Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістаў «Белсату» зноў будуць судзіць: Меркіса за стрым, Любенчука за лаянку


Гомельскі журналіст Яўген Меркіс, які робіць трансьляцыі для тэлеканалу «Белсат», чакае чарговага суду над сабой за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ», піша ён на Facebook.

Яўген Меркіс (зь мікрафонам) падчас акцыі ў Пінску
Яўген Меркіс (зь мікрафонам) падчас акцыі ў Пінску

Судзіць за стрым з акцыі «недармаедаў» у Пінску і інтэрвію з дэпутатам Ігарам Марзалюком у Магілёве Меркіса будуць 19 красавіка ў судзе Савецкага раёну Гомелю — там жа, дзе яго ўжо штрафавалі на 30 базавых велічыняў (690 рублёў) за стрым з акцыі «недармаедаў» у Рагачове.

Таксама 19 красавіка будуць судзіць у Першамайскім судзе Менску апэратара «Белсату» Алеся Любенчука: пасьля затрыманьня ў час ператрусу ў офісах «Белсату» ён нібыта нецэнзурна лаяўся ў аддзяленьні міліцыі.

Падчас затрыманьня Алеся Любенчука
Падчас затрыманьня Алеся Любенчука

Тым часам сума штрафаў журналістцы «Белсату» Ларысе Шчыраковай наблізілася да 2 тысяч даляраў. Апэратар «Белсату» Аляксандар Баразенка адбыў 15 сутак арышту нібыта за нецэнзурную лаянку ў час акцыі на Дзень Волі (скаргу аб тым, што адзінымі яго словамі былі «я журналіст», не задаволілі), у час зьняволеньня ён трымаў галадоўку.

XS
SM
MD
LG