Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атракцыён гістарычнай памяці — Сяргей Шабохін аб’яднаў барэльеф «Салідарнасьць», помнік Леніну і пісуар Дзюшана


Мастак (shabohin.com) прысьвяціў працу стагодзьдзю дзьвюх рэвалюцый: сацыялістычнай — зьдзейсьненай бальшавікамі ў 1917, і мастацкай — зьдзейсьненай францускім мастаком Марсэлем Дзюшанам, які сваёй працай «Фантан» роўна 100 гадоў таму пачаў новую эру ў мастацтве.

Трыпціх пад назвай «Падзеленая салідарнасьць» намаляваны на сьцяне Галерэі «Ў». Ён выстаўлены ў межах мастацка-адукацыйнага фэстывалю Artes Liberales 2017, які сёлета праходзіць пад назвай «Эра рэвалюцый».

«Падзеленая салідарнасьць» — гэта гульня словаў. Мы пэрыядычна падзяляем адзін з адным салідарнасьць, а іншым разам гэтую салідарнасьць хтосьці за нас ужо падзяліў паміж намі. Першая частка — ўласна барэльеф «Салідарнасьць». Апроч помнікаў Леніну гэта ці не адзіны манумэнт у Беларусі, які можа быць прысьвечаны рэвалюцыі. Ён пазнавальны, адразу прыцягвае ўвагу прыежджага чалавека. Ён закрывае сабой царкву на Нямізе.

На ўсім гэтым будынку напісаная лічба 2017 — усё гэта адбываецца тут і цяпер. У самім гэтым будынку з барэльефам быў Дом модаў. Летась там унізе адкрылася сеткавая рэстарацыя хуткага харчаваньня KFC. Для мяне гэта неверагодны кантраст: людзі зьверху салідарна ідуць на гледача. А пад ім сьвеціцца нэон розных банкаў, крамаў, піцца, аптэка, Рублёўскі. Гэта такі вобраз капіталізму.

На росьпісе людзі салідарна, як на подыюме, па пэўнай лініі, выходзяць з KFC. Гэта тое, пра што сучасны беларус думае больш, чым пра салідарнасьць — спажывецтва.

Паводле іканаграфіі выяўляць правадыроў ззаду нельга, але цяпер іншы час.

Другая частка — гістарычны атракцыён. Людзі ідуць, падыходзяць да помніка Леніну, якi стаіць дагэтуль на плошчы Незалежнасьці. Гэта помнік выяўлены ззаду. Паводле іканаграфіі выяўляць правадыроў ззаду нельга, але цяпер іншы час — можна як хочаш. Тым больш, што толькі не рабілі з гэтым бедным Леніным. Вось у Брэсьце нядаўна аблілі фарбай.

У рэальнага помніку ззаду ёсьць дзьве лесьвіцы. Напэўна для таго, каб туды ўздымаліся партыйныя лідэры і махалі рукой падчас парадаў. Але ўзьняцца па адной лесьвіцы і спусьціцца па іншай — немагчыма. Таму я «зрабіў» пад Леніным адтуліну. Вельмі нізка, каб чалавек прыхіляўся, прапаўзаў пад гэтым помнiкам і выходзіў зь яго наскрозь па іншай лесьвіцы. Па аналёгіі з тым, як у цэрквы прывозяць мошчы розных сьвятых. Пад імі таксама можна прапаўзьці і атрымаць нейкі сакральны досьвед, палепшыць здароўе.

Для мяне спроба прапаўзьці пад шматоннай вагой Леніна — гэта і ёсьць сакральны атракцыён памяці.

У пісуар можна зайсьці толькі па адным

І трэцяя частка паказвае будучыню, утопію. Гэта сынтэз двух манумэнтаў: маўзалей на Чырвонай плошчы, які я сынтэзаваў зь вялікай працай Марсэля Дзюшана, якая называецца «Фантан». Гэта перавернуты пісуар, які ён стварыў у 1917 годзе і падпісаў «R.Mutt» («дурань»). Так ён выявіў нязгоду з салёнам (мастацкай выставай), якая тады адбывалася і куды бралі абсалютна ўсіх мастакоў. Там працы вывешвалі проста па алфавіце. Таму ён паглядзеў, што выявы кацянятаў вісяць побач з сапраўдным жывапісам, і падумаў, ці зможа там быць выстаўлены пісуар. Дзюшан перавярнуў пісуар, пазбавіўшы яго функцыі, і падпісаў «R.Mutt. 1917». Гэтую працу адмовіліся выстаўляць.

Такiм чынам Дзюшан паставіў сур’ёзнае пытаньне: што ёсьць мастацтва, і што ня ёсьць мастацтва. Ці можа мастак выкарыстаць ужо гатовы прадмет, даўшы яму іншыя функцыі і сказаўшы: «я прапаную лічыць гэта мастацтвам». Такім чынам ён вынайшаў панятак ready-made і зрабіў неверагодную рэвалюцыю ў мастацтве. З таго часу яно вельмі моцна зьмянілася.

Для мяне важны сынтэз дзьвюх рэвалюцый: рэвалюцыя ў грамадзтве і рэвалюцыя ў мастацтве. Я іх сумясьціў. Пісуар стаў вялізнага памеру. Чарга людзей, якая ідзе з Дому мод праз помнік Леніну, спыняецца перад пісуарам, бо туды можна ўвайсьці толькі па адным. Гэта відаць па выяве, бо ўнутры стаіць адзін чалавек.

Гэта тое, чым зьяўляецца тэрыторыя мастацтва — яно разьвівае скрайні індывідуалізм. Для мяне гэта вобраз храма дзьвюх рэвалюцый 1917 году.

Разам атрымаўся комікс: чарга ідзе ад салідарнасьці Дома модаў да прагрэсіўнага індывідуалізму і, магчыма, назад да гэтай салідарнасьці.

Уладу трэба дэсакралізаваць

Ленін — гэта яшчэ адна сакральная кропка ў Беларусі, якую нельга кранаць. Яна па інэрцыі дасталася нашай уладзе, нібыта сымбаль яе самой. Таму лепш да яе не дакранацца, хаця гэта ўсяго толькі прадмет, помнік пэўнай гістарычнай ідэалёгіі. Гэтая антэна мінулага — помнік Леніну — стаіць у кожным горадзе Беларусі. На тым сакральных плошчах, якімi бачаць iх улады. Вобразна кажучы, сакральнае месца ў Беларусі займае менавіта ўлада — не рэлігія, ні мінулае, а ўлада. І Ленін нiбыта стаў маркёрам гэтай улады, сымбалем рэжыму. Важна, што гэты рэжым не паставіў сабе помнік пры жыцьці, а карыстаецца помнікамі мінулага. На які ён наслаіўся, як матрошка наслаіўся, але пасьля зьверху яго накрыла ўжо матрошка капіталістычная.

Гэта сымбаль нашай вэртыкалі ўлады, якая нагадвае, што савецкія каштоўнасьці па бачаньні ўлады жывыя і будуць жывыя. Зразумела, што гэтыя леніны з часам стануць набыткам публічнасьці. Калі зьнікне адчуваньне таго, што ўлада — гэта нешта сакральнае. Бо што дакладна трэба дэсакралізаваць — гэта ўладу. Яна, зразумела, мусіць служыць людзям.

Плошчы павiнны быць тым, чым і зьяўляюцца — публічнымі прасторамі. У розных краінах савецкія манумэнты аддадзеныя розным культурным iнiцыятывам, якія запрашаюць мастакоў, гісторыкаў, урбаністаў нешта зь імі зрабіць. На іх фоне ставяць спэктаклі, зь іх робяць арэлі, разьбіваюць вакол сады. Не зьнішчаюць, а пераасэнсоўваюць.

Напрыклад у Кіеве на хвалi працэсу дэкамунiзацыi (да якога я стаўлюся даволi крытычна) помнік Леніну зьнесьлі, але пастамэнт аддадзены мастацкай iнстытуцыi «Ізаляцыя». Яна ладзіць конкурсы сярод мастакоў, якія спрабуюць пераасэнсаваць, чым зьяўляецца гэта пастамэнт сёньня. Адна з апошніх працаў найбольш дакладна паказвае, што можна зрабіць з гэтым манумэнтам. Да пастамэнту былі прыбудаваныя лесьвіцы з абодвух бакоў. Таму любы чалавек мог узьняцца і стаць гэтым манумэнтам замест Леніна.

Для мяне гэта прыклад таго, што мусіць адбыцца ў Беларусі, каб манумэнты ізноў сталі часткай грамадзтва. Тады людзі будуць пераасэнсоўваць іх, і сакральнай каштоўнасьцю стане кожны чалавек.

Сяргей Шабохін — мастак, куратар, крытык, публіцыст, галоўны рэдактар парталу KALEKTAR. Нарадзіўся ў Наваполацку ў 1984, вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў. Выстаўляецца ў Беларусі, Украіне, Лiтве, Польшчы, Швэцыі, Нямеччыне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG