Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе аб карупцыі затрыманы прадстаўнік Белкаапсаюзу


Ілюстрацыйнае фота

Першы намесьнік старшыні Белкаапсаюзу Дзьмітры Баранаў затрыманы праваахоўнымі органамі ў Менску.

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова паведаміла парталу TUT.BY, што адзін з кіраўнікоў Белкаапсаюзу прыцягнуты Сьледчым камітэтам у якасьці падазраванага «у рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы аб карупцыі». Праводзіцца расьсьледаваньне. Гаворка ідзе пра артыкул 430 КК («Атрыманьне хабару»).

У 2015 годзе экс-кіраўнік Белкаапсаюзу Сяргей Сідзько атрымаў 12 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Яму было прад’яўлена абвінавачаньне ў атрыманьні хабару і злоўжываньні ўладай.

23 лiпеня 2013 году КДБ паведаміў, што выяўлена і спынена супрацьпраўная дзейнасьць групы асобаў зь ліку кіраўнікоў, супрацоўнікаў Белкаапсаюзу і прадстаўнікоў камэрцыйных структураў. Гэтыя асобы, паводле КДБ, займаліся вымаганьнем за прадастаўленьне аб’ёмаў работ на аб’ектах спажыўкаапэрацыі, а таксама за продаж інвэстарам зямельных участкаў і аб’ектаў нерухомасьці. Памеры хабару дасягалі 500 тысяч даляраў ЗША.

Сёлета гэта ня першая карупцыйная справа ў Беларусі. 11 красавіка КДБ паведаміў пра затрыманьне групы службовых асобаў на чале з начальнікам галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргеем Барысевічам. Пад варту зьмешчана 10 чалавек.

Паведамляецца, што спынена «маштабная супрацьпраўная дзейнасьць групы службовых асобаў».

XS
SM
MD
LG