Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін хоча «інтэграваць» Данбас з Расеяй — Bloomberg


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін мае намер аддзяліць Данбас ад Украіны за кошт паступовай інтэграцыі з Расеяй.

Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на дэпутата Дзярждумы Канстанціна Затуліна, дарадцу Пуціна па Ўкраіне Аляксея Часнакова і высокапастаўленую афіцыйную асобу ў расейскіх уладах, якая пажадала застацца ананімнай.

Паводле гэтых крыніц, у пляны Расеі не ўваходзіць ні афіцыйнае прызнаньне самаабвешчаных рэспублік на Данбасе, ні анэксія гэтых тэрыторый.

Bloomberg адзначае, што Пуцін карыстаецца нявызначанасьцю пазыцыі ЗША адносна праблемаў Украіны і такім чынам зводзіць да нуля надзеі на выкананьне Мінскіх пагадненьняў адносна канфлікту ва Ўкраіне ды на хуткую адмену санкцый супраць Расеі.

«Зроблены наступны крок да аддзяленьня Данбасу — у гэтым няма ніякіх сумненьняў», — Bloomberg цытуе дэпутата Дзярждумы ад «Адзінай Расеі» Канстанціна Затуліна.

Расея дзейнічае паступова, выкарыстоўваючы ў тым ліку эканамічную блякаду з боку ўкраінскіх актывістаў, а таксама выбудоўваючы ключавыя эканамічныя сувязі з самаабвешчанымі рэспублікі, піша агенцтва.

Тым часам прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Расея не зьбіраецца інтэграваць у свой склад самаабвешчаныя «ДНР» і «ЛНР».

«Само пытаньне крыху абсурднае, таму што на працягу многіх гадоў і прэзыдэнт Пуцін, і расейскія прадстаўнікі на самых розных узроўнях гавораць, што Масква не спрабуе інтэграваць у Расейскую Фэдэрацыю непрызнаныя рэспублікі Данбасу — ДНР і ЛНР», — сказаў ён журналістам, камэнтуючы паведамленьні СМІ аб тым, што Масква не хоча далучаць ДНР і ЛНР да сябе і прызнаваць іх у якасьці асобных дзяржаў, але хоча аддзяліць іх ад Украіны.

У сувязі з гэтым Пяскоў назваў падобныя публікацыі «наіўнымі» і «досыць прымітыўнымі».

XS
SM
MD
LG