Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд ААН прызнаў факты непапраўнай шкоды нацыянальным меншасьцям у анэксаваным Крыме


Паседжаньне Міжнароднага суду ААН у Гаазе (архіўнае фота).
Паседжаньне Міжнароднага суду ААН у Гаазе (архіўнае фота).

Міжнародны суд ААН пагадзіўся на ўвядзеньне часовых мер па пазове «Ўкраіна супраць Расеі» для абароны нацыянальных меншасьцяў у анэксаваным Крыме. У прыватнасьці, суд пастанавіў, што ёсьць факты непапраўнай шкоды, нанесенай правам украінцаў і крымскіх татараў на паўвостраве.

Пра гэта паведаміў 19 красавіка на адкрытых слуханьнях у Гаазе старшыня суду Роні Абрагам. Акрамя таго, суд абавязаў Расею да вынясеньня канчатковага рашэньня спыніць уціск правоў крымскататарскага народу на прадстаўніцтва іх інтарэсаў, у тым ліку шляхам дзейнасьці Мэджлісу, а таксама забясьпечыць наяўнасьць на анэксаваным паўвостраве адукацыі на ўкраінскай мове.

Паводле лідэра крымскататарскага народу, дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Мустафы Джамілева, рашэньне Міжнароднага суду ААН мае вялікае маральнае значэньне для крымскіх татараў. Разам з тым, ён выказаў сумнеў у тым, што Расея падпарадкуецца патрабаваньням суду.

У сваім пазове Ўкраіна абвінаваціла Расію ў парушэньні дзьвюх міжнародных канвэнцый — аб барацьбе з фінансаваньнем тэрарызму і аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі.

Уведзеныя судом меры тычацца толькі адной часткі пазову — зьвязанай з канвэнцыяй аб расавай дыскрымінацыі. Адначасова суд адмовіўся ўводзіць любыя абмежавальныя меры ў сувязі з абвінавачваньнямі, якія тычацца канвэнцыі аб барацьбе з фінансаваньнем тэрарызму: у рашэньні гаворыцца, што на гэтым этапе Ўкраіна не змагла даць дастатковых аргумэнтаў для гэтага.

У той жа час суд прызнаў сваю юрысдыкцыю ў дачыненьні да магчымага парушэньня абедзьвюх канвэнцый, паведамляе Бі-бі-сі.

Рашэньне суду не зьяўляецца канчатковым: экспэрты мяркуюць, што фінальны вэрдыкт прагучыць у Гаазе не раней чым празь некалькі гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG