Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адхіліў пазоў да «Аэрафлоту» аб памеры адзеньня і вазе стуардэс


Суд у Маскве адхіліў пазоў бортправадніцы «Аэрафлоту» Ірыны Ерусалімскай, якая патрабавала ад авіякампаніі адмяніць пункт патрабаваньняў да чальцоў экіпажу, які вызначае іх дапушчальныя вагу, рост і памер адзеньня. Пра гэта паведамляе «Медиазона».

Пазоўнік настойвае, што патрабаваньні да супрацоўнікаў, якія працуюць на борце самалёта, дыскрымінуюць многіх стуардэс. Прадстаўнік перавозчыка ў судзе заявіў, што абмежаваньні абумоўлены толькі меркаваньнямі бясьпекі. Паводле яго, прастора ў салёне абмежаваная, і бортправаднік з «падвышанымі габарытамі цела» ня зможа па ім хутка перамяшчацца.

Апытаньне, праведзенае «Аэрафлотам», паказала, што кліенты кампаніі хацелі б бачыць на борце «маладых, моцных і прывабных» стуардэс, дадаў адказчык.

Адвакат Ірыны Ерусалімскай заявіў, што рашэньне суду будзе абскарджана.

У канцы лютага Радыё Свабода апублікавала інтэрвію з бортправадніцай Яўгеніяй Магурыной, якая працуе ў «Аэрафлоце» ад 2010 году. Яна распавяла, што пачынаючы з лета 2016 году ўсіх стуардэс старэйшых за 40 гадоў і з памерам адзеньня большым за 48-ы перасталі ставіць на замежныя рэйсы. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі і іншыя бортправадніцы. У «Аэрафлоце» адмаўляюць дыскрымінацыю супрацоўнікаў па зьнешнім выглядзе і ўзросьце.

Яўгенія Магурына і Ірына Ерусалімская зьвярнуліся ў суд з патрабаваньнем вярнуць ім надбаўкі па заробках і кампэнсаваць маральную шкоду.

XS
SM
MD
LG