Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці супакоіў Уладзімер Макей краіны НАТО сваімі апошнімі заявамі?


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Глод: Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію тэлеканалу «Мір» выказаў сваё стаўленьне да апошніх падзей паблізу ад дзяржаўнай беларускай мяжы. Ён сказаў, што беларускія ўлады ня могуць прайсьці міма апошніх крокаў НАТО. Макей патлумачыў, што ён мае на ўвазе разьмяшчэньне некалькіх тысяч вайскоўцаў і некалькіх дзясяткаў танкаў у Польшчы і краінах Балтыі.

Праўда, кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства прызнаў: гэтыя крокі кардынальна сытуацыю ў ваенным пляне не зьмянілі. Аднак Макей прывёў аналёгію зь вядомай фразай Антона Чэхава пра тое, што стрэльба, якая вісіць на сьцяне, калі-небудзь можа і стрэліць.

Падобна, што міністар адчувае пэўны дыскамфорт. Пра што ён і сказаў далей. Маўляў, мы бачым узмацненьне ваяўнічай рыторыкі паміж Усходам і Захадам. І гэтыя ўзаемныя абвінавачаньні не заўсёды абгрунтаваныя. Пры гэтым Макей прадэманстраваў пэўную асьцярожнасьць, дадаўшы, што ня будзе зараз казаць, чыя тут праўда, а чыя віна.

Запрашэньне кіраўніка Беларусі можна разумець як заклік гарантаваць абарону самога Лукашэнкі ад непрадказальных дзеяньняў Крамля.

Краіны НАТО, найперш тыя, што маюць агульную мяжу зь Беларусьсю, ужо неаднойчы выказвалі сваю заклапочанасьць маючымі адбыцца беларуска-расейскімі вучэньнямі «Захад-2017». Зь іх пункту гледжаньня, гэтыя вучэньні маюць агрэсіўны характар. Каб супакоіць Захад, Макей заявіў, прычым падкрэсьліўшы, што гаворыць ён адназначна:

«Зь беларускага боку ў дачыненьні да нікога ніколі не паходзіла пагроза і ня будзе паходзіць. Мы зьяўляемся дзяржавай, якая не стварае праблемы камусьці, а наадварот, робіць свой унёсак у забесьпячэньне стабільнасьці і бясьпекі ў рэгіёне».

Пакуль рэакцыі на апошнія выказваньні спадара Макея ні з Брусэля, ні зь Вільні, ні з Варшавы не чуваць. Але словы кіраўніка МЗС Беларусі не адпавядаюць танальнасьці выказваньняў высокіх асобаў Расеі.

Так, міністар абароны РФ Сяргей Шайгу заяўляў, што пры распрацоўцы задумы і сцэнару вучэньняў будзе ўлічаная сытуацыя, зьвязаная з узмацненьнем актыўнасьці НАТО паблізу межаў Саюзнай дзяржавы.

Дый Лукашэнка адзначаў: новыя кантынгенты НАТО разгортваюцца каля нашых беларускіх межаў, мы гэта бачым і робім бяз гвалту, бяз шуму адэкватныя захады. Пры гэтым Лукашэнка запрасіў назіральнікаў ад Паўночнаатлянтычнага альянсу на вучэньні.

Вайсковыя і палітычныя экспэрты адзначаюць: расейска-беларускія вайсковыя вучэньні сёлета праводзяцца далёка не ўпершыню, аднак раней такога ажыятажу вакол іх не было. Чаму? Напружанасьць зьявілася толькі пасьля расейскай анэксіі Крыму. Тры былыя рэспублікі СССР, а цяпер незалежныя краіны Балтыі забілі трывогу. Яны баяцца, што расейскае войска можа ўварвацца на іх тэрыторыю. Каб дадаткова засьцерагчыся, у краінах Балтыі і зьявіліся натаўскія батальёны.

Лукашэнка таксама не адчувае бясьпекі. Нездарма ж некаторыя экспэрты заўважаюць: у адрозьненьне ад расейскага кіраўніцтва, ён запрасіў натаўцаў на манэўры. І не таму, што ён так хоча іх там бачыць. Хутчэй гэтае запрашэньне кіраўніка Беларусі можна разумець як заклік гарантаваць абарону самога Лукашэнкі ад непрадказальных дзеяньняў Крамля.

Мне падаецца, разважаньні Ўладзімера Макея наўрад ці супакояць і НАТО, і краіны Балтыі. А як вы мяркуеце, калегі?

Карбалевіч: Цікава тое, што Макей фактычна зьвязвае восеньскія вайсковыя вучэньні з актывізацыяй НАТО каля беларускіх межаў. Прыкладна падобная лёгіка была прагаворана і Лукашэнкам падчас выступу з пасланьнем у Нацыянальным сходзе тыдзень таму.

Раней беларускія афіцыйныя асобы казалі, што гэта руцінныя, плянавыя вучэньні, прызначаныя даўно. Таму, маўляў, ня трэба напружвацца.

А цяпер вось акцэнтуюць увагу на павелічэньні колькасьці натаўскіх войскаў у Польшчы і краінах Балтыі. Дык што, калі б гэтых новых войскаў не было, то і вучэньняў не было б? Але падобныя вучэньні былі і ў 2013, і ў 2009 гадах.

Сапраўды, праблема палягае якраз у тым, што адбываецца канфлікт і ваенна-палітычнае напружаньне паміж Расеяй і Захадам. І на гэтым фоне любыя дзеяньні кшталту гэтых вучэньняў успрымаюцца значна больш хваравіта, чым раней. І, дарэчы, Макей пра гэта кажа ў сваім інтэрвію.

Аднак ён ня ўзгадвае, што актывізацыя НАТО каля межаў Беларусі — гэта адказ на дзеяньні Расеі ва Ўкраіне. Варта было б адрозьніваць прычыну ад наступстваў.

Цыганкоў: Беларускія ўлады вымушаныя працягваць сваё звычайнае балянсаваньне паміж Расеяй і Захадам. Маскве гаворыцца пра тое, як беларускія войскі гатовыя да гэтых вучэньняў, якія яны важныя для абодвух бакоў. Ну, а Захаду гаворыцца, што гэтыя войскі не ўяўляюць ніякай небясьпекі для беларускіх суседзяў, што вучэньні плянавыя і ў пэўным сэнсе служаць адказам на тое, што вы самі нібыта тое самае робіце — праводзіце вучэньні, узмацняеце вайсковыя кантынгенты каля нашых межаў.

Беларусь ніяк ня хоча быць уцягнутая ў тую канфрантацыю паміж Расеяй і Захадам, хоча заставацца «донарам стабільнасьці».

Але такое ўражаньне, што міністар замежных спраў Беларусі быццам апраўдваецца перад Захадам. Прабачце, што мы вымушаныя праводзіць такія вучэньні, бо вось, па-першае, яны плянавыя, па-другое, такая абстаноўка.

Усё-ткі за апошнія гады рыторыка зьмянілася, і калі казаць пра нейкія папярэднія вучэньні, якія, калі пагартаць інтэрнэт, падшыўкі, таксама выклікалі пытаньні з боку перш за ўсё літоўскіх і польскіх палітыкаў і вайскоўцаў, то тады беларускія ўлады адказвалі больш жорстка — маўляў, гэта ня ваша справа, што хочам, тое і праводзім. А цяпер рыторыка, безумоўна, больш мяккая.

Гэта кажа пра тое, што Беларусь ніяк ня хоча быць уцягнутая ў тую канфрантацыю паміж Расеяй і Захадам, хоча заставацца «донарам стабільнасьці». З гэтага пункту гледжаньня, калі б была якая магчымасьць гэтыя вучэньні не праводзіць, адмяніць — мне здаецца, афіцыйны Менск з задавальненьнем бы іх пазьбегнуў. Але яны плянавыя, і такія намеры выклікалі б вялікае абурэньне з боку Расеі.

Ну, а вайскова-стратэгічнае супрацоўніцтва — гэта якраз тая сфэра, дзе Менску не дазваляюцца такія вольнасьці, як у газавай ці малочных войнах. Тут Менск вымушаны дэманстраваць, хаця б публічна, максымальную еднасьць са сваімі расейскімі саюзьнікамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG