Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трох беларусаў не пусьцілі ў Адэсу. Іх падазраюць у рыхтаваньні правакацыяў


Супрацоўнікі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны супольна са Службаю бясьпекі і Нацыянальнай паліцыяй затрымалі сёньня трох грамадзян Беларусі, чатырох — Кіргізстану і аднаго расейца, якія ехалі ў Адэсу нібыта для ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах.

«У выніку комплекснай праверкі праваахоўнікі ўстанавілі, што асобы прыбылі на запрашэньне грамадзкай арганізацыі, якая, верагодна, прыцягвала баевікоў на „Кулікова поле“, якія таксама ўдзельнічалі ў спробах сілавога захопу будынкаў дзяржаўных органаў улады», — паведамілі Радыё Свабода ў адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Памежнікі ўдакладнілі, што грамадзяне Беларусі ды Кіргізстану прыляцелі рэйсам «Менск-Адэса». «Усіх асобаў, якія не змаглі выразна назваць мэту свайго знаходжаньня на тэрыторыі Ўкраіны, празь мяжу не прапусьцілі і вярнулі зваротнымі рэйсамі», — удакладнілі памежнікі.

Ва Ўкраіне на ўсіх участках мяжы трываюць узмоцненыя захады для супрацьдзеяньня магчымаму прыезду асоб для ўдзелу «ў дзеяньнях дэстабілізацыйнага характару напярэдадні гадавіны трагедыі ў Адэсе».

Заўтра ў Адэсе плянуецца шэраг захадаў, прымеркаваных да трэцяй гадавіны трагедыі, у часе якой пацярпелі каля 200 і загінулі 48 чалавек. Для аховы парадку ў горад сьцягнутыя больш як 2 тысячы праваахоўнікаў, а рух транспарту будзе абмежаваны.

2 траўня 2014 года ў Адэсе адбыліся сутыкненьні паміж прарасейскімі і праўкраінскімі актывістамі. Супрацьстаяньне пачалося ў цэнтры горада, а потым перамясьцілася на Кулікова поле, дзе знаходзіўся лягер прарасейскі настроеных грамадзян. Менавіта там, на Куліковым полі, было больш ахвяр, у прыватнасьці, з-за падпалу Дома прафсаюзаў, у якім яны хаваліся. Сьледзтва выявіла, што масавыя беспарадкі ў Адэсе былі арганізаваны і спэцыяльна сплянаваны ў межах «расейскай вясны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG