Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з бацькоў беларускай незалежнасьці Зянон Пазьняк выдаў разам з паплечнікамі праграму першасных рэформаў, якія трэба правесьці ў Беларусі пасьля падзеньня дыктатуры, а таксама расьпісаў агульны вобраз дзяржавы, якую трэба пабудаваць у Беларусі.

Беларусь павінна быць членам Эўрапейскага Зьвязу і NATO.

Зь нечым у гэтым дакумэнце можна не пагадзіцца — я, напрыклад, не падзяляю заклапочанасьці тэмай традыцыйнай сям’і і лічу, што грамадзяне павінны мець юрыдычную магчымасьць заключаць шлюбы з асобамі свайго полу (а чаму б, зрэшты, і не полігамныя шлюбы таксама). Таксама не падзяляю зьнешнепалітычную частку праграмы: я лічу, што Беларусь павінна быць членам Эўрапейскага Зьвязу і NATO, бо гэта найбольш надзейная гарантыя як вонкавай бясьпекі, так і дэмакратычнага разьвіцьця. Адзіная альтэрнатыва для NATO і ЭЗ — клюбы постсавецкіх дыктатураў, у якіх Беларусь удзельнічае цяпер.

Нарэшце, можна было б дадаць у праграму аднаўленьне юрыдычнае пераемнасьці Рэспублікі Беларусь ад Беларускай Народнай Рэспублікі з адпаведнымі наступствамі: юрыдычным прызнаньнем савецкай акупацыі Беларусі акупацыяй, прызнаньнем права на беларускае грамадзянства для карэнных жыхароў Віленшчыны, Смаленшчыны, Падляшша; і гэтак далей.

Але на тое мы ўсе і імкнемся да дэмакратыі, што гэтыя пытаньні можна і трэба абмяркоўваць і прыходзіць да кампрамісу па іх.

Калі яшчэ не пачыталі праграму, зрабіце гэта.

З усім астатнім я згодзен амаль на сто адсоткаў: мадэрнізацыя грамадзкага ладу, лібэралізацыя эканомікі (у тым ліку прыватная ўласнасьць на зямлю), дэцэнтралізацыя, парлямэнцка-прэзыдэнцкая рэспубліка, пабудова прававой дэмакратычнай дзяржавы. Ну і, вядома ж, сымбалічныя зьмены: ня проста вяртаньне дзяржаўных сымбаляў 1991 г., але і старажытналітоўскія ваяводзтвы, паветы і староствы замест савецкіх «абласьцёў» (нават слова не беларускае), раёнаў і сельсаветаў; Сойм замест Нацыянальнага Сходу ці «Вярхоўнага» (таксама не беларускае слова) Савету, і гэтак далей. Калі яшчэ не пачыталі праграму, зрабіце гэта: там вельмі дэталёва прапісаныя прапановы па многіх кірунках дзяржаўнай палітыкі.

Многае з рэформаў, якія будзе рабіць першая дэмакратычная ўлада, будзе залежаць ад абставінаў пераходу ад дыктатуры.

Зрэшты, тэкст, вядома ж, не дае адказу на галоўнае пытаньне: як Беларусі пазбавіцца аўтарытарнага рэжыму. І насамрэч, многае з рэформаў, якія будзе рабіць першая дэмакратычная ўлада, будзе залежаць ад абставінаў пераходу ад дыктатуры, ад кампрамісаў з старой рэжымнай элітай, абстаноўкі ў міжнароднай палітыцы (у тым ліку ад таго, што павінна быць з Расеяй, каб мы маглі рэалізаваць у Беларусі такую праграму).

Праграма надзвычайна карысная ўжо тым, што яшчэ раз фармалізоўвае патрабаваньні апазыцыйнай супольнасьці і запрашае да дыскусіі. Яна важная як увасабленьне візіі, бачаньня, альтэрнатыўнай, іншай Беларусі.

Гэта важнае інтэлектуальнае практыкаваньне, прычым якасна выкананае.

Але праграма Пазьняка і паплечнікаў — гэта нават ня проста чарговы адказ на рытарычнае пытаньне «а што гэтая вашая апазыцыя прапануе». Гэта важнае інтэлектуальнае практыкаваньне, прычым якасна выкананае, зважаючы на яе дэталёвасьць. Такім ужо займаліся многія людзі (з найбольш цікавых прыкладаў хацелася б узгадаць «Эканамічную Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь», напісаную ў 2007 годзе Яраславам Раманчуком). І гэткае практыкаваньне трэба рабіць рэгулярна і публічна, і праекты гэтыя неабходна вывучаць і неабходна дзесьці захоўваць сабе у «закладках». Бо аднойчы ўсе яны спатрэбяцца.

Зянону Пазьняку ягоная публічнасьць і папулярнасьць дазволіла дабіцца пэўнага рэзанансу для ягонай праграмы ў СМІ і сацыяльных мэдыях. Гэта адназначны посьпех — і вельмі хацелася б, каб іншыя палітыкі (напрыклад, Андрэй Саньнікаў) паспрабавалі гэты посьпех паўтарыць і падтрымаць ініцыятыву. Паспрачацца з Пазьняком, дапоўніць яго ці падтрымаць. Размова ўсё ж пра будучыню Беларусі, на якую беларускае грамадзтва пры ўзурпаванай уладзе і непрацуючых мэханізмах дэмакратыі цяпер ня можа ўплываць. Але хаця б выказваць пажаданьні альбо нават цэлае бачаньне таго, як павінна быць уладкаванае жыцьцё, мы можам і павінны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG