Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над актывісткай, якая правяла ноч у ізалятары «за няправільны пераход дарогі», перанесьлі на 19 красавіка


Натальля Папкова

Суд над Натальляй Папковай у Ленінскім судзе Берасьця перанесьлі на 19 красавіка. Актывістку аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і «Маладой Беларусі» судзяць за пераход дарогі ў нявызначаным месцы і непадпарадкаваньне міліцыянтам.

Судзьдзя Міранюк задаволіў хадайніцтва Натальлі Папковай, якая прасіла даць час, каб заключыць дамову з адвакатам, і перанёс паседжаньне на 16 гадзіну 19 красавіка.

Натальля сказала Свабодзе, што яе затрымалі за пераход дарогі ў нявызначаным месцы:

«Абвінавачваюць у няправільным пераходзе дарогі і непадпарадкаваньні міліцыянтам. Гэта было ўчора пасьля 17 гадзіны, я ішла з чыгуначнага вакзалу, і так атрымалася — перайшла дарогу ня ў тым месцы. Толькі перайшла, абкружылі супрацоўнікі Ленінскага РАУС, прычым не ДАІшнікі, а звычайныя міліцыянты. Не выключаю, што яны ўжо за мной усюды ходзяць. Запатрабавалі паехаць зь імі ў Ленінскі РАУС, я адмаўлялася, запхнулі ў машыну і павезьлі. У міліцыі склалі пратакол затрыманьня наконт таго, што перайшла дарогу ў нявызначаным месцы, потым зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дадаўшы, што будзе яшчэ адзін пратакол за непадпарадкаваньне», — кажа актывістка.

Ноч Натальля Папкова правяла ў ізалятары, сёньня яе даставілі ў суд, але паседжаньне пачалося толькі падвечар. Да заўтрашняга суду яе вызвалілі.

У пэрыяд акцыяў «недармаедаў» Натальля Папкова адбывала суткавыя арышты, яе штрафавалі і нават зьмяшчалі ў псыхіятрычную лякарню.

XS
SM
MD
LG