Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея замахваецца на свабоду веравызнаньня, — урадавая камісія ЗША


Ілюстрацыйнае фота: сьведкі Іеговы на нядзельным кангрэсе (малебен). У красавіку ў Расеі дзейнасьць Сьведак Іеговы была забароненая

Камісія міжнароднай рэлігійнай свабоды ЗША рэкамэндавала вызначыць Расею як «краіну, якая выклікае асаблівую занепакоенасьць» у пытаньні забесьпячэньня свабоды веравызнаньня. У апублікаваным 26 красавіка штогадовым дакладзе камісія ўпершыню ўключыла Расею ў лік такіх краінаў, разам зь 15 іншымі дзяржавамі.

Спэцыялісты назвалі Расею ўнікальнай сярод краінаў з рэлігійнай несвабодай, паколькі толькі яна «пашырыла сваю рэпрэсіўную палітыку на тэрыторыю суседняй дзяржавы». Такім чынам аўтары дакладу паказалі на незаконную анэксію Масквой Крымскага паўвострава Ўкраіны.

У дакладзе таксама паказана, што прыняты ў 2016 годзе закон «фактычна крыміналізуе ўсе прыватныя рэлігійныя прамовы, не санкцыянаваныя дзяржавай». Камісія міжнароднай рэлігійнай свабоды ЗША таксама згадвае, што Вярхоўны суд Расейскай Фэдэрацыі ў пачатку гэтага месяца ўхваліў рашэньне аб’явіць па-за законам рэлігійную арганізацыю сьведак Іеговы.

У сьпіс «краінаў, якія выклікаюць асаблівую занепакоенасьць», аналітыкі, як і летась, рэкамэндуюць уключыць Пакістан. У 2016 годзе тагачасны дзяржсакратар Джон Керы адхіліў гэтую рэкамэндацыю. Цяпер ёсьць 10 краінаў, якіх ЗША афіцыйна лічаць злоснымі парушальнікамі рэлігійнай свабоды. Гэта Бірма (яна ж М’янмар), Кітай, Эрытрэя, Іран, Паўночная Карэя, Сырыя, Судан, Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан.

XS
SM
MD
LG