Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто тэрарысты ў Беларусі, будзе вызначаць Вярхоўны Суд з падачы КДБ


Ілюстрацыйнае фота. Будынак КДБ Беларусі
Ілюстрацыйнае фота. Будынак КДБ Беларусі

Палата прадстаўнікоў у 1-м чытаньні прыняла зьмены і дапаўненьні ў законы Рэспублікі Беларусь у пытаньнях барацьбы з тэрарызмам.

Гэтымі папраўкамі вызначаецца мэханізм прызнаньня арганізацыі тэрарыстычнай. З такой ініцыятывай можа выходзіць толькі Камітэт дзяржаўнай бясьпекі ў Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, якая, калі палічыць доказы КДБ абгрунтаванымі, перадае дакумэнты ў Вярхоўны Суд краіны. Менавіта ён і прымае рашэньне назваць тую ці іншую арганізацыю тэрарыстычнай.

Першы намесьнік старшыні КДБ Беларусі Ігар Сяргеенка таксама сказаў, што ў новай рэдакцыі закону зьявіцца такое паняцьце, як крытычна важны аб’ект.

Маюцца на ўвазе аб’екты, спыненьне дзейнасьці якіх можа выклікаць дэстабілізацыю грамадзкага парадку. Паводле першага намесьніка старшыні КДБ, у краіне ўжо вызначана 856 такіх аб’ектаў.

Акрамя таго, закон прадугледжвае, што памежная служба Беларусі цяпер будзе афіцыйна дапамагаць мытнікам перашкаджаць перасячэньню дзяржаўнай мяжы тэрарыстам і перавозцы зброі. Акрамя таго, законапраектам прадугледжана, што фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці цяпер будзе ўключаць і фінансаваньне праезду фізычных асобаў да месца іхнага навучаньня для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасьці.

Апошняя зьмена ў закон дае права службе бясьпекі прэзыдэнта Беларусі ствараць апэратыўны штаб дзеля прадухіленьня тэрарыстычных актаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG