ўключэньне Нарвэгіі ў актыўную барацьбу на ўсходнім фронце стала штуршком для ідэі расавага панаваньня нарвэскай нацыі на Ўсходзе, гаворыць Андрэй Катлярчук.

«Нарвэжцы пачалі задаваць пытаньне: мы змагаемся супраць агульнага ворага, а што мы атрымаем пасьля перамогі? Дзякуючы апублікаваным у 2010 годзе дакумэнтам мы бачым ліставаньне Квісьлінга і ягонага ўраду з Гімлерам, з Гітлерам пра пляны нарвэскага панаваньня на Ўсходзе. Гэтыя лісты апублікаваныя Нацыянальным архівам Нарвэгіі. Першай прапановай Квісьлінга была Кольская паўвыспа. Нарвэжцы казалі, што там ёсьць нарвэскія вёскі, што там, маўляў, жывуць фіны і саамы».

Шлях з варагаў у грэкі. Менавіта ім нарвэжцы абгрунтавалі прэтэнзіі на тэрыторыі ва Ўсходняй Эўропе.
Шлях з варагаў у грэкі. Менавіта ім нарвэжцы абгрунтавалі прэтэнзіі на тэрыторыі ва Ўсходняй Эўропе.

Праўда Берыя пасьпеў яшчэ ў 1940 годзе дэпартаваць усіх фінаў і нарвэжцаў з Кольскай паўвыспы. Але аддаваць ім Мурманскую вобласьць Гітлер адмаўляецца. Магчыма таму, што ўжо тады там былі заводы па здабычы нікелю. Гэта вельмі важны рэгіён са стратэгічнага пункту гледжаньня. Хто пануем над ім — пануе над усім рэгіёнам Баранцавага і Белага мораў.

Пасьля адмовы ў нарвэжцаў узьнікла ідэя нумар два: калянізацыя Ўкраіны. Андрэй Катлярчук кажа, што дэлегацыя Квісьлінга наведала Роўна, які быў сталіцай нацысцкай адміністрацыі Ўкраіны. Ішлі, быццам бы, вельмі сур’ёзныя перамовы, але немцы ізноў адмовілі нарвэжцам.

«Украіна зь яе выдатнай глебай была марай нацыстаў, — тлумачыць Катлярчук, — так званым лебэнсраўмам для будучай арыйскай расы на Ўсходзе. Гэта тое, што Гітлер плянуе аддаць нямецкаму народу. І пасьля гэтай адмовы, у 1942 годзе, усплывае ідэя пратэктарату над Беларусьсю».

Плян Гартмана

Заняўшы ў 1941 годзе Беларусь, нацысты стварылі Генэральную акругу Беларусь са сталіцай у Менску. Агучваецца ідэя, каб Нарвэгія ўзяла ў сваю адміністрацыю менавіта гэтую генэральную акругу. Хто агучыў такую ідэю? Верагодна першым быў высокапастаўлены афіцэр СС Фэлікс Гартман.

Фэлікс Хартман
Фэлікс Хартман

«Гэта быў чалавек, які кіраваў усімі масавымі забойствамі, і рабіў Галакост у Беларусі, праводзіў антыпартызанскія акцыі. Гартман быў нарвэжцам, але ўжо ў І сусьветную вайну ён змагаўся на нямецкім баку, стаў афіцэрам нямецкага войска. Потым ён застаўся ў Нямеччыне. Быў у вэтэранскіх арганізацыях Баварыі, дзе менавіта і нараджалася ідэя нацызму, пануючай белай расы. Прапанова выйшла ад яго. Ён лістуецца з нарвэжцамі, з Гімлерам, і прапануе: а ці ня ўзяць нам пад свой кантроль Беларусь?» — кажа Катлярчук.

Пляны Гартмана вядомыя з кнігі нарвэскага гісторыка Тэр’е Эмбэрлянда і швэдзкага гісторыка Мэцью Кота. У 2012 годзе яны выдалі па-нарвэску кнігу «Нарвэгія Гімлера: нарвэжцы ў праекце вялікай Нямеччыны». (Emberland, Terje & Kott, Matthew, Himmlers Norge: nordmenn i det storgermanske prosjekt, Aschehoug, Oslo, 2012). У ёй упершыню апублікавалі невядомыя дакумэнты пра плян нарвэскага панаваньня ў Беларусі.

Нарвэжцы хацелі стаць пануючай расай, заняць усе ключавыя пасады, быць гаспадарамі Беларусі.

«Плян Гартмана падтрымалі нарвэскія ўрадоўцы. Прапанова Гартмана так і называлася „Плян па адміністрацыі Нарвэгіі ў Беларусі“. Паводле гэтага пляну, нарвэжцы хацелі стаць пануючай расай, заняць усе ключавыя пасады, быць гаспадарамі гэтай краіны. Нарвэскі Вафэн-СС, нарвэскія легіёны, нарвэжцы ў іншых дывізіях, мусілі б цалкам пераехаць у Беларусь. Тады яны знаходзіліся на Ўсходнім фронце, па-за межамі Беларусі. Нарвэжцы абяцалі немцам зьнішчыць партызанскі рух, маўляў, вы пераводзіце сюды наш Вафэн-СС, а мы вырашаем гэтую праблему. Беларусь была вельмі неспакойным рэгіёнам.

Відкун Квісьлінг (у цывільнай вопратцы ў цэнтры), Фэлікс Хартман (першы справа).
Відкун Квісьлінг (у цывільнай вопратцы ў цэнтры), Фэлікс Хартман (першы справа).

У іх былі пляны па перавозцы нарвэскіх палітычных вязьняў у Беларусь. Гаворка пра 40 тысяч чалавек. Іх хацелі трымаць у Беларусі і выкарыстоўваць на розных працах. Быў плян па калянізацыі беларускіх абшараў нарвэскімі сялянамі. Увосень 1943 году кіраўніцтва СС накіравала прапанову міністру замежных справаў Фіну Сторэну распачаць калянізацыю Баранавіцкага рэгіёну. Нарвэжцы пагадзіліся, і кіраўнік бюро МЗС Нарвэгіі Георг Люнд распрацаваў нават „Плян адміністрацыі тэрыторыі 10 тыс. квадратных кілямэтраў з насельніцтвам 300 000 чалавек“. Гісторыкі напісалі ў сваёй кнізе, што былі ўжо выдзеленыя грошы, каб пачаць калянізацыю з Баранавічаў. Як варыянт называлася Горадня. На гэты конт у іх была дыскусія. У гэтых двух кропках быў моцны нацысцкі кантроль. Нарвэжцы разумелі, што для немцаў Беларусь — не прыярытэт, таму тут ёсьць магчымасьць дамаўляцца».

А беларусы павінны былі быць рабамі. Гэтае слова нават гучыць у крыніцах.

Ці ведалі пра пляны Гартмана беларускія дзеячы ў Менску, якія супрацоўнічалі з нацысцкім акупацыйным рэжымам? Паводле Андрэя Катлярчука, у канцэпцыі Austerveg не было месца для беларускіх нацыяналістаў, якія калябаравалі з нацыстамі.

Агітацыйны плякат Нарвэскага легіёну і Вафэн-СС супраць бальшавізму.
Агітацыйны плякат Нарвэскага легіёну і Вафэн-СС супраць бальшавізму.

«Ані пра Радаслава Астроўскага, ані пра Раду даверу, гаворкі нават не ішло. Гаворка ідзе толькі пра нарвэскую жыцьцёвую прастору на Ўсходзе, каб апанаваць Беларусь. А беларусы павінны былі быць рабамі. Гэтае слова нават гучыць у крыніцах. Дакладна невядома, якое месца ў будучыні адводзілася і самім нарвэжцам. Рэч у тым, што немцы хацелі, каб нарвэжцы анямечыліся, і перайшлі на нямецкую мову. Яны пра гэта адкрыта дыскутавалі. Фэлікс Гартман на гэта пісаў у сваіх лістах, што „агульная барацьба на фронце злучыла нас і, вядома ж, адзіная мова нас таксама злучыць“. Сам ён быў ня супраць анямечваньня» — дадае Катлярчук.

Доказам сур’ёзнасьці намераў па калянізацыі Ўкраіны быў візыт прадстаўнікоў нарвэскай адміністрацыі ў Роўна. Паводле гісторыка Катлярчука, нядаўна ён дазнаўся пра імаверны візыт самога Квісьлінга ў Менск у 1943 годзе. Гэтую вэрсію Катлярчук цяпер правярае ў супрацы з нарвэскімі калегамі.

Чырвоная армія вызвалілі Менск гэтыя пляны пайшлі на нішто.

Праект Гартмана-Квісьлінга ў выніку пацярпеў фіяска. Галоўнай прычынай сталі паразы нямецкага войска на ўсходзе і канфлікты ўнутры нарвэскай адміністрацыі.

«У 1943 годзе ў нарвэскім легіёне адбываюцца канфлікты. Жаўнеры былі незадаволеныя вайною, адбываліся спрэчкі зь немцамі. У сакавіку 1943 году нарвэскі легіён быў распушчаны, а жаўнеры выведзеныя ў Нямеччыну. І калі 3 ліпеня 1944 году Чырвоная армія вызвалілі Менск гэтыя пляны пайшлі на нішто. Таму яны так ніколі і не рэалізаваліся. Але яны былі. І былі сур’ёзнымі, дыскутаваліся на найвышэйшым узроўні — на ўзроўні Гімлера і Квісьлінга, на ўзроўні Гітлера».

Ліст у МЗС Нарвэгіі дасланы Хартманам зь Менску. Здымак: www.arkivverket.no
Ліст у МЗС Нарвэгіі дасланы Хартманам зь Менску. Здымак: www.arkivverket.no

Ці не былі нямецкія абяцаньні нарвэжцам тактыкай адводу вачэй, каб прымусіць нарвэжцаў быць ляяльнымі? На думку Катлярчука, такі аспэкт, натуральна, быў. Невядома, ці атрымалі б нарвэжцы Беларусь, калі б Гітлер перамог. Падобныя абяцаньні, але без канкрэтыкі, немцы рабілі латышам, узамен за стварэньне латыскага легіёну СС. Спробы стварыць свае ўзброеныя фармаваньні, каб размаўляць з нацыстамі на роўных, рабілі і беларусы.

«Ня думаю, што ў беларускім выпадку немцы гатовыя былі ісьці так далёка, але з нарвэжцамі было іншае пытаньне. Самі немцы разглядалі нарвэжцаў як супэрвыдатны арыйскі элемэнт. Як стопрацэнтных арыйцаў, да якіх ніколі не дайшлі іншыя народы. І таму ў расавым сэнсе, у адрозьненьні ад славян, якіх немцы лічылі недачалавекамі, тыя былі выдатным біялягічным элемэнтам, які б мог дапамагчы анямечыць гэтыя прасторы. У немцаў была процьма плянаў. Ніхто ня ведаў, што будзе пасьля вайны, калі б Гітлер перамог. Але ідэя жыцьцёвай прасторы пачала ажыцьцяўляцца яшчэ падчас вайны. Элемэнтам гэтага пляну быў Галакост. Чарговы факт — яны сапраўды пачалі перасоўваць нямецкіх каляністаў на Ўсход. У Беларусь плянавалася перасяліць каля 300 тысяч нарвэжцаў. Можна толькі здагадвацца, што было б на тэрыторыі Беларусі, каб гэты плян перамог. Але адно можна сказаць упэўнена: ніякай Беларусі на мапе сьвету не было б, а нашчадкі беларусаў, калі б і жылі, то толькі ў выглядзе рабоў арыйскай расы. Відавочна, што нават без нарвэжцаў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG