Да чарнобыльскай капліцы ў мікрараёне «Валатава» 26 красавіка ўскладзены вянок у бел-чырвона-белых колерах і жывыя кветкі. Вянок выраблены рукамі сябра АГП Аляксандра Процкі. На жалобнай стужцы напісана: «Чарнобыль — наш смутак і боль».
Колішні старшыня пастаяннага камітэту па чарнобыльскіх пытаньнях Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Віктар Хоміч прамовіў каля капліцы:
«Палітыка і грошы» вызначылі стаўленьне краін да найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы. У гэтым сэнсе беларускае кіраўніцтва ня здолела атрымаць ад «маскоўскай банды» належную кампэнсацыю, хоць Беларусь, Гомельшчына ў прыватнасьці, найбольш пацярпелі ад «мірнага атаму».
Паводле Хоміча, за трыццаць адзін год на зьмяншэньне наступстваў катастрофы выдзелена толькі дзясятая частка сродкаў ад сумы нанесенай шкоды. Дакладней — 20 мільярдаў даляраў з 235, якія вызначаныя як шкода, нанесеная Беларусі катастрофай на ЧАЭС. Прычым 12 мільярдаў Беларусь атрымала яшчэ падчас існаваньня былога Саюзу, каля 5 мільярдаў было выдзелена да 1994 году.
«За амаль 23 гады праўленьня Лукашэнкі на зьмяншэньне наступстваў катастрофы накіравана толькі каля 3 мільярдаў даляраў, — кажа Віктар Хоміч. — Гэтыя лічбы красамоўна сьведчаць пра тое, якое месца адводзіцца цяпер уладамі чарнобыльскім праблемам».
Па словах прамоўцы, па сутнасьці зьліквідаваныя ліквідатары, якія на сваіх плячах вынесьлі найбольшы цяжар змаганьня з радыяцыяй. Іх пазбавілі льготаў, прадугледжаных прынятымі раней законамі, перавялі ў статус пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы.
Не адрэагавала Беларусь належным чынам і на подзьвіг ураджэнца Брагінскага раёну Васіля Ігнаценкі, які першым змагаўся з радыяцыйным полымем, не даючы пажару перакінуцца на суседні атамны энэргаблёк.
Ня выканана і абяцаньне зрабіць найбольш пацярпелую ад радыяцыі Гомельшчыну «беларускай Швайцарыяй». У Брагіне, Нароўлі, Хойніках, казаў прамоўца, мясцовым жыхарам бракуе працы, яны жывуць на мізэрныя заробкі.
«У Беларусі дзьве бяды, — падсумаваў жалобную імпрэзу гомельскі гарадзкі актывіст і палітык Уладзімер Кацора. — Гэта Чарнобыль і дзейная ўлада».