Беларускім прадпрыемствам працаваць на расейскім рынку становіцца ўсё больш складана, таму дзейнічаць ім трэба максымальна эфэктыўна.
Пра гэта заявіў амбасадар Беларусі ў Расеі Ігар Петрышэнка на сэмінары-нарадзе зь беларускімі экспартэрамі.
Паводле Петрышэнкі, працаваць на расейскім рынку становіцца ўсё больш складана.
«Дэвальвацыя расейскага рубля, дарагія крэдыты, адсутнасьць свабодных фінансавых сродкаў у спажыўца, зьніжэньне пакупніцкай здольнасьці — усё гэта непасрэдна ўплывае на абʼёмы нашых экспартных паставак. Растуць абʼёмы дзяржаўнай падтрымкі расейскіх вытворцаў аўтамабільнай і сельгастэхнікі, лёгкай прамысловасьці, што парушае цэнавую канкурэнтаздольнасьць беларускай прадукцыі».
Паводле Петрышэнкі, пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасьць арганізацый Беларусі ў гандлі з Расеяй з пачатку году вырасла на 20,5%.
«Прыблізна кожная пятая дамова ў Расеі заключаецца з махлярскімі структурамі, якія не зьбіраюцца выконваць свае абавязаньні па аплаце пастаўленых тавараў. Досыць часта дамовы заключаюць кампаніі, якія знаходзяцца ў перадбанкрутным стане. У сувязі з гэтым беларускім экспартэрам, перш чым заключаць дамову і адгружаць тавар з адтэрміноўкай плацяжу, варта праводзіць прэвэнтыўную працу па праверцы новых контрагентаў, маніторынг фінансавага становішча на стадыі выкананьня кантракту, своечасовае прыняцьце мер па прымусовым спагнаньні запазычанасьці», — сказаў Петрышэнка.
Паводле Петрышэнкі, у разы павялічылася колькасьць зваротаў у амбасаду з боку прадпрыемстваў і арганізацый, якія просяць дапамагчы ў вяртаньні пратэрмінаваных даўгоў, перадае БелТА.
«Прычым у большасьці выпадкаў гэтыя даўгі безнадзейныя», — сказаў амбасадар.