Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі падрыхтаваны альтэрнатыўны праект закону «Аб свабодзе мірных сходаў»


Паседжаньне «Прэс-клюбу»

Пра гэта паведамілі беларускія праваабаронцы на паседжаньні «Прэс-клюбу» з удзелам міжнародных экспэртаў з АБСЭ, Малдовы, Украіны, Польшчы. Асноўная навацыя — замена дазваляльнага прынцыпу правядзеньня сходаў на паведамляльны.

Зьміцер Салаўёў з праваабарончага цэнтру «Вясна» сказаў, што распрацавалі альтэрнатыўны дакумэнт маладыя юрысты, пазьней да працы далучыліся экспэрты. І гэта ўжо пятая вэрсія законапраекту.

Распрацоўшчыкі кіраваліся рэкамэндацыямі і міжнароднымі стандартамі АБСЭ і станоўчым досьведам суседніх краін. Усяго ў праекце Закону аб свабодзе мірных сходаў 25 артыкулаў. Да прыкладу, у 9 артыкуле падрабязна расьпісаная працэдура паведамленьня. Мясцовыя выканкамы рэгіструюць папярэдняе паведамленьне і даюць арганізатару завераную копію зь пячаткай. Прапісаныя і выключэньні, абмежаваньні, абавязкі арганізатараў, паводзіны праваахоўных органаў.

Зьміцер Салаўёў
Зьміцер Салаўёў

Артыкулам 23 гарантуецца неўмяшаньне дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, а таксама грамадзян у правядзеньне сходаў.

Пасьля кароткай прэзэнтацыі законапраекту адбылося яго абмеркаваньне.

Зрэшты, у прадстаўнікоў АБСЭ, Украіны і Польшчы мала надзеі на тое, што альтэрнатыўны закон аб свабодзе мірных сходаў у Беларусі будзе прыняты.

«Улады будуць блякаваць новы закон да апошняга»

Украінска-беларускі экспэрт Уладзімер Яворскі наагул лічыць, што шанцаў на прыняцьце альтэрнатыўнага закону аб свабодзе сходаў няма:

Уладзімер Яворскі
Уладзімер Яворскі

«Свабода слова і свабода сходаў — гэта дзьве ключавыя свабоды, на ўціску якіх трымаюцца недэмакратычныя ўлады, таму што данясеньне праўдзівай інфармацыі да неабмежаванай колькасьці людзей для іх небясьпечна. На сёньняшні дзень каналы інфармацыі ў Беларусі заблякаваныя, і ўлады будуць блякаваць іх да апошняга.

Але, я думаю, улада ў пэўны момант будзе абмяркоўваць, да прыкладу, ліквідацыю працэдуры дазволу — замену яе на паведамленьне. Але яна будзе закладаць у гэтую працэдуру паведамленьня свае бюракратычныя перашкоды.

У праекце закону ёсьць пазытыўныя моманты. Да прыкладу, правядзеньне сходу колькасьцю да 50 чалавек не патрабуе ніякага дазволу ці паведамленьня. 50 чалавек — даволі вялікая колькасьць людзей, і гэта ўжо прарыў. Гэтай адной нормы дастаткова, каб у корані зьмяніць усю сыстэму.

Але ў праекце ёсьць вельмі шмат агульных фраз, якія дазволяць уладам калі не забараніць сход яшчэ да пачатку, то падчас сходу прадстаўнікі праваахоўных органаў пры наяўнасьці некалькі правакатараў змогуць спыніць сход, „запакаваць“ усіх, як гэта робіцца ў Беларусі цяпер».

На думку экспэртаў, у праекце не зусім дакладна прапісаныя некаторыя рэчы, тэрміны. Да прыкладу, пры падачы некалькіх паведамленьняў на правядзеньне сходаў у адзін час і ў адным месцы перавага аддаецца таму, хто першы падаў заяўку. Экспэрты пажартавалі: БРСМ заўсёды будзе першым.

Прадстаўнік АБСЭ Сяргей Астаф
Прадстаўнік АБСЭ Сяргей Астаф

У законе наагул не павінна быць слова «паслуга» — дзяржава і так павінна прадстаўляць ахову, аказваць мэдычную дапамогу бясплатна, падкрэсьліў прадстаўнік АБСЭ Сяргей Астаф.

5 міжнародных стандартаў свабоды сходаў

Сяргей Астаф нагадаў 5 асноўных міжнародных стандартаў, якія павінны ўлічвацца ў падобных дакумэнтах:

1. Паведамляльны прынцып, а не дазваляльны.

2. Дзяржава павінна прадстаўляць паслугі, а не выстаўляць рахункі.

3. Павінна быць дакладна прапісана, у якіх выпадках, пры якіх абставінах можна забараняць або прыпыняць мірныя сходы.

4. Калі дзяржава хоча забараніць сход, трэба праходзіць судовую інстанцыю, а не адміністрацыйную.

5. Адказнасьць павінна быць індывідуальная, а не калектыўная. Арганізатараў нельга прыцягваць да адказнасьці за паводзіны трэціх асобаў.

Беларускі палітоляг Юрась Чавусаў заўважыў, што ў Беларусі ніводзін з гэтых пунктаў не выконваецца.

Ва Ўкраіне Канстытуцыя гарантуе свабоду мірных сходаў

Экспэрт Міхась Камянёў сказаў, што ва Ўкраіне менавіта ў Канстытуцыі замацаваны паведамляльны парадак правядзеньня сходаў і выключна судовы (а не адміністрацыйны) парадак забароны сходаў. І каля 50% пазоваў аб забароне ў судах задавальняюцца (у мінулым годзе было 18 пазоваў, 8 зь іх задаволеныя).

Міхась Камянёў
Міхась Камянёў

Яшчэ адзін украінскі экспэрт Міхаіл Лыбедзь, дадаў, што судзьдзі цяпер баяцца забараняць сходы, аддаючы ўсё на водкуп паліцыі.

Былі спробы прыняць адмысловы закон аб свабодзе сходаў, але пакуль безвынікова. Але праблемы ёсьць — у асноўным з паліцыяй: няма ўнутранай інструкцыі, як яна павінна дзейнічаць.

Міхаіл Лыбедзь
Міхаіл Лыбедзь

У Польшчы з 2 красавіка дзейнічае новы закон аб свабодзе сходаў

Прадстаўніца Хэльсынскага фонду па правах чалавека Польшчы Вольга Саламатава сказала, што ў Польшчы таксама кіруюцца Канстытуцыяй.

Яна адзначыла вельмі важную ролю праваахоўных органаў пры правядзеньні сходаў. І ў апошнія 20 гадоў гэтая роля звужалася.

Вольга Саламатава
Вольга Саламатава

«Павінна быць не абарона, а ахова сходаў, каб яны адбываліся ў спакойнай абстаноўцы. Хоць людзі могуць паводзіць сябе даволі эмацыйна: махаць рукамі, крычаць.

Але ў Польшчы — канстытуцыйны крызіс. І цяпер ідзе праца над зьменамі ў сфэры свабоды сходаў, і ёсьць тэндэнцыі да звужэньня свабоды. Да прыкладу, цяпер вядзецца дыскусія вакол закрытых твараў на сходах. Але гэтая папраўка ў закон не прайшла. Так што ня ўсё так кепска», — падсумавала Вольга Саламатава.

Польскі гісторык, памочніца дэпутата апазыцыйнай партыі Катажына Хімяк расказала, што ў Польшчы ўступіў у сілу новы закон аб свабодзе сходаў, гэта адбылося 2 красавіка 2017 году — два тыдні таму. І новы закон супярэчыць Канстытуцыі — паводле ацэнак і амбудсмэна, і міжнародных экспэртаў. На думку Катажыны Хімяк, папярэдні закон быў больш лагодны, гарантаваў свабоду сходаў.

Катажына Хімяк
Катажына Хімяк

XS
SM
MD
LG