Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гібрыдная вайна» Расеі супраць Чарнагорыі: Бруд і агрэсія на пляжах НАТО»


Пляж Словенска на чаранагорскім курорце Будва.

Расейскія ўлады, якія абяцаюць «меры ў адказ» у выпадку ўступленьня Чарнагорыі ў НАТО, спрабуюць нанесьці ўдар па асноўным сэктары чарнагорскай эканомікі — турызьме.

У расейскіх СМІ апошнія тыдні ідзе кампанія дыскрэдытацыі чарнагорскага турыстычнага кірунку паралельна з рэклямай адпачынку ў Крыме і Сочы. Зрэшты, самі чарнагорцы лічаць, што нэгатыўныя рэпартажы маюць зваротны эфэкт.

Утульныя гатэлі, займальныя экскурсіі і пляжы на любы густ — усё гэта не пра Чарнагорыю. Гэтая краіна ўжо стала перавалачным пунктам для кантрабанды зброі, наркотыкаў і сэкс-рабоў у Заходнюю Эўропу, а цяпер яшчэ і ўступае ў НАТО, дзе будзе выконваць любыя распараджэньні «старэйшага брата», ладзіць правакацыі і выдаваць расейскіх грамадзян у ЗША, абвінавачваючы ў мітычных злачынствах! На такіх тэзісах будуецца новая антычарногорская кампанія, якая пачалася ў расейскіх СМІ перад новым турыстычным сэзонам.

Расейскія турысты лідзіруюць сярод замежных гасьцей у Чарнагорыі. На расейскіх грамадзян прыпадае чвэрць турыстычнага патоку і каля 30 адсоткаў зарэгістраваных замежнікамі кампаній. Даходы ад турызму ў 2016 годзе ў Чарнагорыі ацэньваюцца на 850 мільёнаў эўра. З 2012 году гэтыя даходы павялічыліся амаль на 15 адсоткаў і складаюць пятую частку ВУП краіны.

Расейскі МЗС, мяркуючы па ўсім, вырашыў скарэктаваць гэтую статыстыку, паведаміўшы на днях аб «антырасейскай гістэрыі» у Чарнагорыі і «неспрыяльнай сытуацыі» для турыстаў і бізнэсу. Пра пагрозы расейскім грамадзянам на Балканах ня чулі з часоў канфліктных 90-х, але спрэчкі Масквы з чарнагорскай палітычнай элітай ўжо даўно нагадваюць гібрыдную вайну.

Праціўнікі ўступленьня Чарнагорыі ў НАТО чпальваюць сьцяг альянсу.
Праціўнікі ўступленьня Чарнагорыі ў НАТО чпальваюць сьцяг альянсу.

Новы ўсплёск эмоцый супаў па часе з завяршэньнем інтэграцыі Чарнагорыі ў НАТО і заканчэньнем расьсьледаваньня гучнай справы аб спробе захопу ўлады, па якой праходзяць зьвязаныя з Масквой чарнагорскія апазыцыянэры і двое расійскіх грамадзян. Чарнагорскія выбары аказаліся пастаўленыя ў кантэкст «тэрарыстычнай апэрацыі», у датычнасьці да якой мясцовая пракуратура падазрае расейскія дзяржаўныя структуры і спэцслужбы.
У хуткім часе на лаве падсудных акажуцца двое лідэраў апазыцыйнага «Дэмакратычнага фронту», якіх у Маскве і Чачні прымалі як сяброў, падпісваючы дэклярацыі аб ваенным нэўтралітэце і абмяркоўваючы інвэстыцыйнае супрацоўніцтва. Расейскія грамадзяне Эдуард Шышмакоў і Ўладзімір Папоў, якiя праходзяць па справе аб спробе перавароту, абвінавачаныя завочна. Масква ня раз заяўляла, што ня мае дачыненьня да незаконных апэрацый у Чарнагорыі.

Антычарногорская кампанія ў расейскай інфармацыйнай прасторы не спынялася з канца 2015 году, калі краіна атрымала запрашэньне ўступіць у НАТО. З тых часоў МЗС і пракрамлёўская прэса не хавалі сваёй зацікаўленасьці ў паразе рэжыму шматгадовага лідэра Чарнагорыі Мілы Джуканавіча і зьмене зьнешнепалітычнага курсу краіны.

Сёньня ў Крамлі ўжо наўрад ці памятаюць, як дзякавалі Джуканавічу за стварэньне ўмоў для расейскага бізнэсу або ўзнагароджвалі чарнагорскага прэзыдэнта Філіпа Вуянавіча за «выдатную дзейнасьць па ўмацаваньні адзінства праваслаўных народаў і прасоўваньне хрысьціянскіх каштоўнасьцяў». Чарнагорскія ўлады ўжо тады рыхтаваліся атрымаць індывідуальны плян членства ў НАТО, але восем гадоў таму ў Расеі гэта яшчэ нікога не бянтэжыла.

Цяпер іншыя акцэнты: чарнагорцаў высьмейваюць за памер тэрыторыі і колькасьць арміі, іх выбары — загадзя і пры дапамозе фэйкаў — аб’яўляюць сфальсыфікаванымі, ім абяцаюць «майдан з каўкаскім калярытам», а экс-прэм’ера Джуканавіча абвінавачваюць ў кантрабандзе чалавечых органаў. Сярод самых сьвежых ідэй — забарона на ўвоз у Расею чарнагорскага віна і спробы абмежаваць расейскі турыстычны паток у гэту краіну.

Аднак мясцовыя назіральнікі не драматызуюць сытуацыю. Спэцыялісты ў галіне турызму, наадварот, лічыць, што нэгатыўная кампанія ў расейскіх мэдыях толькі павялічыць цікавасьць да чарнагорскага турыстычнага кірунку. Калі б Расея вырашыла забараніць чартарныя рэйсы ў гэтую краіну, такое рашэньне сапраўды стала б моцным ударам, аднак у Нацыянальнай турыстычнай арганізацыі Чарнагорыі ўпэўненыя, што да гэтага ня дойдзе, кажа ў гутарцы з Радыё Свабода яе прэс-сакратарка Ніна Вукчэвіч.

— Мы ня думаем, што нэгатыўныя публікацыі і рэпартажы, паказаныя па расейскім тэлебачаньні, неяк паўплываюць на турыстычны сэзон і колькасьць турыстаў з Расеі. Недакладная інфармацыя, а часта і не адпаведныя рэальнасьці зьвесткі не змаглі дыскрэдытаваць наш кірунак. Хутчэй нават гэта рэкляма для нас, бо праз гэтыя рэпартажы самі расейскія турысты пачалі публікаваць у сацыяльных сетках свае фатаграфіі і дзяліцца ўражаньнямі аб паездках у Чарнагорыю (# ябылвчерногории акцыя. — РС). Турыстычныя апэратары кажуць, што сёлета цікавасьць да адпачынку ў Чарнагорыі вышэй, чым у мінулым. Летась у нас пабывала 317 тысяч турыстаў з Расеі. У гэтым сэзоне 50 адсоткаў пуцёвак ўжо прададзена.

— З чым ваша арганізацыя зьвязвае нэгатыўную кампанію ў расейскіх СМІ?

— Гэтая кампанія тлумачыцца выключна палітычнымі прычынамі, рашэньнем Чарнагорыі ўступіць у НАТО. Але мы лічым, што гэта будзе толькі спрыяць разьвіцьцю турызму. Ва ўмовах росту тэрарызму і іншых пагроз турысты кіруюцца перш за ўсё меркаваньнямі бясьпекі. Дасьледаваньне, якое мы рабілі яшчэ ў 2014 годзе, паказвае, што расейскія турысты адчуваюць сябе ў поўнай бясьпецы і задаволеныя нашай прапановай. Сярод плюсаў — выкарыстаньне эўра ў якасьці нацыянальнай валюты і магчымасьць знаходзіцца ў Чарнагорыі бяз візы на працягу трох месяцаў, — кажа Ніна Вукчэвіч.

У расейскім МЗС падаўжэньне бязьвізавага знаходжаньня расейскіх грамадзян да 90 дзён называюць «хітрасьцю, якая ня можа прыкрыць стаўленьня да Расеі, якое фармуецца, каб дагадзіць Захаду». Адмова Расейскага саюзу турыстычнай індустрыі ўспрымаць усур’ёз папярэджаньне МЗС пра пагрозу расейцам адкрыла новы фронт у гэтай прапагандысцкай барацьбе. У выніку РСТ сутыкнуўся з абвінавачваньнямі «у прыслужніцтве НАТО» і жаданьні атрымаць прыбытак, рызыкуючы жыцьцямі і здароўем расейцаў.

Пляж Булярыца ў Чанагорыі.
Пляж Булярыца ў Чанагорыі.

Расейская дыяспара ў Чарнагорыі нэгатыўная кампанія хвалюе куды больш, мяркуючы па закліках да эмігрантаў і турыстаў з былога СССР супрацьстаяць «чорнаму піяру». Зрэшты, спэцыялісты мяркуюць, што палітычная спрэчка паміж Масквой і Падгорыцай ня створыць ніякіх праблем расейскай абшчыне і не адаб’ецца на вядзеньні бізнэсу. Такога пункту гледжаньня прытрымліваецца юрыст Іван Зорыч, зьвязаны з расейскімі бізнэс-коламі ў Чарнагорыі.

— На гэтую кампаніі рэагуе пераважна расейскай дыяспара, тыя, хто жыве тут ужо шмат гадоў. Яны актыўна абмяркоўваюць усе гэтыя артыкулы і рэпартажы ў сацыяльных сетках, шмат у каго яны выклікаюць зьдзіўленьне. Вядома ж, у Чарнагорыі няма ніякіх русафобскіх настрояў, якія б разьдзімалі ўлады, няма ніякіх лёзунгаў ці заклікаў праяўляць пільнаьсць ў дачыненьні да расейсцаў. Так што паведамленьні пра нэгатыўнае стаўленьне да расейскіх грамадзян папросту не адпавядае рэальнасьці.

Вядома, ня ўсё ў гэтых рэпартажах выдумка. Некаторыя зьявы сапраўды маюць месца, але раней расейская прэса гэтым не цікавілася, а цяпер падае іх як пагрозу жыцьцю і здароўю расейскіх грамадзян. Скажам, пляжы, вядома, маглі б быць і больш чыстымі. Але ў гэтым зноў жа няма нічога новага. Вось вам адзін з прыкладаў скажэньня інфармацыі. Некалькі дзён таму выбухнула машына, у якой знаходзіўся мясцовы жыхар. У Расеі гэта было пададзена як тэракт, хоць гаворка ішла пра крымінальную разборку. Такое здараецца ў любой краіне. Іншы прыклад — падача ў расейскіх СМІ тэмы ўступленьня ў НАТО. Ні масавы антынатаўскія мітынгі, ні нейкай жорсткасьці з гэтай нагоды не назіраецца.

— Ці можа крызіс у адносінах Расеі і Чарнагорыі прывесьці да таго, што расійскія грамадзяне пачнуць згортваць тут свой бізнэс?

— Тыя выпадкі, пра якія мне вядома, не былі зьвязаныя з палітычнымі меркаваньнямі, гэта залежала ад матэрыяльных абставін. Асобная гісторыя — з алюмініевым камбінатам у Падгорыцы, у які інвэставаў расейскі алігарх Алег Дзерыпаска і які ў выніку быў прызнаны банкрутам. Гэта адбылося некалькі гадоў таму і ніяк ня зьвязана з цяперашнім абвастрэньнем адносін Расеі і Чарнагорыі. У Чарнагорыі ў прынцыпе разьвіваць бізнэс досыць складана, але гэта ня значыць, што цяпер магчымы нейкі націск з боку чарнагорскіх уладаў, — лічыць Іван Зорыч.

XS
SM
MD
LG