Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «У СМІ зьяўляюцца выдумкі, што мы зноў на каленях нешта просім у Расеі»


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасьць расейскімі СМІ, у якіх зьяўляюцца «рознага роду выдумкі».

Падчас сустрэчы з губэрнатарам Ніжагародзкай вобласьці Расеі Валерыем Шанцавым кіраўнік Беларусі заявіў, што расейскія СМІ пэрыядычна крытыкуюць беларуска-расейскія дачыненьні. Нават нягледзячы на ягоныя «канструктыўныя» перамовы з Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу.

«Пачынаюць у СМІ зьяўляцца рознага роду выдумкі, хто каго там падмануў, што мы зноў на каленях нешта просім у Расеі і так далей. Мы ні перад кім ніколі не стаялі на каленях. Вы гэта добра ведаеце, мы з вамі не адзін дзясятак гадоў знаёмыя. Асобным пісакам і тым, што ў тэлеэкранах, хачу сказаць, што ў вырабах Беларусі (трактарах, аўтамабілях, усёй машынабудаўнічай ці хімічнай галіне) ад 30% да 90% камплектных частак, сыравіны і матэрыялаў з Расеі», — цытуе прэзыдэнцкая прэс-служба Лукашэнку.

Паводле кіраўніка Беларусі, эканомікі дзьвюх дзяржаў засталіся ўзаемазьвязанымі.

«Сёньня на прадпрыемствах Расеі, якія працуюь на фінішную вытворчасьць у Беларусі (вырабляюць камплектныя часткі, матэрыялы ды іншае), працуе больш за 10 млн чалавек. Дапамагаючы фінішнай вытворчасьці, падтрымліваючы, каб яна не абвалілася, мы дапамагаем мінімум 10 млн (а то і 15 млн) — тым людзям, якія і працуюць у Расеі. Зразумела, што калі ёсьць праблема ў Расеі, яна будзе і ў Беларусі, ды і ў іншых рэспубліках, завязаных на Расею. Але так, як Беларусь, ніводная рэспубліка не зьвязана са сфэрай эканомікі Расейскай Фэдэрацыі».

Што да крэдытаў, якія выдаюцца для Беларусі, Аляксандар Лукашэнка адзначыў:

«Мы плацім пад 4,5-6% гадавых. Прытым спраўна заўсёды абслугоўвалі іх. Амэрыканцы вам плацяць 0,5%. Усе краіны атрымліваюць пэўныя крэдыты або ад міжнародных арганізацый, або ад дзяржаў. Расея ў нас у гэтых пытаньнях не займае першага месца, на ім Кітайская Народная Рэспубліка. Яна дала нам крэдытную лінію парадку 15 млрд даляраў пад праекты, якія рэалізуюцца ў Беларусі, мы яе да гэтага часу ня выбралі. Самае галоўнае, яны нас не папракаюць у тым, што дапамагаюць нам».

Лукашэнка падкрэсьліў, што расейскае кіраўніцтва стратэгічна падыходзіць да стасункаў зь Беларусьсю, і гэта не гульня ў адны вароты.

«Гэта сапраўды кампраміс, які быў дасягнуты. Не, трэба лыжку дзёгцю кінуць у бочку мёду. Вось гэтым асобныя і займаюцца», — сказаў беларускі кіраўнік.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG