Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: разгляд у судзе ААН справы «Ўкраіна супраць Расеі» не перашкаджае менскаму працэсу


Разгляд патрабаваньняў Украіны прыняць часовыя меры супраць Расеі ў Міжнародным судзе. Гаага, 19 траўня 2017 году
Разгляд патрабаваньняў Украіны прыняць часовыя меры супраць Расеі ў Міжнародным судзе. Гаага, 19 траўня 2017 году

Намесьніца міністра замежных спраў Украіны Алена Зяркаль пазытыўна ацэньвае рашэньне Міжнароднага суду ААН у справе пра парушэньні Расеяй шэрагу міжнародных канвэнцый, якія тычацца дыскрымінацыі паводле нацыянальнай прыкметы.

«Нашы асьцярогі былі зьвязаныя з тым, ці вызначыць суд гэтую справу сваёю юрысдыкцыяю. Суд гэта вызначыў, ён прызнаў наяўнасьць парушэньняў (Расеяю) і тое, што наяўнасьць гэтай спрэчкі ніяк не перашкаджае менскаму працэсу», — заявіла Алена Зяркаль пасьля пасяджэньня Міжнароднага суду ААН.

Намесьніца міністра замежных спраў Украіны перакананая, што ўчорашняе рашэньне суду ААН ёсьць станоўчым, асабліва ўлічваючы, што Расея прасіла суд не прымаць справу да разгляду.

Намесьніца міністра замежных спраў Украіны Алена Зяркаль
Намесьніца міністра замежных спраў Украіны Алена Зяркаль

«Таму для нас гэта сапраўды перамога. Гэта азначае, што мы выходзім на наступную стадыю — разгляд справы па сутнасьці. У траўні на сустрэчы бакоў будзе вызначаны каляндар разгляду гэтай справы», — дадала яна.

Міжнародны суд ААН пагадзіўся на ўвядзеньне захадаў у межах пазову «Ўкраіна супраць Расеі» для абароны нацыянальных меншасьцяў у Крыме. У прыватнасьці, суд абавязаў Расею ўтрымацца ад абмежаваньняў у дачыненьні да крымскіх татараў на прадстаўніцтва сваіх інтарэсаў, уключаючы аднаўленьне дзейнасьці Мэджлісу, і забясьпечыць аднаўленьне адукацыі на ўкраінскай мове.

У той жа час суд палічыў недастатковымі доказы Ўкраіны пра фінансаваньне Расеяю тэрарызму на Данбасе.

У студзені Ўкраіна падала пазоў у Міжнародны суд супраць Расеі пра парушэньне ёю Міжнароднай канвэнцыі аб барацьбе зь фінансаваньнем тэрарызму і Міжнароднай канвэнцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі. У пачатку сакавіка ў Міжнародным судзе ААН, вышэйшым судовым органе ў сыстэме ААН, завяршыліся публічныя слуханьні, якія тычацца першага этапу разгляду пазову, а менавіта вырашэньня пытаньня, ці прымяніць часовыя захады, пра якія ў суду просіць Украіна.

Украіна, сярод іншага, просіць суд дамагчыся ад Расеі неадкладна спыніць матэрыяльную ды іншую падтрымку «групаў, якія зьвярталіся да актаў тэрарызму супраць цывільных ва Ўкраіне» і аказаць ціск на такія групы, каб яны ў далейшым не рабілі такіх актаў, а таксама ўстрымацца ад дыскрымінацыі ў Крыме, у прыватнасьці спыніць дзеяньне забароны Мэджлісу крымска-татарскага народу і ягонай дзейнасьці і расьсьледаваць зьнікненьне крымскіх татараў.

Пасьля расейскай анэксіі Крыму на Данбасе працягваецца ўзброены канфлікт, у выніку якога загінулі, паводле зьвестак ААН, амаль 10 000 чалавек. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў. Крэмль абвяргае гэтыя абвінавачваньні і заяўляе, што на Данбасе могуць знаходзіцца хіба што расейскія «добраахвотнікі». Расея таксама сьцьвярджае пра «законнасьць» захопу Крыму насуперак міжнароднаму праву як «аднаўленьне справядлівасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG