Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзярждуме Расеі прайшлі слуханьні аб працы амэрыканскіх СМІ


Кіраўнік камітэту Дзярждумы па інфармацыйнай палітыцы Леанід Левін
Кіраўнік камітэту Дзярждумы па інфармацыйнай палітыцы Леанід Левін

У Дзяржаўнай Думе Расеі лічаць расейскія службы мэдыякарпарацыі Радыё Свабода і «Голас Амэрыкі», а таксама тэлекампанію CNN «праваднікамі ціску ЗША на сытуацыю ў Расеі».

Як паведамляе з расейскага парлямэнту карэспандэнт Свабоды, кіраўнік камітэту Дзярждумы па інфармацыйнай палітыцы, інфармацыйных тэхналёгіях і сувязі Леанід Левін заявіў 19 красавіка, што амэрыканскія СМІ зьяўляюцца часткай «маштабнай сыстэмы ціску Вашынгтону», якая нібыта ўключае ў сябе «розныя фонды, некамэрцыйныя арганізацыі, гранты і многае іншае».

Як паведамляе «Інтэрфакс», прынята рашэньне абмежавацца абмеркаваньнем названай праблемы на пасяджэньні камітэту з удзелам экспэртаў.

17 сакавіка Дзярждума даручыла камітэту па інфармацыйнай палітыцы арганізаваць праверку дзейнасьці расейскіх службаў Радыё Свабода, «Голасу Амэрыкі» і CNN на адпаведнасьць расейскаму заканадаўству. Аўтар гэтай ініцыятывы — дэпутат ад партыі «Адзіная Расея» Канстанцін Затулін — назваў яе адказам на унесены ў Кангрэс ЗША законапраект, які прадстаўляе міністэрству юстыцыі дадатковыя паўнамоцтвы для праверкі расейскага тэлеканалу RT (Russia Today) на адпаведнасьць з амэрыканскімі законамі. Сэнатар ад Дэмакратычнай партыі Джын Шагін, якая прапанавала законапраект, раней заявіла, што RT каардынуе сваю дзейнасьць з расейскім урадам для распаўсюджваньня ілжывай інфармацыі.

Мэдыякарпарацыя Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ставіць сваёй задачай распаўсюджваньне каштоўнасьцяў дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці, зьвяртаючыся да аўдыторыі тых краінаў, у якіх свабода прэсы альбо забароненая, або абмежаваная ўладамі, альбо пакуль ня стала нормай жыцьця грамадзтва. Маскоўскае бюро Свабоды працуе ў Маскве з 1991 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG